Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія павінны адбыцца ў 2015 годзе, ня будзе».

Такую заяву зрабіў 6 красавіка лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы на паседжаньні партыйнага сойму.

Ён сказаў, што перамовы, ў якіх удзельнічаюць партыі — АГП, БНФ, «Справядлівы сьвет», сацыял-дэмакраты Ірыны Вештард і дагэтуль незарэгістраваная партыя БХД, а таксама рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду», не даюць падставаў для абраньня адзінага кандыдата. Таму, паводле Аляксея Янукевіча, галоўнай задачай робіцца хаця б выпрацоўка агульнай стратэгіі. Аднак цяпер і пра гэта пакуль гаварыць нельга, бо ўнутры «сямёркі» ёсьць вельмі значныя разыходжаньні нават у ацэнцы цяперашняй сытуацыі.

Старшыня партыі БНФ таксама заявіў, што «адзіны кандыдат не з’яўляецца самамэтай, якая абавязкова мусіць быць дасягнутая шляхам рэсурсаў, часу і сілаў. На жаль, зараз і беларуская грамадзкасьць і міжнародная супольнасьць назіраюць у дэмакратычным асяродку вельмі шмат сварак і спрэчак і зусім мала супрацы. І гэта таксама не дае падставаў меркаваць пра абраньне адзінага кандыдата».

Пэўныя надзеі на кансалідацыю могуць з’явіцца па выніках мясцовых выбараў, якія заплянаваныя на 2014 год. «Трэба зрабіць так, каб прэзыдэнцкія выбары сталі не змаганьнем у асяродку дэмакратычных сілаў, а супрацоўніцтвам» — заявіў Аляксей Янукевіч.

На думку лідэра партыі БНФ, галоўным на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году стане незалежнасьць Беларусі, якой пагражае Расея праз прыватызацыю асноўных гаспадарчых аб’ектаў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG