Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утрыманьне пад вартай былога дырэктара санаторыя «Беларусь» у Сочы Георгія Саракашыша працягнутае да 21 красавіка.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш застаецца ў СІЗА КДБ пасьля затрыманьня ў Менску 21 сьнежня мінулага году. Санаторый «Беларусь» належыць да гаспадаркі Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.

На пытаньні карэспандэнта Свабоды адносна Георгія Саракашыша і іншых былых супрацоўнікаў кіраўніцтва справамі прэзыдэнта кіраўнік управы па сувязях з грамадзкасьцю КДБ Аляксандар Антановіч адказаў: «Без камэнтароў».

Сваякі зьвярталіся ў амбасаду Расеі ў Менску і ў МЗС Расеі. Яны лічаць, што калі Георгі Саракашыш нават і ўчыніў злачынства, то гэтае злачынства павінны былі разьбіраць у Расеі. Аднак беларускі МЗС адказаў у ноце, што злачынства было ўчынена на тэрыторыі Беларусі. Беларускія спэцслужбы падазраюць Саракашыша ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Саракашыш скардзіцца на здароўе, у яго хворае сэрца,праблемы з сасудамі на нагах, ад холаду пастаянна мерзнуць ногі. Сваякам пакуль не дазволілі спатканьня з арыштаваным.

Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Менск-Арэна».

Пад перасьлед трапіў і намесьнік Саракашыша, беларус Аляксандар Кізім. Былы першы намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ на пачатку году. Потым пайшоў у адстаўку і кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут, які, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзіцца пад хатнім арыштам. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG