Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора актывісткі руху Femen зладзілі падчас Гановэрскага прамысловага кірмашу акцыю супраць расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

У той момант, калі Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель стаялі каля стэнду кампаніі Volkswagen, некалькі дзяўчат прарваліся за агароджу, распрануліся па пояс і сталі выкрыкваць нецэнзурныя лёзунгі па-ангельску. Непрыстойныя фразы былі напісаныя і на іх целах. Фотаздымак адной зь іх – украінкі Аляксандры Шаўчэнкі – абышоў СМІ усяго сьвету. Пра ўчорашнюю акцыю зь ёй гутарыў наш калега, супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары.

РС: Што вам Пуцін так даўся? Чаму вы ладзіце акцыі супраць яго?

Шаўчэнка: Мяркую, што Пуцін ня толькі нам даўся. Ён даўся ўсёй плянэце. Ён пасьпеў нагадзіць ня толькі сваім расейскім грамадзянам, але і ўсяму сьвету. Таму калі ты чалавек у здаровым розуме, які не баіцца выказваць сваё дэмакратычнае меркаваньне, то гэта твой доўг – прыйсьці і выказаць яму гэта ў твар. Зьдзіўляе вашае пытаньне, бо пра гэта гаворыць увесь сьвет, у газэтах і па радыё абмяркоўваюцца прэтэнзіі да Пуціна. Мы проста ляканічна выказалі тое, чаго хоча ўвесь сьвет – каб Пуцін сышоў. І лепш туды, куды мы яго паслалі.

РС: Нямецкія паліцэйскія абыходзіліся з вамі даволі жорстка. Ніхто не пацярпеў з вас ці вашых сябровак?

Шаўчэнка: Жорстка з намі абыходзіліся не нямецкія паліцэйскія, а ахова Пуціна. Нямецкія паліцэйскія нас акуратненька пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў пастарунак.

РС: Як вы здолелі падысьці так блізка да кіраўнікоў дзьвюх краінаў?

Шаўчэнка: Мы сэкстрэмісткі і мы знаходзім гэтыя шляхі. Тлумачыць усе падрабязнасьці ня ў нашых правілах і ня ў нашых інтарэсах.

РС: Вы пасьпелі заўважыць выраз твару Пуціна?

Шаўчэнка: Так, зразумела. Я глядзела яму ў вочы. Ён быў вельмі зьдзіўлены і, відаць, шакаваны тым, што ў яго ахове знайшлася дзірка і мы гэтую дзірку знайшлі і празь яе прарваліся. Гэта было дурнаватае зьдзіўленьне, зьмяшанае з усьмешкай.

РС: Вы пасьпелі павярнуцца да прэзыдэнта сьпінай ці толькі тварам да яго стаялі?

Шаўчэнка: У мяне на грудзях было напісана Fuck dictator, ён у нас чалавек адукаваны, так што мог зразумець і па-ангельску.

Аляксандра Шаўчэнка

Аляксандра Шаўчэнка

РС: Супраць вас і вашых паплечніц распачалі крымінальную справу. Як гэта адбывалася?

Шаўчэнка: Так, справу распачалі. Зараз мы чакаем рашэньня пракурора, які вырашае – перадаць справу ў суд ці закрыць яе.

РС: Ці маглі б вы больш распавесьці пра іншых удзельніц акцыі?

Шаўчэнка: Там былі дзьве ўкраінкі – я і Аксана Шачко. Адна актывістка – гэта грамадзянка Расеі Ірына Ханава і дзьве грамадзянкі Нямеччыне. Дзякуй нямецкаму друку, які піша пра нас аб'ектыўна, ня так, як гэта робіць расейскі ці ўкраінскі друк. Дзякуючы нармальнаму асьвятленьню ў нас сталі зьяўляцца нямецкія, францускія, бразыльскія актывісткі. Ёсьць арганізацыі Фэмэн-Бэльгія, Фэмэн-Канада, ёсьць некалькі актывістак у ЗША, у Вялікабрытаніі, ў Тунісе.

РС: У штаб-кватэры вашай арганізацыі ўвесь час праблемы з украінскімі ўладамі. Якая там сытуацыя?

Шаўчэнка: Супраць нашай арганізацыі распачата 10 ці 11 крымінальных справаў, мы зь ліку зьбіліся. Ёсьць справа і супраць мяне. Ганна Гуцал пэрсона нон грата ў Расеі. У нас было некалькі судоў летам, справы былі закрытыя, але пракуратура ізноў справы распачынала. Пакуль ідзе такі працэс запалохваньня і спробы ўзяць пад кантроль актывістак. Але нас не запалохаць і мы працягваем нашу дзейнасьць.

РС: Як вы мяркуеце, чым завершыцца гэтая нямецкая гісторыя?

Шаўчэнка: Спадзеў на нямецкую паліцыю, якая будзе вырашаць, заходзячы з нямецкіх прынцыпаў дэмакратыі і права, а не са страху перад Крамлём. Паддавацца страху, бегчы зь Нямеччыны, недзе хавацца мы не зьбіраемся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG