Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атунбаева: Бакіева выпусьцілі на просьбу трох прэзыдэнтаў


Курманбек Бакіеў з жонкай, красавік 2012

Курманбек Бакіеў з жонкай, красавік 2012

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева заявіла, што зрынутаму прэзыдэнту Курманбеку Бакіеву быў дазволены выезд з краіны паводле яе загаду.

Яна гэта зрабіла, бо «краіне пагражала грамадзянская вайна».

«Цяпер шмат хто вінаваціць тых, хто адпусьціў Бакіева. Я яго адпусьціла, і я гатовая несьці адказнасьць», — заявіла Роза Атунбаева на навукова-практычнай канфэрэнцыі, прысьвечанай рэвалюцыям, якія адбыліся ў краіне ў 2005 і 2010 гадах.

Таксама Атунбаева паведаміла, што гэтае рашэньне было прынятае
на просьбу прэзыдэнтаў Казахстана, Расеі і ЗША, паведамляе партал ca-news.org.

«Многія тады не падтрымалі мяне, і мне прыйшлося ўзяць на сябе адказнасьць. Прэзыдэнты дзьвюх дзяржаў настойвалі на гэтым і казалі, што вам патрэбна наша дапамога, і мы дапаможам. Я ўпэўненая, што ўсе нашы рашэньні былі прынятыя правільна. Пасьля 7 красавіка Бакіеў знаходзіўся на поўдні і набіраў сілу, у краіне была складаная сытуацыя, якая пагражала перарасьці ў грамадзянскую вайну», - адзначыла экс-прэзыдэнт.

27 лютага кіргіская генпракуратура паўторна накіравала ў генпракуратуру Беларусі патрабаваньне аб выдачы Курманбека Бакіева і яго брата Джаныбека Бакіева для выкананьня вынесенага ім прысуду.

Вайсковы суд Бішкецкага гарнізону прысудзіў Курманбеку Баікеву 24 гады пазбаўленьня волі, а яго брату, былому кіраўніку службы дзяржаховы Джаныбеку Бакіеву — пажыцьцёвае зьняволеньне. Яны завочна асуджаныя па справе аб забойстве экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Медэта Садыркулава, Сяргея Сьлепчанкі і Кубата Сулайманава.

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 году на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Ён атрымаў беларускае грамадзянства і набыў нерухомасьць на ўскраіне Менску. Як сьцьвярджае tut.by, пашпарт грамадзяніна Беларусі быў выдадзены Курманбеку Бакіеву яшчэ ў жніўні 2010 году адным са сталічных РУУС. У мінулым годзе ў інтэрнэце зьявіліся фатаздымкі чалавека, падобнага да Джаныбека Бакіева. Здымкі былі зробленыя ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG