Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр стваральнік «Вялікага слоўніка беларускай мовы»


Фёдар Піскуноў

Фёдар Піскуноў

5 красавіка ў веку 63 гадоў пасьля цяжкой хваробы пайшоў з жыцьця беларускі лінгвіст Фёдар Піскуноў – аўтар беспрэцэдэнтнага аб’ёмам лексыкаграфічнага даведніка – «Вялікага слоўніка беларускай мовы» (2012).

У артаграфічна-граматычны слоўнік, над укладаньнем якога аўтар працаваў больш за 12 гадоў, увайшло блізка 223 тысяч словаў.

У беларускую лінгвістыку Піскуноў, хімік з адукацыі, прыйшоў на пачатку 2000-х. Займаўся дасьледаваньнямі ў галіне кампутарнай лексыкаграфіі, прыкладной марфалёгіі і ўніфікацыі беларускага правапісу. На чале групы супрацоўнікаў стварыў першую прафэсійную праграму праверкі беларускай артаграфіі “Літара” (pravapis.tut.by). Упершыню ў беларускай лінгвістыцы апісаў поўную марфалягічную клясыфікацыю парадыгмаў беларускіх дзеяслова і назоўніка, аснове якіх стварыў электронны слоўнік “Парадыгма” аб'ёмам звыш 134 тысяч лексэм.

Апошнімі месяцамі рыхтаваў выхад вялікага адваротнага слоўніка беларускай мовы. У пэрспэктыве плянуецца і дапоўненае перавыданьне «Вялікага слоўніка беларускай мовы».

Мовазнаўца, першая намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць, што постаць Фёдара Піскунова многа значыць для беларускага мовазнаўства

Алена Анісім. Фота Арцёма Канцавога.

Алена Анісім. Фота Арцёма Канцавога.

«Тое, што яму ўдалося зрабіць, гэта, канечне, вельмі і вельмі многа значыць. Ён здолеў акумуляваць і паказаць усе набыткі беларускай мовы, фактычны яе сёньняшні стан. І здолеў зрабіць гэта ўсе на высокім узроўні. Ягоная постаць многа значыць. Ён не "чысты" мовазнаўца.

Але я не бачу ў гэтым загану. Ён як бы зь іншага боку ўсё павярнуў і паказаў магчымасьці і шляхі, куды можа разьвівацца мова.

Спадар Фёдар паказаў, што кожны чалавек, незалежна ад яго адукацыі, толькі па сваім духоўным пакліканьні, можа зрабіць многае для разьвіцьця мовы. І за гэта яму вялікі дзякуй, вялікая пашана і вялікі паклон».

Разьвітаньне зь Фёдарам Піскуновым адбудзецца а 14-й гадзіне ў нядзелю, 7 красавіка, у рытуальнай залі менскай клінічнай бальніцы № 9 (вул. Сямашкі, 8). Пахаваюць Піскунова на яго радзіме ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG