Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо праз тыдзень, як новы-стары будынак Тэатру імя Янкі Купалы наведаў Аляксандар Лукашэнка з малым сынам, сьвітай, адмыслова запрошанымі чыноўнікамі і добранадзейнымі тэатральнымі дзеячамі Менску, доўгачаканы дзень настаў і для аматараў тэатру разам зь нядобранадзейнымі купалаўцамі і прадстаўнікамі калі не апазыцыйнай, дык не афіцыйнай тэатральнай грамадзкасьці.

Адкрыцьцё 4 красавіка для публікі адрэстаўраванага (рэканструяванага, перабудаванага?) будынка разам з прэм’ерай абноўленага легендарнага спэктаклю «Паўлінка» адбылося ціха, без ачапленьня спэцслужбоўцамі прылеглых тэрыторыяў і без затрыманьня на вуліцы журналістаў.

Як і іншыя прыхільнікі галоўнай драматычнай сцэны краіны, чакаў гэты дзень і я, бо ці не чатыры дзесяцігодзьдзі быў побач і разам з купалаўцамі, як крытык, тэатразнаўца, перакладчык і проста як чалавек, зьвязаны з многімі творцамі творчымі, сяброўскімі ці прыяцельскімі стасункамі. Чакаў гэтага дня з букетам пачуцьцяў — ад страху да надзеі, што рэстаўратарамі і будаўнікамі ня будуць зьнішчаныя ці зьняважаныя гісторыя і дух гэтага тэатру. І што рэстаўрацыя «Паўлінкі» не заб’е яе...







Будынак

Ці хопіць сёньняшняму кіраўніцтву Тэатру такту, павагі да пастаноўкі рэжысэра Льва Літвінава, мастака Яўгена Малкіна, кампазытара Яўгена Цікоцкага?

Не адно дзесяцігодзьдзе я заходжу ў Тэатар і з параднага, і са службовага ўваходаў. Гэтым разам я зайшоў са службовага. І быў агаломшаны. Ішоў у Тэатар, а трапіў ў нейкі ўрадавы ці офісны будынак. Шырокія лесьвіцы, доўгія і
таксама шырокія калідоры з офіснымі дзьвярыма, халоднымі сьценамі. Ад закулісься старога Купалаўскага не засталося нічога. Я нават не пра атмасфэру. А пра тое, што старога тэатру за сцэнай, дакладней — разам са сцэнай не засталося! Яго проста няма... Яго зьнішчылі... Грымёркі з душам і прыбіральнямі, шыкоўныя кабінэты з кампутарамі — малаватая цана за разбураныя сьцены, якія памяталі вялікіх купалаўцаў, захоўвалі дух, атмасфэру і рэпэтыцыяў, і акторскіх пасядзелак, жыцьцёвых і творчых калізіяў непаўторнай трупы — нацыянальнага багацьця. Пакуль мы маем голыя, халодныя сьцены і падлогі, пах фарбы і сучасных будматэрыялаў.

Пра сцэну пакуль увогуле рана гаварыць, бо яна яшчэ ня мае таго абяцанага цуда-абсталяваньня, цуда-сьвятла, цуда-гуку 21-га стагодзьдзя, пра якія столькі гаварылася і пісалася. Будынак здаваўся найвышэйшаму начальству паводле датаў, вызначаных у нейкіх звышвысокіх кабінэтах, а не паводле яго тэхнічнай дый творчай гатовасьці.

Будынак здаваўся найвышэйшаму начальству паводле датаў, вызначаных у нейкіх звышвысокіх кабінэтах, а не паводле яго тэхнічнай дый творчай гатовасьці

Глядацкая частка збольшага адпавядае чаканьням і таму, што тут было. Перабудаваная, адрэстаўраваная, адрамантаваная (часам таннымі матэрыяламі) пад нашу памяць пра тое, што тут было, і пад тое, чаго мы так не хацелі згубіць. Стала больш прасторна, але менш утульна. Зьменшаная на нейкую сотню гледачоў заля і пашыраныя вэстыбюлі камфорту асабліва не дадаюць, а вось атмасфэру аншлягу, запоўненасьці залі парушаюць. Да халаднаватых блакітных колераў сьценаў, крэслаў, драпіровак, мяркую, хутка прызвычаімся, а вось да чырвона-залатой заслоны, як на маю думку, безгустоўнай і неадпаведнай агульнай колеравай танальнасьці залі, наўрад ці.



У прасторным фае на другім паверсе, у якое перабудавалі былы тэатральны музэй, гледачы пакуль фатаграфуюцца на тле, зноў жа, даволі банальных крышталёвых жырандоляў і дзіўных вазаў па кутах, на адной зь якіх я (натуральна, на наводку) адшукаў вымаляванае па-расейску слова «театр». Неяк ня вельмі натуральна выглядаюць элемэнты імпэрскага стылю ў даволі аскетычных у цэлым інтэр’ерах.

Пакідаў я Тэатар тым жа шляхам, як і заходзіў. І калі пераступаў парог з глядацкай часткі ў службовую, у мяне паўстала асацыяцыя нейкага калецтва: да абрубленага тулава нейкай істоты прышытае нешта зусім чужое.




«Паўлінка»



Боязі няўдалай рэканструкцыі ці рэстаўрацыі легендарнага спэктаклю, які налета адзначыць сваё 70-годзьдзе і які ёсьць візытоўкай Тэатру, было ў мяне ня меней. Ці хопіць сёньняшняму кіраўніцтву Тэатру такту, павагі да пастаноўкі рэжысэра Льва Літвінава, мастака Барыса Малкіна, кампазытара Яўгена Цікоцкага? Ці не захочуць рэжысэр Мікалай Пінігін і сцэнограф Барыс Герлаван асучасьніць спэктакль, перайначыць яго, дадаць сваё бачаньне мэтадам хірургічнага ўмяшаньня?

Гэтага, на вялікае шчасьце, не адбылося. Дарэчы, у праграмцы пазначаная толькі тая, 1944-га году, пастановачная група. Абнаўляючы спэктакль, тут паставіліся з пашанай да пастаноўшчыкаў, а значыць, да гісторыі і традыцыі Купалаўскага тэатру. Зрабілі дакладную копію старых дэкарацыяў, пашылі новыя касьцюмы. Праўда, сучасныя матар’ялы дадаюць відовішчу усё ж налёт нейкай сувэнірнасьці.

Галоўнае, што зроблена ў спэктаклі мастацкім кіраўніком Тэатру, рэжысэрам Мікалаем Пінігіным, — гэта замена амаль усяго акторскага складу, бо пастарэлі выканаўцы практычна ўсіх роляў.

А вось якую пэрспэктыву нясуць словы першага гледача абноўленай «Паўлінкі» ў перабудаваным тэатры пра пераход калектыву на самаакупнасьць — прадказаць цяжка

Але... Задумаемся: чаму 70 гадоў не зьнікае цікавасьць да гэтага спэктаклю ў публікі? Дзеля чаго мы ходзім з рэгулярнасьцю ў некалькі гадоў зноў і зноў на гэты спэктакль? Ён мае нейкую ідэйную ці эстэтычную актуальнасьць? Не. Чаму ён не старыцца? Адказ толькі адзін — дзесяцігодзьдзямі мы ходзім на актораў. Пастаноўка Літвінава дае фантастычныя магчымасьці для раскрыцьця ў актораў камэдыйнага, адметна нацыянальнага таленту. Той, хто бачыў у «Паўлінцы» Раісу Кашэльнікаву, Барыса Платонава, Глеба Глебава, Уладзімера Дзядзюшку, Лідзію Ржэцкую, Веру Полу, Зьдзіслава Стому, Паўла Кармуніна, Арнольда Памазана, Алу Долгую, Генадзя Аўсяньнікава, Галіну Макараву, Зою Белахвосьцік і іншых актораў-купалаўцаў розных пакаленьняў, разумелі, што такое беларускае акторскае мастацтва, і не маглі надалей забыць гэтых актораў, хіба што параўноўвалі з наступнымі выканаўцамі. Менавіта ў гэтым каштоўнасьць «Паўлінкі» — клясычнага для беларускай сцэны спэктаклю.

У тым акторскім складзе спэктаклю, які я толькі што паглядзеў, бадай, толькі выканаўца загалоўнай ролі Марта Голубева выглядае адпаведнай жанравай задуме пастаноўшчыка і сямідзесяцігадовай традыцыі выкананьня гэтай ролі. Усьлед за сваімі вялікімі папярэднікамі, паўтараючы нават іхныя трукі і інтанацыі, скіроўваецца выканаўцы роляў Пранціся і Агаты Пустарэвічаў — Мікалай Кучыц і Натальля Качаткова.

Імкнуцца і паўтарыць малюнак роляў сваіх папярэднікаў, і дадаць прыдуманае самімі і іншыя выканаўцы. Аднак, той арганікі, той высокай камэдыйнай энэргетыкі, замешанай перадусім на беларускай народнай сьмехавай культуры, калі б кожная прыдумка вынікала з асэнсаванага народнага характару пакуль у іх няшмат. Маю на ўвазе Андрэя Кавальчука (Сьцяпан Крыніцкі), Вольгу Няфёдаву (Альжбэта) і асабліва Паўла Яскевіча (Адольф Быкоўскі). Асабліва, бо менавіта Быкоўскі цягам усёй гісторыі гэтага спэктаклю выклікаў найбольш сьмеху, якога, пры ўсёй зьнешняй камэдыйнай маляўнічасьці сцэнічнага вобразу, сёньня няма, ці, будзем спадзявацца, пакуль не стае.



Пэрспэктывы


Таго ідэальнага варыянту, калі б стары Тэатар захавалі як музэй, у якім хоць раз на месяц давалі б «Паўлінку, і пабудавалі для купалаўцаў зусім новы, ультрасучасны будынак, не адбылося. Але... Якімі б яны ні былі, але свае сьцены трупа пасьля трох гадоў валацужнага жыцьця нарэшце мае. Нязвыклыя, абноўленыя і зусім новыя, яны яшчэ пахнуць фарбай, неабжытыя. Ці стануць яны роднымі, ці напоўняцца яны духам гісторыі і традыцыяй, будзе зараз ужо залежыць ад саміх купалаўцаў. Толькі яны могуць зрабіць гэты будынак сваім домам. І ад іх жа залежыць, ці абжывуць яны новыя дэкарацыі той жа «Паўлінкі».

Выглядаюць пэрспэктыўнымі і рэпэртуарныя задумы, абвешчаныя Мікалаем Пінігіным. Першай зь іх мае стаць «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Кампрамісны, забаўляльны накірунак быў выкліканы менавіта рэканструкцыяй, калі трэба было зарабляць у любы спосаб грошы, — тлумачыць мастацкі кіраўнік. Трупа, я перакананы, формы не згубіла.

А вось якую пэрспэктыву нясуць словы першага гледача абноўленай «Паўлінкі» ў перабудаваным тэатры пра пераход калектыву на самаакупнасьць — прадказаць цяжка. Будзем спадзявацца, што гэтыя словы застануцца толькі кінутымі на вецер словамі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG