Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотакарэспандэнт Сяргей Гудзілін: Экстрэмізм убачылі ў здымках з Плошчы


Сяргей Гудзілін

Сяргей Гудзілін

Фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін — адзін з аўтараў фотаальбома «Прэс-фота Беларусі» за 2011 год. Ягоны здымак, зроблены ў беларускім войску, стаіць на вокладцы.

Сяргей Гудзілін гэтак пракамэнтаваў рашэньне экспэртнай камісіі прызнаць фотаальбом экстрэмісцкім.

«Па-першае, у мяне вялікае пытаньне да камісіі, да тых экспэртаў, якія бралі ў гэтым удзел. Бо гэта павінны быць адмыслоўцы ў фатаграфіі, а не сумнеўныя ідэалягічныя супрацоўнікі. Па-другое, экспэрты вывучалі карцінкі, якія адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. Гэта ж не фаташоп, не мантаж, а падзеі рэальнага жыцьця, якія былі зафіксаваныя мной як фатографам і маімі калегамі. Такім чынам, выходзіць, што яны нашу беларускую рэчаіснасьць, зафіксаваную на фота, прызнаюць экстрэмісцкай. Таму незразумелыя крытэры, паводле якіх яны ацэньваюць рэальнасьць».

Карэспандэнт: «Адзін з вашых калегаў, які не пажадаў даць камэнтар адкрыта, выказаў меркаваньне, што фотаальбом прызнаны экстрэмісцкім таму, што ў ім шмат здымкаў пра падзеі 19 сьнежня 2010 году і пазьнейшыя падзеі на гэтую тэму. Што вы скажаце?»

Гудзілін: «З гэтым я пагаджуся. Сапраўды гэта была тэма году, шмат фатографаў яе адлюстроўвалі. Таму, хутчэй за ўсё, гэта адна з галоўных прычын таго, што такая вялікая ўвага аддадзеная гэтаму фотаальбому. Што гэтая інфармацыя пра падзеі 19 сьнежня, пра выбары прэзыдэнцкія распаўсюджваецца для чытачоў і гледачоў».
XS
SM
MD
LG