Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Бялынічах апраўдаў незалежнага журналіста


Валеры Вусік
Валеры Вусік

8 красавіка Бялыніцкі раённы суд не знайшоў падставаў, каб пакараць 66-гадовага распаўсюдніка і аўтара незалежнай маланакладнай газэты «Магілёўскі выбар» Валерыя Вусіка.

Паводле пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні ўчастковага Сяргея Карыткіна, Вусік нібыта пагражаў фізычнай расправай мэханізатару сельгаспрадпрыемства «Лебядзянка» Міхаілу Бялову. Як пазначана ў пратаколе, пэнсіянэр, акрамя пагрозаў, «размахваў рукамі і брыдкасловіў».

Інцыдэнт здарыўся 28 лютага ля адной з фэрмаў гаспадаркі. Туды прыехала здымачная група незалежных тэлежурналістаў, каб зрабіць сюжэт. Са слоў Валерыя Вусіка, мэханізатар Бялоў перашкаджаў працы журналістаў, а пасьля таго як яны зьехалі, напісаў заяву ў міліцыю.

Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Барыс Бухель, суду быў прадстаўлены зроблены ля фэрмы відэаматэрыял, у якім факты інкрымінаванага Вусіку правапарушэньня не зафіксаваныя. Пасьля трох судовых пасяджэньняў судзьдзя Аксана Загорская пастанавіла, што віна Валерыя Вусіка не ўстаноўлена, і апраўдала яго.

Выракам Валеры Вусік задаволены. Ён заяўляе, што судовы перасьлед зьвязаны зь ягонымі крытычнымі публікацыямі ў газэце «Магілёўскі выбар» пра сытуацыю ў сельгаспрадпрыемстве «Лебедзянка».

«Я пісаў, што ў СПК пануюць безгаспадарлівасьць, прыпіскі і крадзяжы, бо мая такая жыцьцёвая пазыцыя — змагацца з гэтым усім. Я быў дэпутатам раённага і сельскага савету. Там выступаў за выкараненьне гэтых заганаў жыцьця сельскай гаспадаркі. Вось за гэта ўлада і вырашыла мяне пакараць. Мне даводзілі, што я мушу маўчаць, тады будзе ўсё добра. Я ня стаў і атрымаў на ўсю катушку. Спачатку засудзілі на пяць мільёнаў. Потым спрабавалі яшчэ пакараць, але суд сёньня апраўдаў мяне. Што да Бялова, то ён не зусім звычайны трактарыст. Ён яшчэ і пляменьнік старшыні «Лебядзянкі».

29 сакавіка бялыніцкі суд пакараў Валерыя Вусіка на 5 мільёнаў рублёў (50 базавых велічыняў). Судзьдзя Ўладзімер Гуз прызнаў пэнсіянэра вінаватым у паклёпе на старшыню СПК «Лебядзянка» Пятра Бялова. Паводле судовай пастановы, у артыкуле «Што зьмянілася за апошнія некалькі год у СВК «Лебядзянка» Вусік распаўсюдзіў несапраўдныя зьвесткі, якія зьневажаюць старшыню гаспадаркі.

Гэтая віна абышлася Валерыю Вусіку ў 30 мільёнаў рублёў. 20 мільёнаў яму прысудзілі, як пазначана ў судовай пастанове, за тое, што, ня будучы распаўсюднікам друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, уручыў тром жыхарам вёскі Лебядзянка газэту «Магілёўскі выбар». Вырак судзьдзі Гуза Валеры Вусік зьбіраецца абскарджваць у абласным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG