Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 красавіка ў Расеі быў затрыманы нібыта апошні зь беларускіх «злодзеяў у законе», які заставаўся на волі – Аляксандар Цімашэнка (мянушкі «Бор», «Цімоха Гомельскі»). Факт затрыманьня пацьвердзіла Свабодзе прэс-служба Галоўнага ўпраўленьня МУС Расеі ў Цэнтральнай фэдэральнай акрузе.

А пры канцы сакавіка ў Менску быў затрыманы «злодзей у законе» Дзьмітры Галееў (Галей). Беларуская міліцыя абвясьціла Галея ў міжнародны вышук яшчэ ў 2005-м, бо двума гадамі раней абвінаваціла яго ў вымагальніцтве ў складзе злачыннай групы.

Раней у сакавіку беларускія і расейскія праваахоўныя органы ўжо арыштавалі чатырох новакаранаваных «злодзеяў» – Алега Герасімовіча (Муму), Аляксандра Мядзьведзева (Мядзьведзік Гомельскі), Паўла Алексіевіча (Пашцет Мінскі) і Руслана Лебедзева (Лебедзь Барысаўскі).

Таксама вядома, што самы «ўплывовы» беларускі «злодзей у законе» Саша Кушнер па мянушцы «Беларус» асуджаны на два гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Кушнера затрымалі ў Маскве, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.

На нашыя пытаньні адказвае дасьледнік тэмы, карэспандэнт інтэрнэт-выданьня Навіны.бай Віктар Федаровіч.

Знаткевіч: Віктар, хто такія «злодзеі ў законе», чым яны адрозьніваюцца ад звычайнага крымінальніка?

Віктар Федаровіч

Віктар Федаровіч

Федаровіч: Ёсьць розныя трактоўкі. Нашы праваахоўнікі кажуць, што злодзей у законе – вышэйшая службовая асоба ў крымінальным сьвеце. Самі яны сябе злодзеямі ў законе не называюць, толькі выключна «злодзеі». І вось што адзін зь іх мне сказаў: «Злодзеі – гэта нашы старэйшыя браты, крыштальна чыстыя па панятках, людзі, якія жывуць і пакутуюць не для сябе і не за сябе, а ў імя агульнага, абшчака і простых асуджаных мужыкоў. Гэта белая костка злачыннага сьвету. Нават звычайны падман злодзея караецца сьмерцю. У нас няма главароў, у нас ёсьць старэйшыя сярод роўных». Гэта закрыты сьвет, але зараз ён адкрываецца, чаму я бачу прычыну – занадта шмат гэтых злодзеяў у законе разьвялося. Раней гэта ўсё старанна хавалася, але цяпер ужо афіцыйна заяўляецца, што злодзеі ў законе ў Беларусі ёсьць.

Знаткевіч: Ці сапраўды цяпер можна сказаць, што ўсе беларускія злодзеі ў законе – пад вартай?

Федаровіч: Паводле маіх зьвестак, так. Але нейкія структуры аргзлачыннасьці на волі застаюцца. Застаюцца так званыя сматрашчыя, застаюцца палажэнцы – асобы, набліжаныя да злодзеяў у законе, злодзеі «на палажэньні», яны могуць выконваць тыя ж функцыі, што і злодзеі ў законе. Я ня ведаю, колькі такіх ёсьць. Але, напрыклад, сматрашчых, што да групоўкі Аляксандра Кушнера, іх можа быць 20-30 чалавек на тэрыторыі Беларусі.

Знаткевіч: Можна сказаць, што за гады 2-3 таму злачынны сьвет Беларусі зноў падняў галаву?

Федаровіч: Парадокс сытуацыі ў тым, што ў нас цяпер ідзе рэформа МУС і, магчыма, галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй будзе рэарганізаванае ці расфармаванае, гэта значыць, ліквідаванае. А цяпер вось гэтыя хлопцы зноў зьявіліся і ў змагароў з аргзлачыннасьцю ёсьць праца. Інакш кажучы, выглядае, што злодзеі ў законе і аргзлачыннасьць больш патрэбныя канкрэтнаму падразьдзяленьню МУС. Калі ёсьць злодзеі ў законе, значыць яны камусьці патрэбныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG