Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле самых сьціплых падлікаў, каля 75 тысяч беларусаў ужываюць іньекцыйныя наркатычныя сродкі.

Вялікую папулярнасьць набываюць «спайсы», курыльныя сумесі, якія дзеці пачынаюць ужываць з 10-12 гадоў. Летась у Беларусі выяўлена 10 наркалябараторый.

Гэтыя лічбы і факты агучылі сёньня мэдыкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый.

Паводле афіцыйных зьвестак, за мінулы год у Беларусі колькасьць нарказалежных людзей, якія стаяць на ўліку, павялічылася на 8% і складае больш за 15 тысяч чалавек.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Осіпчык падкрэсьлівае, што нарказалежнасьць — гэта біяпсыхасацыяльная праблема. Фактараў шмат, і не апошні зь іх — сацыяльны. Але чалавек, які паспрабаваў раз, два — потым мае залежнасьць і часьцяком нават пры вялікім жаданьні ня ў стане адмовіцца ад наркотыкаў:

«Умоўна кажучы, біялягічныя патрэбы ў нас якія: гэта насычэньне голаду, смагі, сэкс і выхаваньне дзяцей — чатыры асноўныя. Дык вось, задавальненьне біялягічнай патрэбы павышае ўзровень асалоды на 100%, спажываньне алькаголю на 200%, а наркатычны сродак — на 1000%».

У Беларусі выкарыстоўваецца некалькі стратэгій барацьбы з гэтым злом: абмежаваньне прапановы наркотыкаў, абмежаваньне попыту, а таксама зьніжэньне шкоды.

Клясычны падыход да лячэньня: першы этап — дэтаксыкацыя, другі — рэабілітацыя ў стацыянары, і трэці — пазаамбуляторная рэабілітацыя. З апошняй — вялікая праблема, бо ў краіне так званы «сэгмэнт доўгатэрміновай, пазаамбуляторнай рэабілітацыі» прадстаўлены толькі прыватнымі, камэрцыйнымі цэнтрамі.

Рэбілітацыяй займаюцца ў асноўным грамадзкія і рэлігійныя арганізацыі.
Ня кожны бацька можа дазволіць такое лячэньне для свайго дзіцяці

Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Пазытыўны рух» Ганна Любецкая: «Мы працуем з тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў самым нізе гэтай піраміды, зь людзьмі, якія ня могуць спыніць ужываньне наркотыкаў, якія па пэўных прычынах ня могуць пайсьці ў рэабілітацыйныя праграмы. Ад 300 да 1000 даляраў у месяц каштуе лячэньне ў такім цэнтры. Ня кожны бацька можа дазволіць такое лячэньне для свайго дзіцяці».

Востра стаіць і праблема «лёгкіх» наркотыкаў. У інтэрнэце шмат абвестак аб продажы «спайсаў», курыльных сумесяў. Калі пасьля ўжываньня такіх наркотыкаў мэдыкі праводзяць абсьледаваньні — не знаходзяць ні алькаголю, ні якіх-небудзь псыхаактыўных рэчываў у арганізьме, але фіксуюць відавочны стан нейкага таксычнага ап’яненьня. Галоўны нарколяг Сяргей Осіпчык кажа, што рэчывы, якія знаходзяцца ў курыльных сумесях, не ўваходзяць у пералік наркатычных сродкаў:

«Пакуль не ўваходзяць. А чым яны небясьпечныя — вельмі хутка разьвіваецца залежнасьць. А ў выпадку сындрому адмены вельмі хутка разьвіваюцца псыхасаматычныя расстройствы, псыхозы. А псыхозы часьцяком прыводзяць да суіцыдаў у псыхатычным стане».

Міліцыя зазначае, што празь месяц будзе прыняты дэкрэт пра абмежаваньне продажу маку. Літаральна кожныя 3 месяцы сьпісы забароненых рэчываў абнаўляюцца, але імгненна зьяўляюцца новыя, дзе ў складзе зьменена адна якая-небудзь малекула.

Паводле палкоўніка міліцыі Васіля Лосіча, за мінулы год раскрыта 4207 злачынстваў, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў, зь якіх 884 зьвязана са збытам. Выяўлена 10 наркалябараторый, у асноўным па вырабе сынтэтычных наркотыкаў амфітамінавага шэрагу, закрыта 18 памяшканьняў, абсталяваных для вырошчваньня высакаякаснай марыхуаны.

Загадчык наркалягічнага аддзяленьня № 18 Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Вячаслаў Пятроў заявіў, што ўпершыню дзеці спрабуюць наркотыкі ў 12–13 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG