Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маргарэт Тэтчэр — першая і адзіная жанчына, якая была прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі. Зь яе імем зьвязваюць жорсткія лібэральныя рэформы, якія выклікалі неадназначную рэакцыю ў краіне, але здолелі пераадолець зацяжны пэрыяд стагнацыі, ў якім знаходзілася брытанская эканоміка напрыканцы 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

Тэтчэр памерла сёньня пасьля інсульту ва ўзросьце 87 гадоў.

Маргарэт Хільда Робэртс нарадзілася ў сям’і бакалейшчыка, ад бацькоў яна, паводле яе словаў, узяла практычнасьць, сур’ёзнасьць і моцную рэлігійнасьць.

Пасьля дзьвюх няўдалых спробаў Тэтчэр перамагла на выбарах у брытанскі парлямэнт у 1959 годзе, з чаго пачаўся рост яе ўплыву ў шэрагах Кансэрватыўнай партыі.

У 1975 годзе яна кінула выклік прэм’еру Эдварду Хіту ў барацьбе за лідэрства ў партыі. У 1979 годзе Тэтчэр стала прэм’ер-міністрам.

Яе першай задачай было супрацьдзеяньне прэтэнзіям прафсаюзаў, якія дыктавалі свае ўмовы тром папярэднім урадам. Тэтчэр здолела перамагчы ў гэтай барацьбе, за што яе сталі называць «жалезнай лэдзі».

Для Тэтчэр гэта было часткай яе крыжовага паходу за чалавечую свабоду. Чалавек, паводле яе, павінен несьці адказнасьць за свой лёс, не спадзеючыся на дзяржаву. Яна адстойвала прынцыпы свабоднай рынкавай эканомікі, сапсаванай дзяржаўным умяшальніцтвам.

Левыя крытыкавалі Тэтчэр як асобу і палітыка з прымітыўна-капіталістычнымі поглядамі. Яе палітыка прывяла да паляпшэньня эканамічнага становішча ў Вялікабрытаніі, але за кошт далейшага павялічэньня разрыву паміж багатымі і беднымі і паглыбленьня сацыяльных праблем у краіне.

Яе супрацоўніцтва з прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам ў 1980-х будавалася на прынцыпах свабоднага рынку, прыватызацыі, скарачэньня ролі дзяржавы і ваяўнічага антыкамунізму.

Тэтчэр таксама прызнала каштоўнасьць рэформаў, ініцыяваных савецкім лідэрам Міхаілам Гарбачовым. Неўзабаве пасьля свайго абраньня генэральным сакратаром ЦК КПСС Гарбачоў наведаў Вялікабрытанію, пасьля сустрэчы зь ім Тэтчэр заявіла, што ён — той чалавек, зь якім можна мець справу.

Яе аўтарытэт быў абумоўлены не ў апошнюю чаргу яе бясстрашнымі паводзінамі і перамогай у вайне з Аргентынай за Фалклэндзкія выспы.

Тэтчэр заўсёды скептычна ставілася да сувязяў Брытаніі з Эўропай, аддаючы перавагу стасункам са Злучанымі Штатамі.

На думку некаторых, палітыка дэрэгуляваньня эканомікі, асабліва ў фінансавай сфэры, часткова адказная за ўсясьветны эканамічны крызіс, які пачаўся ў 2008 годзе.

Тэтчэр перанесла інсульт у 2002 годзе. У апошнія гады жыцьця яна пакутавала на дэмэнцыю. Адным зь яе нешматлікіх апошніх публічных выступаў стала прамова ў 2004 годзе на сьмерць сябра і паплечніка — Роналда Рэйгана.

Нягледзячы на тое, што палітыка Тэтчэр па-рознаму ацэньваецца ў Вялікабрытаніі, яна заставалася адным з самых папулярных заходніх палітыкаў у постсавецкіх краінах, паводле апошніх апытаньняў у Беларусі — самым папулярным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG