Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 красавіка 103-ю гадавіну з дня нараджэньня адзначае Барыс Кіт, беларускі асьветнік, амэрыканскі дасьледчык астранаўтыкі, аўтар першага ў сьвеце падручніка па ракетным паліве.

Барыс Кіт прызнае, што пасьля 100 гадоў кожны дзень народзінаў як юбілей, а на пытаньне, як сябе адчуваеце ў 103 гады, адказвае, што ў такім узросьце добра проста сябе адчуваць.

Барыс Уладзіміравіч кажа, што адзначаць свой 103-ці дзень народзінаў будзе вельмі сьціпла, разам толькі з жонкай Тамарай. Найбольшая радасьць для яго ў гэты дзень — тэлефанаваньні і віншаваньні з многіх краін сьвету ад родных, сяброў і знаёмых:

«Ніякіх плянаў на сьвяткаваньне ў мяне няма. Я раблюся такі стары, што наагул нічога ня хочацца... Калі сплю, то мне ўсё сьніцца маё мінулае».

Калі сплю, то мне ўсё сьніцца маё мінулае
Нядаўна Барыс Кіт пераехаў з асобнай кватэры, у якой жыў каля трыццаці гадоў, у інтэрнат для састарэлых у Франкфурце-на-Майне.

З 700 пастаяльцаў ён там самы стары, але, у адрозьненьне ад многіх, можа хадзіць з кіёчкам, гуляе на вуліцы, часам чытае газэты, глядзіць тэлевізар, хоць і скардзіцца, што зрок і слых ужо ня тыя, як раней:

«Я ўвесь час змагаюся, каб не асьлепнуць, лячуся... Думаю, што я самы стары беларус у сьвеце. Я сам дзіўлюся, што я жыву так доўга. Шмат разоў у жыцьці я амаль паміраў. Напрыклад, месяц сядзеў у Глыбокім у турме, зь якой штоноч гестапа выводзіла людзей на расстрэл... І было шмат іншых выпадкаў. Але Бог даў доўгае жыцьцё», — кажа спадар Кіт.

Барыс Кіт жартуе, што нават стаміўся жыць, але разам з гэтым прызнае, што яму яшчэ шмат што цікава ў жыцьці. У студзені гэтага году Барыс Кіт узяў удзел у відэапраекце «Свабоды» да агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Барыс Кіт згадвае ў размове многіх беларускіх дзеячоў перадваеннага часу, зь якімі быў знаёмы ці сябраваў, эпізоды з жыцьця Віленскай беларускай гімназіі, у якой ён працаваў настаўнікам і дырэктарам, разгром «Грамады», актывістам якой быў, допыты польскай паліцыі, вайну. Кіт застаўся ці не апошнім жывым сьведкам тых падзей:

Шкада толькі, што сярод беларусаў ніколі не было паяднаньня
«Ніхто не застаўся. Адзін я пакуль што застаўся. Жыць доўга — гэта ня ёсьць радасьць, вось калі я быў малады, тады хацелася жыць і нешта рабіць для Бацькаўшчыны. Нешта мы зрабілі для Беларусі. Шкада толькі, што сярод беларусаў ніколі не было паяднаньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG