Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Расеі і Польшчы сёньня дамовіліся аб аднаўленьні будаўніцтва другой ніткі газаправоду «Ямал — Эўропа».

Як паведамляе ўправа інфармацыі «Газпрома», кіраўнік праўленьня ААТ «Газпром» Аляксей Мілер і генэральны дырэктар польскай кампаніі «ЭўРаПол ГАЗ» Міраслаў Добрут падпісалі ў Санкт-Пецярбургу Мэмарандум аб узаемаразуменьні па праекце «Ямал — Еўропа-2».

Дакумэнт прадугледжвае будаўніцтва дадатковых газатранспартных магутнасьцяў (ня менш за 15 мільярдаў кубамэтраў газу праз тэрыторыю Польшчы ў кірунку Славаччыны і Вугоршчыны) дзеля надзейнага, гарантаванага забесьпячэньня расейскім газам эўрапейскіх спажыўцоў.

Тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне праекту павінна быць падрыхтавана на працягу шасьці месяцаў.

Газаправод павялічыць транзытныя магутнасьці для паставак газу і скароціць выдаткі на яго транспартаваньне.

«Маршрут газаправоду пройдзе па тэрыторыі Польшчы, а праектныя і будаўнічыя працы будуць выкананыя пры актыўным удзеле нашых польскіх партнэраў», — цытуе прэсавая служба Аляксея Мілера.

3 красавіка Ўладзімер Пуцін даручыў Аляксею Мілеру вярнуцца да прапрацоўкі праекту газаправода «Ямал — Эўропа 2» праз тэрыторыю Беларусі, каб павысіць надзейнасьць паставак у Польшчу, Славаччыну і Вугоршчыну.

Мілер, са свайго боку, заўважыў, што транзыт празь Беларусь — самы эканамічна эфэктыўны. Пры гэтым ён нагадаў, што газатранспартная сыстэма Беларусі знаходзіцца ва ўласнасьці «Газпрома».

У той жа дзень міністар дзяржаўнай казны Польшчы Мікалай Будзаноўскі заявіў у Варшаве: ідэя аднаўленьня праекту будаўніцтва газаправоду «Ямал — Эўропа 2» уяўляецца сумнеўнай з улікам новых праектаў Польшчы ў галіне транспартаваньня газу.

«Мы выбіраем крыху іншую мадэль — мадэль дывэрсыфікацыі і пошуку новых пастаўшчыкоў, каб цана была максымальна нізкай», — падкрэсьліў польскі міністар.

Будзаноўскі таксама нагадаў, што рашэньне аб пракладцы другой ніткі газаправоду праз тэрыторыю Польшчы знаходзіцца «ў выключнай кампэтэнцыі польскага ўраду», а апэратар будаўніцтва газаправодаў на тэрыторыі Польшчы — падкантрольная дзяржаве кампанія Gaz-System.

Зь беларускага боку пярэчаньняў супраць будаўніцтва другой ніткі газаправоду няма. Афіцыйны Менск ня раз заклікаў Маскву вярнуцца да гэтага праекту. «Ямал — Эўропа 2» мае быць таньнейшы, чым падводныя газаправоды, якія «Газпром» рэалізуе апошнім часам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG