Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трыццаць гадоў таму, 7 красавіка 1983 году, пайшла з жыцьця Ларыса Геніюш. Разьвітаньне ў Зэльве з апальнай паэткай, сакратаром Рады БНР, былым вязьнем сталінскага Гулагу сталася нечуванай па тым часе дэманстрацыяй беларускай еднасьці. Тысячы людзей праводзілі сваю знакамітую суайчыньніцу ў апошні шлях.

Госьцем перадачы — фотажурналіст Зьдзіслаў Сіцька, які зафіксаваў для гісторыі пахаваньне ў Зэльве.

— Спадар Зьдзіслаў, у 80-я гады вы жылі ў Баранавічах. «Мае баранавіцкія сябры» — гэткі выраз нярэдка сустракаецца ў лістах Ларысы Геніюш. Вы ўваходзілі ў іх лік. Што вас лучыла з Ларысай Геніюш?

— Я сапраўды магу пахваліцца, што меў гонар бываць у зэльвенскай хаце Геніюшаў, маю аўтографы на кнігах. Але словы «мае баранавіцкія сябры» — гэта пра іншых маіх землякоў. Кажучы так, Ларыса Антонаўна мела на ўвазе двух Пётраў — Рашэтніка і Саўчука. Абодва Пётры шмат зрабілі для сям’і Геніюшаў, яны былі разам зь Янкам Геніюшам у лягеры. Менавіта Пётра Саўчук, баранавіцкі фармацэўт, пазнаёміў мяне ды іншых сваіх сяброў з Ларысай Антонаўнай. Я працаваў тады ў рэдакцыі баранавіцкай газэты «Знамя коммунизма», вучыўся завочна на факультэце журналістыкі ў БДУ і нават быў намерыўся напісаць курсавую работу паводле творчасьці Ларысы Геніюш. Я хацеў у сваёй рабоце параўнаць верш «Зубры» Ларысы Антонаўны з паэмай «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Нам было пра што зь ёю пагаварыць, бо яе зацікавіла мая задумка. Праўда, пасьля майго другога гасьцяваньня ў Геніюшаў галоўны рэдактар прапанаваў мне пакаяцца і напісаць, пра што мы гаварылі з Ларысай Антонаўнай. Рэдактар хацеў кампрамату, і мне давялося звольніцца. Пасьля я толькі некалькі разоў наведваў гасьцінны дом Геніюшаў, прыяжджаў і на пахаваньне Янкі Геніюша.

— Давайце вернемся ў тыя красавіцкія дні 1983 году. Вы ад пачатку мелі намер зафатаграфаваць увесь абрад пахаваньня?

— Калі прыйшла сумная вестка пра сьмерць Ларысы Антонаўны і быў прызначаны дзень пахаваньня, я паехаў у Зэльву напярэдадні. Я ня мог не паехаць. Пра наступствы я ня думаў. Да таго ж, я спадзяваўся, што напярэдадні ніхто ня будзе асабліва сачыць. Я намерваўся аддаць даніну памяці і на само пахаваньне ўжо ня ехаць. Але ў хаце Ларысы Антонаўны я сустрэў знаёмых менчукоў, якія, на жаль, мелі такія ж намеры. Але камусьці ж трэба было зафатаграфаваць заўтрашняе пахаваньне! Я вярнуўся ў Менск, узяў фотаапарат і паехаў у Баранавічы, каб быць бліжэй да Зэльвы. Ехаў туды, на жаль, з прыгодамі і трохі спазьніўся. Я добра памятаю той дзень. Было цёпла. У лесе абапал дарогі цьвілі пралескі. Але ж які гэта быў чорны дзень! Калі ў Зэльве я збочыў на вуліцу Савецкую, то ўбачыў каля царквы незлічоную сьціжму людзей. У царкве ўжо заканчвалася адпяваньне. Вырашыў, што буду фатаграфаваць здаля, каб ня кідацца нікому ў вочы.

Абрад адпяваньня ў зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царкве

Абрад адпяваньня ў зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царкве



— Вы згадалі пахаваньне Янкі Геніюша ў 1979-м. «Дома сьвечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад сьнегам сьпяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць,» — гэта радкі зь верша Ларысы Антонаўны. А ці на яе пахаваньні былі заўважныя прадстаўнікі спэцслужбаў? Падчас фатаграфаваньня вам ніхто не чыніў перашкодаў?

— Не, ніхто да мяне не падыходзіў. Я фатаграфаваў здаля, каб была бачная вялікая колькасьць людзей. Жалобная працэсія расьцягнулася амаль на кілямэтар. Наперадзе ішлі дзеці. За імі мужчыны несьлі труну. Несьлі, зьмяняючыся, да самых могілак. На могілках мужчыны неяк асабліва высока ўзьнялі труну па-над зямлёй. А ўдалечыні — Зэльва і навакольныя лясы. А Ларыса Антонаўна — нібы ўжо ў небе... Я не заўважыў, каб нехта некага спыняў ці папярэджваў. Не памятаю, каб былі там міліцыянты. Праўда, потым мне Ўладзімер Арлоў прызнаўся, што мяне спачатку прынялі за чалавека з канторы... Я больш стараўся ўхапіць цікавыя моманты, каб жалобная ўрачыстасьць была дакумэнтальна засьведчана. Мне ня важныя былі асобныя абліччы, мне важна было паказаць, колькі людзей ішло ў працэсіі.

Пахавальная працэсія рухаецца па вуліцы Пушкіна

Пахавальная працэсія рухаецца па вуліцы Пушкіна


— Як вы можаце патлумачыць той факт, што ў савецкім мястэчку ў 1983 годзе на пахаваньне несавецкай грамадзянкі сабралася столькі людзей?

— Тлумачэньне тут адно — і ў савецкім мястэчку жылі людзі. А людзі ў любым выпадку паводзяць сябе па-людзку. У нас ад дзядоў-прадзедаў вядзецца такі звычай — у лепшы сьвет правесьці крэўнага сваяка ці аднавяскоўца. Сям’ю Геніюшаў у Зэльве вельмі паважалі. Шмат хто з зэльвенцаў быў удзячны Янку Геніюшу, бо ён быў вельмі добрым лекарам. І Ларысу Антонаўну паважалі, ганарыліся, што ў Зэльве жыве такая паэтка. А чаго ім было баяцца? Яны ж праводзілі сваю зямлячку.

Доўгая дарога на могілкі

Доўгая дарога на могілкі



На пахаваньні Ларысы Геніюш прысутнічаў і прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, які з намі на тэлефоннай сувязі. Спадар Аляксей, па вашых прыкідках, колькі людзей было на разьвітаньні?

Аляксей Пяткевіч: Я думаю — тысячы, бо працэсія цягнулася з Зэльвы да самых могілак, а гэта даволі далёка. Людзкая плынь была густая, шырокая. Я помню, як аглядаўся ўвесь час, і мяне ўжо тады зьдзіўляла, што столькі людзей выйшла — практычна ўся Зэльва. Чым можна вытлумачыць такую масавасьць? Я не сумняваюся, што прычына ў тым, што Ларыса Геніюш была апальнай беларускай паэткай. Людзі добра ведалі, што яна — persona non grata ў сябе на радзіме. Людзі не маглі выказаць да яе сваіх пачуцьцяў, сваіх адносінаў, хоць яна жыла побач зь імі. А вось правесьці ў апошні шлях чалавека, якога шануеш, — гэта іншая справа. І людзі зрабілі гэта — уся Зэльва выйшла. Гэта была праява здаровага народнага духу.

Над могілкамі, над Зэльвай, над Беларусьсю…

Над могілкамі, над Зэльвай, над Беларусьсю…



— Паэтку адпяваў і ў царкве, і на могілках айцец Васіль Чыкіда, які сябраваў з Ларысай Антонаўнай. Я потым прасачыў яго жыцьцё — ён служыў у Мікашэвічах, затым у Тураве, дзе і пахаваны. Спадар Зьдзіслаў, ці прысутнічалі вы падчас абраду і што можаце сказаць пра яго?

— Айцец Васіль быў незвычайным чалавекам. Ён ня толькі быў духоўнікам Ларысы Антонаўны, але і шчыра апекаваўся сваёй парафіянкай. На могілках айцец Васіль годна і шчыра правёў абрад. Быў там і гурт пеўчых. Пахаваньне прайшло вельмі ўрачыста, калі так можна сказаць пра гэткую жалобную цырымонію. Добра, што вы, Міхась, апублікавалі ў альманаху «Асоба і час» фотаздымак той хвіліны, калі айцец Васіль акрапляе нябожчыцу.

Чын адпяваньня зьдзяйсьняе айцец Васіль Чыкіда

Чын адпяваньня зьдзяйсьняе айцец Васіль Чыкіда



Ларысу Геніюш як паэтку ведаюць ня толькі ў Беларусі. Толькі летась у Варшаве выйшла яе «Споведзь» у перакладзе Чэслава Сэнюха. У Маскве публікаваліся яе вершы ў перакладах Любові Турбіной, а ва Ўкраіне — у перакладах Аксаны Шалак. У нас на сувязі Кіеў. Аксана, скажыце, чым вас прывабіла паэзія Ларысы Геніюш? Вось жа на інтэрнэт-форумах часам можна прачытаць, што яе паэзія старамодная, не сучасная...

Аксана Шалак: Справа ня ў тым, старамодная паэзія ці сучасная. Як казаў Гарсія Лорка, «для мяне неістотна, якім я здаюся, сучасным ці архаічным, важна заставацца самім сабою». Для мяне Ларыса Геніюш і яе паэзія — гэта вернасьць сваім прынцыпам і сабе. Гэта еднасьць паэтычнага слова і паэтычнай долі. Часта так бывае, што паэзія зьяўляецца ідэальнай выявай чысьціні паэта, а ўсё іншае застаецца па-за словам. Жыцьцё не супадае са словам. Дык вось, Ларысы Геніюш для мяне — гэта еднасьць паэта і яго слова. Гэта відавочна сьветлае слова, якое дае жыцьцё. Я памятаю, што вязьні ў Гулагу называлі паэзію Ларысы Антонаўны глюкозай, ведалі яе напамяць, як малітвы. Мне блізкая яе вобразнасьць, яе колеравая палітра. «Уставала сонца, як хвост паўліньні...» — адным радком выказана ўся глыбіня пачуцьця. Неяк у інтэрвію аднаго вядомага ўкраінскага дысыдэнта я прачытала, што калі ён, ужо пасьля сьмерці Сталіна, адбываў пакараньне ў лягеры, то не сустрэў там ніводнага беларуса. Маўляў, беларусы не супраціўляліся таталітарнай сыстэме. Мяне гэта моцна зачапіла, і тады я вырашыла перакладаць паэзію Ларысы Геніюш.

— Спадар Зьдзіслаў, сёньняшняя беларуская ўлада выступае супраць рэабілітацыі Ларысы Геніюш, пра што неаднаразова хадайнічалі перад Вярхоўным судом некалькі грамадзкіх арганізацый. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтае ўпартае нежаданьне ўлады юрыдычна рэабілітаваць Геніюш?

— Думаю, што такія звароты трапляюць найперш да простых сталаначальнікаў. І той службовец, якому трапляе на стол нейкі важны дакумэнт, ня хоча браць на сябе адказнасьць. Яго прынцып — не рабі сабе лішняга клопату. Калі раней адмовілі, то адмоўлю і я. Тым больш, ніхто мне пасьля гэтага заўвагі ня зробіць. А яшчэ, думаю, на адмоўнае рашэньне паўплываў той факт, што Ларыса Геніюш не захацела прыняць савецкае грамадзянства. Як яе ні агітавалі. Але галоўнае на сёньня тое, што кнігі Ларысы Антонаўны друкуюцца, што іх чытаюць беларусы.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG