Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 красавіка ў Менску разьвіталіся зь беларускім лінгвістам, які займаўся дасьледаваньнямі ў галіне кампутарнай лексыкаграфіі, прыкладной марфалёгіі і ўніфікацыі беларускага правапісу — Фёдарам Піскуновым.

Стваральнік «Вялікага слоўніка беларускай мовы» пакінуў гэты сьвет 5 красавіка пасьля цяжкай і працяглай хваробы на 64-м годзе жыцьця.

Фёдар Піскуноў быў заўзятарам роднай мовы. Ва ўсіх магчымых сэнсах гэтага слова. Не прафэсійны мовазнаўца — з адукацыі хімік, хлеб здабываў як праграміст. Апантаны лінгвіст — так ставяцца да працы толькі тады, калі ёю становіцца любімае хобі.

Родная мова зрабілася прадметам ягонай заўзятасьці ў апошнія пятнаццаць гадоў жыцьця. Задумаўшы свой першы маштабны праект — праграму праверкі артаграфіі беларускай мовы «Літара» і электронны слоўнік «Парадыгма», — ён зьвярнуўся да прафэсіяналаў. Прыгадвае доктар філялёгіі Генадзь Цыхун:

«Я спачатку думаў, што гэта проста дылетант, які спрабуе нешта зрабіць, але аказалася, што ён прафэсійна вельмі хутка засвоіў асноўныя моманты ў нашай лінгвістычнай навуцы і вельмі добра іх рэалізаваў».

Зробленая спадаром Піскуновым праграма праверкі беларускай артаграфіі «Літара» зьявілася ў 2004-м, а яшчэ празь пяць гадоў стаў даступны карыстальнікам ягоны электронны слоўнік «Парадыгма». Пасьля чаго Фёдар Піскуноў засяродзіўся на складаньні «Вялікага слоўніка беларускай мовы», які выйшаў у сьвет летась. Мовазнаўца і наш калега Юрась Бушлякоў вельмі высока ацэньвае гэтую ўнікальную працу:
Той электроннай базай, якую на працягу пятнаццаці гадоў ён рыхтаваў, створана грунтоўная аснова для найразнастайнейшых лексыкаграфічных распрацовак, для вывядзеньня беларускіх слоўнікаў на новыя прасьцягі і гарызонты

«Ён падрыхтаваў найгрунтоўнейшы ў беларускай лексыкаграфіі даведнік, той „Вялікі слоўнік беларускай мовы“, куды ўвайшло блізка 223 тысяч словаў. Працу, зьвязаную зь беларускай лексыкаграфіяй, ён не спыняў фактычна да апошніх дзён жыцьця. Ён рыхтаваў адваротны слоўнік беларускай мовы. І, вядома ж, трэба мець на ўвазе, што той электроннай базай, якую на працягу пятнаццаці гадоў ён рыхтаваў, створана грунтоўная аснова для найразнастайнейшых лексыкаграфічных распрацовак, для вывядзеньня беларускіх слоўнікаў на новыя прасьцягі і гарызонты. Ягоныя заслугі відавочныя на сёньняшні дзень для кожнага, хто аб’ектыўна ацэньвае беларускую лінгвістыку і тыя высілкі, якія спадар Піскуноў у беларускую лінгвістыку ўклаў».

Зробленае Фёдарам Піскуновым мае як практычнае, так і сымбалічнае значэньне, зазначае першы намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

«Практычнае — гэта той слоўнік, той букет беларускіх слоў, які і доўгія дзесяцігодзьдзі пасьля адыходу спадара Піскунова ў іншы сьвет застанецца непажухлым. А значэньне ня толькі практычнае, а і сымбалічнае для мяне найперш заключаецца ў тым, як працаваў гэты чалавек, як ён мог арганізаваць, зьяднаць, запаліць сваёй ідэяй пошуку, зьбіраньня, выданьня слоўніка беларускай мовы. Той энэргіі, душэўнай найперш, а таксама хоць і не дыплямаванай, але прафэсійнай энэргіі летуценьніка-лексыкографа хапіла б не на адзін навукова-дасьледчы інстытут».

Пахавалі Фёдара Піскунова 8 красавіка на радзіме, у вёсцы Раманавічы на Гомельшчыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG