Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 красавіка: Дабравешчаньне ў праваслаўных; дзень памяці Ларысы Геніюш


Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

Вечар памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш у офісе партыі БНФ у Менску. Пачатак а 18.00.

У Віцебску на арт-базе (вул. Кастрычніцкая, 13) выступіць з акустычнай праграмай менскі рок-гурт «Верасень». Будзе прэзэнтацыя новага альбому «Караблі», а таксама паэтычныя чытаньні ад Вікі Трэнас. Пачатак а 17.00.

Прэзыдэнцкія выбары ў Чарнагорыі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зь візытам у Нямеччыне.

7 красавіка – Сусьветны дзень здароўя, які штогод адзначаюць на памятку заснаваньня Сусьветнай арганізацыі здароўя ў 1948 годзе. Галоўнай тэмай сёлетняга Дня здароўя зьяўляецца павышаны крывяны ціск (гіпэртанія).

7 красавіка – у Праваслаўнай царкве Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы. Сьвята Дабравешчаньня адзначаецца роўна за 9 месяцаў перад Калядамі. Паводле Сьвятога Пісаньня, пасланы ад Бога ў горад Назарэт Архангел Гаўрыіл зьявіўся ў дом праведнага Ёсіфа і Дзевы Марыі і зьвярнуўся да Яе са словамі: «Ня бойся, Марыя, бо Ты набыла Божую ласку. І вось Ты народзіш Сына і дасі імя Яму Ісус. Ён будзе славуты і назавецца Сынам Усявышняга, і Царству Яго ня будзе канца».

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1947 – нарадзіўся Валер Славук, беларускі мастак.

1973 – памёр Язэп Дыла, беларускі пісьменьнік і культурны дзяяч.

1983 – памерла беларуская паэтка Ларыса Геніюш. У 1937-1947 жыла ў Празе. Наладзіла стасункі зь беларускай эміграцыяй, брала ўдзел у працы ўраду БНР на эміграцыі. Ад 1945 савецкія ўлады дабіваліся выданьня Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць» падчас вайны. Пад канец 1947 Ларыса Геніюш перабралася з мужам, Янкам, з Прагі ў Вімпэрк, дзе 5 сакавіка 1948 была арыштаваная, 12 жніўня іх перадалі савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 у турме ў Менску. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прысудзіў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зьняволеньня ў лягерах. На такі ж тэрмін быў асуджаны Янка Геніюш. Пакараньне адбывала ў лягерах Інта і Абезь (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітаваная, тэрмін пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасьля вызваленьня пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславаччыны. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я зь зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.

Напрасткі йду няходжанай сьцежкаю,
Мудрасьць продкаў у гарачай крыві,
Ні прад кім не схіляю пасьпешна
Крыху гордай сваёй галавы.

Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,
Чалавечы мой блытае лёс.
Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.
Розум цемру праніжа наскрозь!»


Ларыса Геніюш

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG