Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст Гары Паганяйла: КДБ заводзіць справу і сам арганізуе экспэртызу


Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла пракамэнтаваў рашэньне скліканай КДБ экспэртнай камісіі аб прызнаньні экстрэмісцкім фотаальбома «Прэс-фота Беларусі» за 2011 год.

«Сапраўды, у Беларусі ўведзеныя і дзейнічаюць законы, якія змагаюцца з экстрэмізмам. І таксама існуе практыка накіраваньня ў суды такіх спраў КДБ, які і адказны за гэтую барацьбу. Паводле гэтай практыкі ў нас былі выпадкі, калі суды адмаўлялі ў задавальненьні пазоваў. Гэта было, калі КДБ не прадстаўляў дастаткова доказаў, што ў матэрыялах знаходзяцца прыкметы экстрэмісцкай дзейнасьці. Што будзе з гэтай канкрэтнай справай, ня ведаю. Але ўжо выклікае насьцярогу тое, што той жа КДБ, які ініцыюе справу, ён жа праводзіць экспэртызу, якая прызнае матэрыялы экстрэмісцкімі. Вядома, неабходна стварыць асобны экспэртны камітэт, і, магчыма, тое, што цяпер вырашана стварыць такі камітэт, гэта зьменіць сытуацыю. Але пакуль — тое, што ёсьць: КДБ заводзіць справу і сам жа арганізуе экспэртызу».

Карэспандэнт: А якое ваша асабістае меркаваньне пра гэты фотаальбом?

«Па тых карцінках, якія я бачыў, там няма ніякага экстрэмізму. Паводле ідэалёгіі, якая ў нашай дзяржаве, — так, гэта не супадае. Там сапраўды ёсьць крытыка цяперашніх парадкаў, ёсьць шакуючыя карцінкі — гэта так. Але гэта толькі пытаньне густу. Няма нічога, што можна было б прывязаць да экстрэмізму. Вось я памятаю фатаздымак ваеннаслужачых, ёсьць здымкі разгону дэманстрацыі супрацоўнікамі міліцыі. Там ёсьць гумарыстычныя здымкі, калі на Лукашэнку падчас прамовы адлюстроўваюцца рэчы і атрымліваецца клякса на носе. З гэтага можна пасьмяяцца, але ніякага экстрэмізму ў гэтым няма. Ёсьць фатаздымак з нацыянальным гістарычным сьцягам — ну і што? У чым тут экстрэмізм? Гэта пазыцыя фотамастака, а права на такое меркаваньне — гэта права канстытуцыйнае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG