Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ вінаваціць фатографаў у экcтрэмізме

абноўлена

У суд выклікаюць Юлію Дарашкевіч, фатографку і арганізатарку конкурсу «Прэс-фота Беларусі». Экспэртыза канфіскаваных летась на мытні альбомаў «Прэс-фота Беларусі» за 2011 год прызнала іх экстрэмісцкімі. Такую ж позву атрымаў і фатограф Вадзім Заміроўскі.

Экспэрт Скрабко: «Былі здымкі, па якіх узьніклі нюансы»

Экспэрт Хілюта: Не спадабаўся здымак пра службу ў войску

Фотакарэспандэнт Сяргей Гудзілін: Экстрэмізм убачылі ў здымках з Плошчы

Як паведамляецца ў лісьце з КДБ, у фотаальбоме «утрымліваюцца наўмысна скажоныя факты пра жыцьцядзейнасьць Беларусі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці». Экспэртыза кваліфікавала альбом як «дзейнасьць грамадзянаў, накіраваную на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці» і аднесла гэтае парушэньне да экстрэмізму.

42 альбомы за 2011 год забралі для экспэртызы на мытным пункце «Каменны лог». Фатографы Юлія Дарашкевіч, Вадзім Заміроўскі і Аляксандар Васюковіч перавозілі іх на прыватным аўтамабілі пасьля шэрагу міжнародных выставаў.

Юлія Дарашкевіч ня ведае, якія менавіта здымкі маглі стаць падставай для такога заключэньня камісіі, аднак адзначае, што гэты альбом фіксаваў падзеі, якія адбыліся ў 2010 годзе.

«Гэта вельмі дзіўна, бо гэта зрэз таго, што адбылося за той год. Ён адлюстроўвае навіны і культурныя падзеі, спорт і прыроду. Мы ня можам казаць, што ўсе здымкі нэгатыўныя. Але фотажурналісты адлюстроўваюць рэчаіснасьць такой, якая яна ёсьць на самой справе. І місія фотажуржурналіста падымаць праблемы, прыцягваць увагу гледачоў да гэтых праблемаў».

Экспэртызу рабілі выкладчыкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту і мясцовыя ідэолягі.

Суд адбудзецца 17 красавіка ў Ашмянах. Фатографы выкліканыя ў якасьці зацікаўленых асобаў.

Адразу пасьля канфіскацыі Юлія Дарашкевіч тлумачыла, што альбомы былі выдадзены цалкам легальна і ўсе мыты на іх даўно сплачаныя.

Мы казалі мытнікам, што дакумэнты на ўвоз гэтых альбомаў у Беларусь ужо ёсьць у іх базе, але яны не змаглі ў сябе гэта пацьвердзіць».

Альбомы «Прэс-фота Беларусі» ўжо аднойчы вымаліся для экспэртызы два гады таму. Іх вярнулі празь месяц.

«Прэс-фота Беларусі» — гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Ён праводзіцца штогод.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG