Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрэса Стшэлец абвясьціла галадоўку


Тэрэса Стшэлец

Тэрэса Стшэлец

Грамадзянка Польшчы Тэрэса Стшэлец, якая дамагаецца дазволу на выезд зь Беларусі дамоў у Польшчу, з 8 красавіка абвясьціла галадоўку.

Пра гэта Свабодзе паведаміў Вячаслаў, сябар Тэрэсы Стшэлец, які дапамагае жанчыне ў яе праблемах у Беларусі.

«Зараз я прыехаў да консульства, прывёз яе рэчы. Яна па тэлефоне сказала, што галадаваць будзе тут, у консульстве. Патрабуе, каб ёй дазволілі выехаць дамоў. З 5 сакавіка Тэрэса жыла ў маім доме, пасьля таго як на мяжы ёй анулявалі візу і не пусьцілі ў Польшчу. З суду наконт аўтамабіля за гэты час ніякіх зьвестак няма. Яе можна зразумець, яна тут ужо ня ў стане трываць, у яе пачаліся розныя хваробы, а нават патрэбнай дапамогі аказаць ня могуць», — распавёў Вячаслаў.

16.00 Вячаслаў паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што яму так і не ўдалося пабачыцца з Тэрэсай Стшэлец, але ён меў зь ёй тэлефонную размову.

«У само консульства не пусьцілі, далі ёй слухаўку. Сказала, што ёй выдзелілі пакой у консульстве, там будзе пражываць падчас галадоўкі. Ёй дапамагаюць, чым могуць, супрацоўнікі консульства. У яе абвастрыліся праблемы са здароўем. Консул дазваніўся да лекаркі ў Польшчы, якая яе лячыла, і тая паабяцала выпісаць лекі безь яе, каб хутчэй гэтыя лекі прывезьці зь Бяла-Падляскі. Магчыма, сюды да яе прыедзе муж, каб дапамагаць. Што да яе настрою, то настрой у яе самі разумееце які. Калі чалавек ужо больш за месяц ня можа выехаць і ёй нічога не абяцаюць», — распавёў Вячаслаў па выніках тэлефоннай размовы з польскай грамадзянкай Тэрэсай Стшэлец, якая трымае галадоўку ў консульстве Польшчы ў Берасьці.


Год таму Тэрэса Стшэлец пакінула ў Берасьці ў рамонт зламаны джып і вярнулася пасьля вандроўкі ў Польшчу. Сын гаспадара майстэрні скраў ключы, паехаў катацца на польскім аўтамабілі, але быў спынены міліцыяй. Берасьцейскія мытнікі кажуць, што палічылі, нібыта свой джып Тэрэса Стшэлец прадала ў Беларусі, не сплаціўшы мыта. Тэрэсу Стшэлец, якая праз суд дамагалася вяртаньня аўтамабіля, прымушаюць сплаціць мыта і штраф — усяго каля 200 мільёнаў рублёў, а за джып, які ў канцы году мытнікі прадалі, прапаноўваюць гаспадыні каля 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Тэрэса Стшэлец адмовілася плаціць. Тады на мяжы ёй анулявалі візу, і ўжо больш за месяц яна ня можа выехаць зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG