Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 красавіка ў Белавежы, на 91-м годзе жыцьця, памёр Георгі Валкавыцкі, заснавальнік і першы галоўны рэдактар беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку.

Георгі Валкавыцкі нарадзіўся 13 сакавіка 1923 году ў Белавежы. Пісаць стаў яшчэ ў школьныя гады. У часе вайны змагаўся на фронце, патрапіў у нямецкую няволю. Пасьля вайны закончыў унівэрсытэцкія курсы і пайшоў вучыцца ў Акадэмію палітычных навук у Варшаве, але пасьля першага курсу паступіў у Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве, які закончыў у 1954 годзе. Вярнуўся ў Беласток, дзе кароткі час працаваў журналістам у польскамоўнай «Газэце беластоцкай», а потым атрымаў заданьне скамплектаваць рэдакцыйны калектыў і наладзіць выданьне беларускамоўнага тыднёвіка ў Польшчы.

Георгі Валкавыцкі кіраваў рэдакцыйным калектывам «Нівы» 31 гадоў, ад 4 сакавіка 1956 году, калі зьявіўся першы нумар тыднёвіка, да свайго выхаду на пэнсію ў 1987 годзе. Зрабіў велізарны ўклад у разьвіцьцё беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, гуртуючы вакол тыднёвіка літаратараў-пачаткоўцаў і мастакоў, якія ў 1958 годзе ўтварылі Беларускае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Белавежа». Кожны месяць у «Ніве» пад ягоным кіраўніцтвам зьяўлялася літаратурная старонка «Белавежы».

Апублікаваў, сярод іншага, зборнікі вершаў «Разнагодзьдзе» (1989) і Міжчасьсе (2003), кнігі ўспамінаў «Віры. Нататкі рэдактара» (1991) і «У каменным крузе» (2000), кнігу сатырычных вершаў «Макатразмы» (1997).

Пахаваньне Георгія Валкавыцкага адбудзецца 10 сакавіка ў Белавежы.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG