Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Эрнст Сабіла: У жыцьці людзей выпадковасьцяў не бывае


Калі дваццацігадовага студэнта Менскага мэдыцынскага інстытуту за «антысавецкую агітацыю на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў» прысудзілі да расстрэлу, ён ня страціў самавалоданьня і праз колькі часу спакойна выслухаў новую пастанову суду пра замену сьмяротнай кары на дваццаціпяцігадовае зьняволеньне.

Калі дваццацітрохгадовы вязень Южкузбаслагу вырашыў уцячы са сталінскага пекла, аўтамат канваіра перастаў страляць, а ўсе шалёныя кулі ягонага карабіна не патрапілі ў цэль.

Калі сямідзесяцігадоваму кіраўніку хрысьціянскай абшчыны ў Асіповічах улады далі пад малітоўны дом кавалак балота, дзе ніякага будынку ўзьвесьці было немажліва, вада сама сышла з пяцімэтровага катлавану.

Усё гэта — сьведчаньні веры ў Божую моц пастара Беларускай Эвангельскай царквы Эрнста Сабілы, які стаў героем нашага новага выпуску праграмы Сталкеры Свабоды.

«Яшчэ ў дзяцінстве я ўбачыў бальшавіцкае нутро, страшнае, драпежнае. І паглядзеў, каго яны душаць, і чаму яны душаць і за што яны душаць. І ўбачыў, што яны душаць і шчырых беларусаў, што яны душаць беларускую мову — тое, што мне становіцца вельмі блізкім, вельмі дарагім. І я ў гэтых роздумах пачаў сэрцам нахіляцца да свайго роднага, беларускага. Вот тады ўва мне складваўся і беларускі хрысьціянін.

У лягеры перад пабегам маліўся: «Госпадзі, калі прыйшоў час майго разьвітаньня зь зямным жыцьцём маім, то прымі дух мой у рукі Твае! А калі яшчэ дасі мне пажыць, далей вядзі мяне ў руках Тваіх!»

І пайшоў. Іду, а з вахты ідзе начальнік канвою. Вось-вось канец зьмены, пяць гадзін, і ён так паглядзеў на мяне падазрона, але нічога не сказаў. А тады канваір на вышцы: «Стой! Страляць буду! Стой! Страляць буду!» Ну я ж пайшоў не дзеля таго, каб стаяць. І хутчэй лесьвіцу кідаю на плот, караскаюся, а яна пада мною ломіцца. Я толькі пасьпеў за верх ухапіцца і павіс. А ён аўтамат адцягвае — шчоўк. Не страляе. Зноў адцягвае — шчоўк. Не страляе. Крычыць, а аўтамат зноў не страляе. Я падцягваюся на руках на плот, перавальваюся. Думаў, што там у лес адразу патраплю, а там — балота. Адна толькі сьцежка з дошак, па якой начальнік каравулу абыходзіў. Я пабег па ёй уздоўж плоту. А канваір тады пасьля некалькіх асечак з аўтамату кідае гэты аўтамат там жа на вышцы гэтай, хапае свой карабін і пачынае цэліцца. І вот тут ужо кулі пайшлі каля вуха майго. Як гром — такая гукавая хваля каля вуха ідзе і перада мной пыл уздымае. І не пацэліў.

Для людзей, якія ня мысьляць, гэта ўсё — выпадковасьці. Я вельмі добра ведаю, што ў жыцьці людзей выпадковасьцяў не бывае. Усё праглядае вокам сваім Бог. Ён праглядае ўсіх: і забіваемых, і забіваючых.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
І ў маім жыцьці не было выпадковасьцяў. Гэта ўгрунтоўвала маю веру. Бог — са мной.

Тата наш заўзяты такі быў каталік, прыехаў у касьцёл, пашпарт плясь на стол — прывёз дзіця хрысьціць. А ксёндз кажа: «Прывёз, дык прывёз. Пашпарт забяры».

Потым нам суседка Марыля дала Эвангельле. У ім ня сказана, якой рукой хрысьціцца і як хрысьціцца, а сказана так: «Ідзіце і прапаведуйце Эвангельле ўсім людзям, і хто паверыць і ахрысьціцца — збаўлены будзе».

Я прапаведую не беларускую мову, я прапаведую Хрыста. А гавару па-беларуску таму, што гэта маё. Дазвольце мне маім карыстацца.

Я не прапаведую нянавісьць да расейскай мовы ці да польскай мовы. Я прапаведую любоў да беларушчыны, да свайго, што мне дадзена Богам. Богам мне дадзена беларуская мова і беларушчына. Я гэта люблю як падарунак ад Бога.

Божа дарагі! Божа літасьцівы! Вось мы перад Табою ў імя Хрыста, укрыжаванага, забітага і ўваскрэслага. І мы дзякуем Табе, што Ты сабраў нас і з нагоды нашых грамадзкіх спраў, і дзеля таго, каб нагадаць, што за нашы грахі памёр Твой сын і для нашага апраўданьня ўваскрэс, і ў гэту сэкундачку Ён працягвае рукі пранзёныя да Айца нябеснага Свайго і моліцца за ўсіх, і тут прысутных".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG