Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 красавіка: Гуканьне вясны ў Менску; 103 гады Барысу Кіту


Гуканьне вясны

Гуканьне вясны

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

Гуканьне вясны ў Цэнтральным парку імя Горкага ў Менску! Пачатак а 12-й гадзіне. Гэта старажытнае сьвята, калі беларусы разьвітваюцца зь зімой і сустракаюць вясну. Галоўная ідэя веснавога цыклу народных сьвятаў – адраджэньне і аднаўленьне прыроды. Прыход вясны шанавалі – клікалі яе на зямлю, прываблівалі яе разнастайнымі гульнямі, сьпевамі і карагодамі, зьвярталіся да сонца, каб тое хутчэй пачало грэць. Прыходзьце заклікаць, сустракаць і радавацца вясьне разам з двума дзясяткамі фальклёрных гуртоў! Пры ўдзеле культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

У Маскве мітынг апазыцыі ў падтрымку зьняволеных пасьля антыўрадавых пратэстаў у траўні летась.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1483 – нарадзіўся Рафаэль, італьянскі мастак і архітэктар.

1905 – нарадзіўся Мікола Хведаровіч, беларускі паэт.

1910 – нарадзіўся Барыс Кіт, навуковец, адзін з найбольш актыўных дзеячоў беларускай эміграцыі. З 1949 жыў у ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але неўзабаве пераехаў у мястэчка Саўт-Рывэр, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амэрыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынём камітэту з 1949 па 1950. Пасьля пераяжджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу. У Лёс-Анджэлесе Барыс Кіт працаваў у фірме North American Aviation, дзе ажыцьцяўляліся касьмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. У 1958 Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць ў аддзеле касманаўтыкі Міністэрства паветраных сілаў ЗША. Выконваў абавязкі экспэрта ў разьвіцьці міжнароднай касманаўтыкі, перад усім савецкай.

1948 – памёр Мікалай Шыла, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, журналіст. Нарадзіўся ў 1888 годзе. У 1909 годзе жыў і працаваў у Вільні, удзельнічаў у выданьні «Нашай Нівы». Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Пад час польска-бальшавіцкай вайны 1920 удзельнічаў у антыпольскім падпольным руху. У 1921 годзе – у Вільні. Быў рэдактарам шэрагу беларускіх газэт левага накірунку, такіх як «Сын Беларуса». Арыштоўваўся польскімі ўладамі. Пасьля Другой сусьветнай вайны эміграваў, з канца 1944 жыў у Заходняй Нямеччыне.

1999 – памёр Генадзь Карпенка, беларускі навуковец і палітык. У 1996 годзе Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, кіраваў працэсам імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі. У 1998 годзе стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Генадзь Карпенка лічыўся лідэрам беларускай апазыцыі і найбольш верагодным кандыдатам ад апазыцыі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Памёр у шпіталі пасьля выдаленьня гематомы. Сьмерць палітыка была нечаканай, бо перад гэтым ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Вясна… Цябе даўно чакалі,
Цябе гукалі: “Прыйдзі хутчэй!”
Жанчыны вусны падфарбавалі,
Зьнікае смутак зь людзкіх вачэй.

Пасьля працяглай зімовай сьпячкі
Павыпаўзалі ўсе з нор сваіх.
Ды толькі радасьць – як скрып наждачкі,
Што закранае мой чулы слых».


Ірына Хадарэнка
XS
SM
MD
LG