Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля зімы — як пасьля бамбёжкі


Беларускія дарогі ня вытрымалі выпрабаваньня доўгай зімой — некаторыя ўчасткі як магістраляў, так і гарадзкіх вуліцаў літаральна ў руінах.

Чаму асфальтавае пакрыцьцё ў Беларусі такое няўстойлівае да зьменаў надвор’я і чаму дарожныя службы ня маюць альтэрнатывы сэзоннаму так званаму «ямачнаму» рамонту.

З году ў год увесну, як толькі сыдзе сьнег, на дарогах Беларусі адна і тая ж карціна: асфальт паўсюль вышчарблены, машыны рызыкоўна манэўруюць, каб абмінуць вялізныя яміны. Паколькі сёлета з-за зацяжной зімы аднесеныя тэрміны ямачнага рамонту, варонкі разьбіваюцца і штодня большаюць.

З раніцы стаіць у заторы Фрунзэнскі раён Менску. Калёны аўтамабіляў намагаюцца прабрацца да выратавальнай вуліцы Прытыцкага, каб рушыць у цэнтар. Аднак выезды з жылых кварталаў больш нагадваюць спаборніцтвы па трыялу — глыбокія ямы зьмяняюцца лядовым наростам ці вялізнай лужынай. Кіроўца «Нісану» старанна аб’яжджае перашкоду: расказвае, што летась паехаў наўпрост і «склаў» два колы:

«Уехаў у лужыну, пад якой, як потым аказалася, быў адкрыты люк. І я ў гэтым люку два колы папросту „забіў“. На жаль, ня толькі колы, бо зачапіў і падвеску, і шаравую давялося памяняць, і цягу сагнула. Хапіла праблемаў вышэй даху».



Іншы аўтааматар на «Фордзе» кажа, што гарадзкім уладам павінна быць сорамна за тое, у якім стане сталічныя дарогі:

«Такія варонкі на вуліцы Кунцаўшчына бачу ўпершыню. Раней тут таксама дарога была ня надта, але цяпер проста форменнае бязладзьдзе — як пасьля бамбаваньня. Хоць бы свой убогі ямачны рамонт зрабілі, але, мабыць, ужо няма грошай нават на гэта. Проста ганьба».

У падразьдзяленьнях дэпартамэнту «Белаўтадар» кіроўцам спачуваюць, але чымсьці рэальна дапамагчы ня ў стане. Калі яшчэ некалькі гадоў таму дарожнікі з гонарам казалі пра сваю працу, ківаючы на разьбітыя дарогі ў суседзяў, то цяпер самі прызнаюць крытычны стан і стратэгічных магістраляў, і гарадзкіх вуліц. Паводле афіцыйных зьвестак, у абнаўленьні маюць патрэбу больш за 6,5 тысяч кілямэтраў дарог, а сродкаў на рамонт хопіць меней чым на 1 тысячу.

Фактычна пад пагрозай зрыву дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі», у адпаведнасьці зь якой да 2015 году дарожныя артэрыі па сваёй якасьці павінны былі ледзь не абагнаць нямецкія аўтабаны. Дык чаму замест дэкляраваных намераў карыстальнікам прапануецца ў лепшым выпадку ямачны рамонт? Меркаваньне выказвае старшыня Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч:

«Справа ў тым, што замест таго, каб класьці даўгавечны асфальтабэтон, яны
замест таго, каб класьці даўгавечны асфальтабэтон, яны кладуць гудрон, які хутка робіцца непрыдатным
кладуць гудрон, які хутка робіцца непрыдатным. Але ўся наша дзяржаўная сыстэма на гэтым трымаецца: ёсьць праца, а пры такім падыходзе праца будзе заўсёды. Гэта ж ня тое, каб нейкая сур’ёзная фірма зрабіла дарогу і яна 10 гадоў потым стаіць, за ёй толькі дагляд патрэбен, абслугоўваньне. У нас штогод змагаюцца з адной і той жа навалай. Выпарваецца той жа гудрон, коламі выбіваецца гравій, то бок кожны год паўтараецца адно і тое ж».

Карэспандэнт: «У сеціве можна пабачыць, як робяць ямачны рамонт у Нямеччыне — кожная выбоіна паліруецца да стану, ідэнтычнага асноўнаму пакрыцьцю. Беларускія тэхналёгіі крыху іншыя».

«Абсалютна правільна робяць немцы, бо ў нас у выніку атрымліваюцца супрацьтанкавыя надаўбні. Яны ямку, здавалася б, заляпілі, але ж заляпілі на 2–3 сантымэтры вышэй за астатняе палатно. Атрымліваецца, што едзем і ўвесь час натыкаемся вось на гэтыя надаўбні. І падвеска паступова проста развальваецца».




Колішні кіраўнік камунальнай гаспадаркі Менску Іван Анташкевіч цяпер ужо ў якасьці аўтааматара аб’яжджае свае былыя тэрыторыі, але адчуваньня таго, што сталічная адміністрацыя прынамсі ў дарожным пытаньні намагаецца дагнаць і перагнаць Нямеччыну, ня мае. І ўсё таму, як лічыць суразмоўца, што ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі няма з каго спытаць за вынік:

Іван Анташкевіч

Іван Анташкевіч

«Часам заяжджаю да свайго сына на Варанянскага. Натуральна, машын у тым раёне вялізная колькасьць, бо ўсё ж цэнтар гораду. Але тыя нейкія 200 мэтраў унутрыквартальнай дарогі — гэта як дарогі сьмерці. Пры тым, што рамантуюць кожны год, нягледзячы на лёд, дождж, ваду, гразь. Усё гэта робіцца па-савецку, шалёныя грошы ўкладаюцца — і ўсё марна. То бок кожны год па новай. Нядаўна зноў там ехаў, дык страшна было зварочваць на тэрыторыю. Чаму так адбываецца? Ніхто не кантралюе, ніхто не адказвае, усё кінута на самацёк. Дакладней, самі сябе кантралююць — начальнікі адзін аднаго — і нейкім чынам паміж сабой дамаўляюцца. Але ж няма грамадзянскага кантролю, няма адказнасьці — адміністрацыйнай, крымінальнай у тым ліку. Няма рычагоў уплыву на адміністрацыі раёнаў, на мэра гораду, якога, зрэшты, у нас як такога таксама няма. Усё гэта адно з адным зьвязана, і на выхадзе маем лягічны канчатковы вынік».

Значная частка дарог рэспубліканскага значэньня эксплюатуецца з пратэрмінаваным міжрамонтным графікам. Іншымі словамі, рамонт, які адпачатку быў заплянаваны, з-за адсутнасьці грошай так і не адбыўся. Падобная сытуацыя і з гарадзкой дарожнай сеткай, якая мусіць задавольвацца традыцыйным латаньнем дзірак.

XS
SM
MD
LG