Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі прэзэнтавалі «Сівер»


У філіяле Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава ў Гомелі адбылася прэзэнтацыя філязофска-культуралягічнага альманаху «Сівер».

«„Сівер“ мае кірунак філязофскага пошуку і рэалізуе ідэю Поўначы. То бок тэксты, якія там ёсьць, накіраваныя на эксплікацыю ідэяў Поўначы ў нашым разуменьні ў інтэрпрэтацыі беларускіх і ня толькі беларускіх філёзафаў. Гэта ўжо не этнаграфічныя, а больш філязофскія, маштабныя дасьледаваньні», — распавёў карэспандэнту Свабоды філёзаф Ягор Чурылаў.

Паводле Ягор Чурылава, «сівер» — гэта славянскае, беларускае слова, якое азначае «паўночны вецер». Таксама гэта асацыяцыя са стараной сьвету і зь філязофскай прасторай.

«Чым ёсьць для нас Поўнач і ідэя Поўначы? Натуральна, у рамках здаровага этнацэнтрызму, гэта перш за ўсё эўрапейская Поўнач, Балтаскандыя, Цыркумбалтыйскі рэгіён, рэгіён Вялікага Княства Літоўскага, куды адносіцца і Беларусь, тэрыторыі, населеныя балта-славянскімі, германскімі, кельцкімі і фіна-вугорскімі народамі, але Поўнач не абмяжоўваецца толькі геаграфіяй, гэта мэтафізычны прынцып і міталягічны лёкус», — гаворыцца ў прадмове рэдактара на сайце альманаху siver.by.

«Сівер — гэта пазначэньне паўночнага ветру, «халоднага, рэзкага, трохі небясьпечнага, рызыкоўнага, які нясе нейкую пагрозу, зьмятае старую цывілізацыю і расчышчае шлях да новага, невядомага», — адзначылі выдаўцы падчас прэзэнтацыі ў Гомелі, паведамляе БелаПАН.

Альманах выдаецца на беларускай і расейскай мовах. Яго можна набыць у кнігарнях Менску, Кіева і Вільні, а таксама замовіць праз пошту. Ён выдаецца на сродкі аўтараў. Першы нумар выйшаў накладам у 299 асобнікаў, так што афіцыйнай рэгістрацыі не патрабавалася. Наступны нумар плянуецца выдаць увосень гэтага году.

Візуальнае аблічча альманаху распрацавана з улікам выданьняў Францыска Скарыны.

«Зварот да Скарыны абумоўлены ня толькі спробай пераасэнсаваньня нашай спадчыны ў галіне візуальнай культуры і кнігадрукаваньня, але і тым, што „Сівер“ мы разглядаем як аналягічны скарынаўскаму праект», — паведамляецца на сайце альманаху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG