Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і Нацыянальны банк зьбіраюцца давесьці долю безнаяўных разьлікаў да 50% да 1 студзеня 2016 году.

Плянуецца павялічыць колькасьць тэрміналаў для банкаўскіх картак. Ставіцца задача на працягу дух гадоў перайсьці на выплату зарплаты работнікам суб’ектаў гаспадараньня ўсіх формаў уласнасьці праз рахункі ў банках.

Па выніках 2012 году доля безнаяўных разьлікаў у Беларусі склала 13,2% у розьнічным гандлі і 11,8% — у аб’ёме платных паслуг насельніцтву.

Сумесны плян ураду і Нацбанку патрабуе давесьці ў 2015 годзе безнаяўныя разьлікі да 50% і павялічыць колькасьць аб’ектаў, якія ў абавязковым парадку павінны быць абсталяваныя плацёжнымі тэрміналамі. Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч перакананы, што кірунак правільны:

«Гэта робіцца ўсё паступова. Спачатку мы ахопліваем гарады з насельніцтвам больш за 50 тысяч, потым — больш за 20 тысяч, цяпер ужо ў аграгарадках ёсьць магчымасьць карыстацца безнаяўнымі разьлікамі. Тут патрэбна толькі жаданьне самога насельніцтва».

Карэспандэнтка: «Але бабулька 80-гадовая зь вёскі наўрад ці захоча карыстацца...»

«Тут галоўнае — ніхто нікога прымушаць ня будзе. Сутнасьць гэтага дакумэнту — у папулярызацыі безнаяўных разьлікаў. А ўжо пераходзіць на іх ці не — гэта воля кожнага».

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа, што рашэньне гэтае заўчаснае. Калі год таму абмяркоўвалася гэтае пытаньне, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу казалі, што ня трэба даходзіць да фанатызму і дамагацца, каб у кожным шапіку быў тэрмінал:

«Нідзе гэтага ў сьвеце няма, нават у ЗША няма. Але яны ціхенька адседзеліся паўгода і прынялі рашэньне да 50% абароту загнаць у безнаяўныя разьлікі. На жаль, гэта сьведчыць пра тое, што мы ня можам узважаныя рашэньні прымаць. У нас лабіраваньне буйных алігархічных структур перамагае здаровы сэнс. Гэты дакумэнт не ўзгадняўся ані з Радаю па разьвіцьці прадпрымальніцтва, ані зь дзелавой супольнасьцю».

Што тычыцца пераводу заробкаў на банкаўскія рахункі, то ў малым і сярэднім бізнэсе гэта яшчэ і не пачыналася, дык таксама будуць складанасьці, перакананы Віктар Маргелаў.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч выказаў наконт гэтага такое меркаваньне:

«Вядома, трымаць свой прыбытак у цені — для іх лепш пры наяўных разьліках. А безнаяўныя — усё будзе на ўліку».

Фінансавы аналітык Валер Палхоўскі выказаў думку, што само імкненьне пераходзіць на безнаяўныя разьлікі ўхвальнае. А вось наколькі гэта будзе рэалізавана — пытаньне.

Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

«Усё будзе ўпірацца ў тое, якая колькасьць плацёжных тэрміналаў і зь якой хуткасьцю яна будзе расьці. У параўнаньні з 2011 годам колькасьць плацёжных тэрміналаў вырасла, згодна з інфармацыяй Бюлетэня банкаўскай статыстыкі, прыкладна на 30%. Гэта досыць высокія тэмпы росту. Наколькі гэта будзе насіць паўсюдны і пагалоўны характар — напэўна, наўрад ці».

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа, што з усталяваньнем і тэхабслугоўваньнем тэрміналаў і банкаматаў таксама будуць праблемы:

«Тэрміналы ня танныя, яны імпартныя. Іх абслугоўвае манапаліст, Банкаўскі працэсінгавы цэнтар, за шалёныя грошы. Яны ніяк ня могуць разьвязаць дэманапалізацыю. Але, вядома, прыбыткі ад гэтага бізнэсу вельмі прыстойныя. Таму ім вельмі хочацца пашырыць гэтую сфэру. А дэманапалізацыяй займацца, канкурэнцыю ладзіць — на жаль, не атрымліваецца ў банкаўскай сыстэмы. Альбо ня хочацца».

Згодна з дакумэнтам ураду і Нацбанку мяркуецца забараніць аплачваць буйныя пакупкі за наяўныя. Раней у якасьці гранічнай велічыні, пасьля якой разьлік магчымы толькі па картцы, называлася 100 базавых велічыняў (10 мільёнаў рублёў). Канчатковай лічбы банк не агучыў — маўляў, пытаньне будзе прапрацоўвацца.
___________________________________________

У Беларусі ўсталявана 56 тысяч плацёжных тэрміналаў для безнаяўных разьлікаў, працуе 4221 інфакіёск, 3701 банкамат, у 97% зь іх уладальнікі картак могуць ня толькі атрымліваць гатоўку, але і аплачваць паслугі. Нягледзячы на гэта, «бязнал» пакуль ня здолеў сур’ёзна пацясьніць наяўныя: у 2012 годзе доля безнаяўнага грашовага абароту ледзь перавысіла 10%.
XS
SM
MD
LG