Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча пачула пра справу Стшэлец запозна


Тэрэса Стшэлец

Тэрэса Стшэлец

Міністэрства замежных справаў Польшчы кажа, што пра справу польскай грамадзянкі Тэрэсы Стшэлец, якая ня можа выехаць зь Беларусі, даведалася запозна, амаль год пасьля таго, як яна пачалася.

Тэрэса Стшэлец – якая цяпер знаходзіцца ў консульстве Польшчы ў Берасьці, дзе аб’явіла галадоўку – ня можа пакінуць Беларусі, не заплаціўшы мыта за джып, якім яна ўехала ў Беларусь у красавіку 2012. Спадарыня Стшэлец адмаўляецца плаціць мыта, сьцьвярджаючы, што сваёй аўтамашыны яна нікому не прадавала, а толькі пакінула на рамонт.

Прэсавы прадстаўнік МЗС Марцін Басацкі паведаміў польскім СМІ, што інфармацыю пра праблемы Тэрысы Стшэлец ягонае ведамства атрымала толькі 6 сакавіка сёлета, калі ўлады Беларусі анулявалі яе візу і забаранілі ёй пакідаць Беларусь без заплачанага мыта. «Калі б мы ведалі пра гэтую справу раней, дык напэўна парэкамэндавалі спадарыні Стшэлец ня ехаць у Беларусь яшчэ раз», – дадаў Басацкі.

Басацкі нагадаў, што польскім консульскім працаўнікам у Беларусі было раней вядома пра праблемы і палякаў, і замежнікаў у Беларусі, якія трапілі ў падобнае становішча. «Польскія консулы ў Беларусі некалькі разоў пасьпяхова дапамагалі палякам у такой сытуацыі, як спадарыня Стшэлец. Але тады яны даведваліся пра справу значна раней», – адзначыў Басацкі.

Басацкі сказаў, што МЗС у Варшаве робіць у справе Тэрэсы Стшэлец захады «дыпляматычнага характару», заклікаючы ўлады Беларусі закончыць усю справу «гуманітарным чынам».

Тым часам муж Тэрэсы Стшэлец, які размаўляў зь ёй па тэлефоне, сказаў польскім журналістам, што жанчыне ў Берасьці скончыліся лякарствы, якія яна прымае ў сувязі з сур’ёзнай апэрацыяй на падстраўнікавай залозе.

«Яна мне сказала, што даўжэй ня вытрымае. Я ёй раіў не пачынаць галадоўку, бо яна прайшла сур’ёзную апэрацыю на падстраўнікавай залозе. Лекі ў яе ўжо скончыліся», – цытуе Яраслава Стшэльца Польскае радыё.
XS
SM
MD
LG