Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя хрысьціянскія дэмакраты судзяцца зь Мін’юстам


9 красавіка Маладыя хрысьціянскія дэмакраты аспрэчваюць у Вярхоўным судзе адмову ў рэгістрацыі.

Мін’юст назваў некалькі прычынаў адмовы ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты»: нібыта несапраўдныя асабістыя дадзеныя заснавальнікаў, нязначныя артаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі ў статуце і адсутнасьць дакумэнтаў, які б пацьвярджалі дамову з арандатарам памяшканьня, дзе праводзіўся ўстаноўчы сход.

Старшыня аргкамітэту Партыі БХД, моладзевым крылом якой зьяўляецца МХД, Віталь Рымашэўскі лічыць, што арганізацыю не зарэгістравалі з палітычных меркаваньняў:

«Тыя абвінавачаньні, якія прад’яўляюцца Маладым хрысьціянскім дэмакратам, — юрыдычна неабгрунтаваныя, надуманыя і сьмешныя. Напрыклад, Мін’юст абвінавачвае ў граматычнай памылцы ў тэксьце заявы на рэгістрацыю. Гэта пры тым, што прадстаўнікі Мін’юсту ў лістах да арганізацыі, калі вядзецца перапіска, безьліч памылак дапускаюць і ў беларускай, і ў расейскай мове, — кажа Рымашэўскі. — Таксама варта адзначыць, што іх паводзіны на папярэдніх слуханьнях былі настолькі нахабныя і цынічныя, што гэта само па сабе кажа пра матыў адмовы ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня „Маладыя хрысьціянскія дэмакраты“. Яны ніводнага чалавека не прымусілі адмовіцца ад подпісу ў сьпісе заснавальнікаў МХД.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Таму іх адмова — проста зьдзек зь юрыдычных законаў.

Тут проста чарговы раз можна канстатаваць той факт, што ў Беларусі адсутнічае свабода дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў. А парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а ў дадзеным выпадку права грамадзянаў на свабодныя аб’яднаньні, цягне за сабой крымінальную адказнасьць, да якой трэба будзе ў будучыні прыцягваць тых людзей, якія сёньня, па сутнасьці, рэпрэсуюць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю ў Мін’юсьце 4 разы.

Маладыя хрысьціянскія дэмакраты падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ўпершыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG