Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок Памяці. Віктар Чарноў


Віктар Чарноў
Віктар Чарноў

На 57 годзе дачасна сышоў з жыцьця навуковец, палітоляг, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Чарноў. Апошнім часам ён цяжка хварэў, але да канца працягваў рабіць сваю справу. Пра сябра і калегу згадваюць калегі, аднапартыйцы, аднакурсьнікі.

Ад пачатку ўтварэньня АГП Віктар Чарноў быў яе сябрам. Адным з самых блізкіх паплечнікаў цягам усіх мінулых гадоў заставаўся Аляксандар Дабравольскі. Для яго навіна пра сьмерць Віктара Чарнова стала асабістай трагедыяй:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі
«Пра хваробу было вядома, але нават лекары дакладна ня ведалі, у чым усё ж справа. Яму пры канцы мінулага году зрабілі апэрацыю на падстраўнікавай залозе. Фактычна ад таго часу ён адчуваў сябе кепска. Толькі ў апошні момант лекары сказалі, што, хутчэй за ўсё, гэта анкалёгія. Прынамсі, ягонаму сыну Юрыю патлумачылі, што анкалёгія на 90%. У апошнія месяцы ў Віктара амаль пастаянна трымалася вельмі высокая тэмпэратура — на ўзроўні 38 градусаў. І ён то ў шпіталь трапляў, то вяртаўся дадому. І якраз калі мы ладзілі нашу партыйную школу АГП, арганізатарам і ўдзельнікам якой ён быў, яго зноў забралі ў шпіталь».

Палітоляг Сяргей Нікалюк апошнім часам шмат кантактаваў зь Віктарам Чарновым, яны ў тандэме пісалі навукова-аналітычныя матэрыялы. Кажа, што Чарнову так і не ўдалося пераадолець чорную паласу, у якой ён апынуўся:

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
«Зь ім было вельмі добра працаваць, гэта быў адзін зь нямногіх прафэсійна граматных палітолягаў у Беларусі. На жаль, такія людзі былі ў цэлым незапатрабаваныя. Невыпадкова ўва ўсіх нашых сумесных працаў быў зьнешні заказчык, бо тут яны былі ў прынцыпе нікому не патрэбныя, што надзвычай сумна. Банальная фраза, але для беларускай паліталёгіі гэта вялікая страта. Я зь ім часта кантактаваў, таму што мы былі зь ім цесна завязаныя на некаторыя праекты. І ён сам гаварыў, што ўвогуле пачалася чорная паласа. Жонка памерла, асабістае здароўе — год таму ён ужо ляжаў у шпіталі, і насамрэч гэта быў пачатак яго хваробы. Узьніклі праблемы з жыльлём — яно было арандаванае і яго сабраліся ўжо высяляць. А каб пачаць вырашаць пытаньне, трэба была згода жыльцоў па пераводу жыльля зь ведамаснага ў прыватнае. А ў доме, дзе ён жыве, 1200 кватэраў. Дык вось я і іншыя знаёмыя, калегі хадзілі па пад’ездах, зьбіралі подпісы, што жыльцы ня супраць. Ён жа ў гэты час ужо дрэнна сябе адчуваў і ў гэтым удзелу ўжо ня браў. Так што навалілася ўсё адразу».

Сябра Віктара Чарнова яшчэ ад студэнцкіх часоў Андрэй Вардамацкі цяпер жыве і працуе ў Польшчы. Пасябравалі яшчэ падчас вучобы ў Белдзяржунівэрсытэце, дзе Вардамацкі вучыўся на філязофскім факультэце, а Чарноў разам з будучай жонкай Тацьцянай — на гістфаку. Андрэй Вардамацкі кажа, што якраз дачасная сьмерць жонкі тры гады таму ў немалой ступені падкасіла Віктара Чарнова:

Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі
«Хоць мы вучыліся на розных аддзяленьнях, але заўсёды разам былі ў адных аўдыторыях, калідорах, нават на зборах вайсковых былі зь Віктарам. І надалей усё жыцьцё падтрымлівалі адносіны. Таму для мяне гэта частка жыцьця. У іх сям’і было моцнае, добрае, прыгожае каханьне. І гэта таксама, я думаю, паўплывала. Тацьцяну ён заўсёды вельмі цёпла ўзгадваў, бо страта яшчэ сьвежая. У яе была тая самая сумная хвароба, пры якую ўслых не гавораць... Разумееце, Віктар ня быў, як кажуць, модным палітолягам у ладным гладкім пінжаку, які можа падаваць сябе, але ён вельмі глыбокі ў сваіх ведах. Да таго ж ягоная шчырасьць не дазваляла яму ўпісвацца ні ў кантэксты афіцыйнага істэблішмэнту, дзе ёсьць „правільныя“ палітолягі, ні ў кантэкст таго, хто „правільна“ сябе паводзіць з маркетынгавага, піярнага пункту гледжаньня апазыцыйнага мысьлярнага працэсу. Так бывае, калі такая вось шчырасьць не заўсёды прыводзіць да шумнага посьпеху. Але ён быў прысутны і абсалютна неабходны гэткай кропкай, вяхой, часткай інтэлектуальнага грамадазнаўчага поля ў Беларусі».

Калегі Віктара Чарнова кажуць, што пры ўсіх сваіх здольнасьцях і багатых ведах ён мог зрабіць добрую кар’еру і стаць публічнай асобай. Аднак Чарноў выбраў іншы кірунак, нават не дапускаючы думкі пра тое, каб гандляваць сумленьнем. За незгаворлівасьць і вальналюбства яго папрасілі з шэрагу ВНУ, дзе ён выкладаў. Спачатку зь Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, пасьля з Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, нарэшце — зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў лічыць, што такім чынам сучасная сыстэма прызнала Чарнова ідэалягічна «чужым»:

«Гэта мы ўжо ўспрымалі, ведаеце, як звычайную зьяву, непазьбежнасьць для тых людзей, якія спрабуюць адстойваць свой пункт гледжаньня на разьвіцьцё грамадзтва, на сытуацыю ў краіне. Таму гэта як плата. І тое, што ён праз гэта прайшоў годна, выклікае толькі павагу. Ад Віктара ў мяне самыя найлепшыя ўражаньні засталіся. Вельмі разумны чалавек, я нават зьдзіўляўся. Я старэйшы за яго на дзясятак гадоў, але быў уражаны: такі малады, але ўсё так грунтоўна разумее, разьбіраецца ў палітычных справах. І піша вельмі добра, даходліва. Самыя лепшыя ўспаміны. Але такі лёс, божачка мой. Хай яму зямля будзе пухам».

Экспэртныя матэрыялы Віктара Чарнова, прысьвечаныя палітычнай сытуацыі ў Беларусі, часта зьяўляліся ў замежным друку. У Беларусі ягоныя артыкулы друкаваліся ў незалежных выданьнях, часта ягоныя камэнтары гучалі і ў эфіры Радыё Свабода. Адзін з апошніх архіўных запісаў тычыўся пэрспэктываў беларускай эканомікі на тле ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю:

«Нам ад гэтага лепш ня будзе, я перакананы ў гэтым стопрацэнтна. Я маю на ўвазе — беларускай эканоміцы. Бо на практыцы гэта азначае, што ўступленьне ў WTO Расеі ў далейшым будзе толькі спрыяць прасоўваньню расейскага капіталу ў беларускую эканоміку. Іншымі словамі, гэта вельмі выгадна Расеі, але ня думаю, што тут ёсьць адчувальныя перавагі для Беларусі — наадварот, узьнікае небясьпека далейшай капіталізацыі беларускай эканомікі расейскім капіталам. З аднаго боку, калі сюды ў Беларусь пойдзе танны імпарт, ад гэтага, вядома, могуць выйграць беларускія спажыўцы, але, зь іншага боку, беларускія вытворцы шмат страцяць. Прынамсі, яны ня здолеюць атрымаць якіясьці прэфэрэнцыі, як гэта належыць краіне — афіцыйнаму сябру WTO. Таму я ня бачу нейкіх больш-менш спрыяльных пэрспэктываў для беларускай эканомікі пры цяперашнім папулісцкім эканамічным курсе».

Разьвітаньне зь Віктарам Чарновым пройдзе 6 красавіка ад 11-й да 13-й гадзіны ў менскім Доме рытуальных паслугаў на вуліцы Альшэўскага, 12. Потым нябожчыка крэміруюць.

У Віктара Чарнова ёсьць родны брат, які пераехаў у Канаду, а таксама дарослы сын Юрый, які са сваёй сям’ёй жыве ў Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG