Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 красавіка: Зьвеставаньне ў каталікоў, міжнародны дзень цыган


Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Да гэтага дня працягнутае сьледзтва ў справе арыштаванага «за здраду дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасьці» 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова. Андрэй Гайдукоў з 8 лістапада ўтрымлiваецца пад вартай у СІЗА КДБ.

8 красавіка пачне працу ў Беларусі новы амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус.

У Менску пройдзе цырымонія, прысьвечаная Дню Катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства і ўзнагароджаньне граматамі «Праведнік народаў сьвету» беларусаў, якія ратавалі габрэяў у часы другой сусьветнай вайны. У цырымоніі возьмуць удзел ізраільскія дыпляматы, прадстаўнікі Саюзу габрэйскіх аб’яднаньняў, чыноўнікі зь Беларусі, замежныя амбасадары. Пачатак у 18:00 у музэі гісторыі ВАВ.

У Менскім ДК МАЗ аўтарскі вечар паэта, пісьменьніка, гумарыста Ігара Губэрмана з праграмай «Гарыкі ўсіх гадоў». Пачатак у 19:00.

У літаратурным музэі імя Янкі Купалы – канцэрт фольк-арт-рок групы Alta Mente. «Alta mente» – лацінскі выраз, які ў перакладзе азначае «ў глыбіні душы». Пачатак а 19.00.

Візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Амстэрдам.

Сёлета ў Каталіцкім Касьцёле ўрачыстасьць Зьвеставаньня Пана адзначаецца 8 красавіка, а не як традыцыйна 25 сакавіка. Перанос зьвязаны з тым, што сёлета 25 сакавіка прыпала на Вялікі тыдзень. У такіх выпадках сьвята пераносіцца на панядзелак пасьля актавы Вялікадня.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1831 – заснавана Менскае генэрал-губэрнатарства (дзейнічала да 1834 г.).

1831 – у Вялейцы створаны буйны паўстанцкі камітэт. У горадзе сканцэнтраваліся вызвольныя сілы – колькасьць коньніцы і пяхоты дасягала 3300 чалавек. Паўстанцы пазьней уступілі ў баі з расейскай рэгулярнай арміяй і былі разьбітыя.

1903 – нарадзіўся Аляксандар Скібнеўскі, тэатральны рэжысэр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафэсар. У пасьляваенныя часы Скібнеўскі дзесяць гадоў быў галоўным рэжысэрам Тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, ставіў спэктаклі паводле п’есаў Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», Андрэя Макаёнка «Выбачайце, калі ласка» ды шмат іншых.

1904 – памёр Вацлаў Валодзька,грамадзка-палітычны дзяяч, гісторык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1918 – дата стварэньня ў Беларусі ваенных камісарыятаў. У гэты дзень савецкім урадам былі заснаваныя мясцовыя апараты па фармаваньні рабоча-сялянскай Чырвонай арміі – валасныя, павятовыя, губэрнскія і акруговыя камісарыяты ваенных справаў. Гэты дзень стаў днём нараджэньня мясцовых органаў ваеннага кіраваньня.

1924 – створаная беларуская вайсковая акруга (існавала да 1992 г.).

1956 – у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар юнага гледача.

1999 – у ноч з 7 на 8 красавіка з-пад хатняга арышту зьнікла былая старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Тамара Віньнікава.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень ромскай нацыі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Калгаснага каня скрадзе цыган
І цяжкі грэх замоліць у царкве.
Страшны пярун ударыць у курган,
І выйдзе князь, і вояў пазаве.
Ды больш ніхто ня выйдзе з-пад зямлі:
– Чаго ўставаць з-за нейкага каня,
Калі жывыя болей прапілі?
Жывыя сёньня мёртвым не раўня.
І пойдзе князь у бліжнюю царкву,
А вартаўнік ня пусьціць: «Гэта склад».
І крыкне князь: «Адсекчы галаву!»,
Махне рукой і вернецца назад
У раскапаны да касьцей курган.
Валяецца дружына на траве.
І купіць матацыкл стары цыган,
З вартаўніком замочыць у царкве...
Ня можа быць такога? Можа быць!
І не такое ў нас было яшчэ.
Адно каня ня кінуцца купіць,
Бо гэты конь ледзь ногі валачэ.


Віктар Шніп
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG