Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі аб’ядноўваюцца супраць ушчыльненьня


Прамаўляе актывістка ініцыятыўнай групы ў абарону стадыёна на Цнянскай вуліцы Вера Цітовіч

Прамаўляе актывістка ініцыятыўнай групы ў абарону стадыёна на Цнянскай вуліцы Вера Цітовіч

Ініцыятыўныя групы грамадзян, якія пратэстуюць супраць палітыкі ўшчыльненага будаўніцтва ў Менску, падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе. Пры пасярэдніцтве кампаніі «Эўрапейская пэрспэктыва» яны жадаюць уплываць на горадабудаўнічую палітыку Менгарвыканкаму.

Будаўніцтва кітайскага гатэлю ў парку 40-годзьдзя Кастрычніка, знос аўтавакзалу «Маскоўскі», плянаваныя новабудоўлі ў мікрараёне Ўручча і Севастопальскім парку — толькі некаторыя праблемныя пункты сутыкненьня інтарэсаў гарадзкіх уладаў і мясцовых жыхароў. Каб бараніць свае правы, менчукі вырашылі аб’яднацца.

Актывістка Вера Цітовіч: «Цягам дзясятка гадоў мы жывем у стане абароны, а цяпер ужо і ў стане вайны. Нашая вуліца Цнянская прылягае да Камароўскага рынку. Гэта і загазаванасьць, і цяжкая экалягічная сытуацыя. У нас было адзінае сьветлае месца — стадыён. Нам шэсьць разоў прапаноўвалі плян зьнішчэньня гэтага стадыёну і яго забудовы. Таму мы, жыхары, вырашылі ня толькі пісаць лісты пратэсту, а мы вырашылі аб’ядноўвацца. Таму мы вырашылі скласьці такі дакумэнт — мэмарандум. То бок пазначыць сябе ня толькі як нейкую групу асобаў, а як пэўную арганізацыю, якая аб’ядноўваецца дзеля супрацоўніцтва і дапамогі адна адной».

Першымі крокамі новага аб’яднаньня грамадзянаў мае стаць стварэньне Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму з удзелам сяброў ініцыятыўных групаў. Актывісты таксама плянуюць дамагчыся, каб так званыя «трацейскія судзьдзі» ад Беларускага саюзу архітэктараў, якія выступаюць экспэртамі ў канфліктных сытуацыях, дзейнічалі празрыста. Таксама прыцягнуць да гэтай працы дэпутатаў усіх узроўняў і зьвярнуцца ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Бо, на думку ініцыятараў новага аб’яднаньня, у пытаньнях ушчыльненага будаўніцтва вялікі ўплыў мае карупцыйны складнік.

Адзін з ініцыятараў аб’яднаньня, актывіст ініцыятыўнай групы дзеля абароны аўтавакзалу «Маскоўскі» Віктар Талмачоў

Адзін з ініцыятараў аб’яднаньня, актывіст ініцыятыўнай групы дзеля абароны аўтавакзалу «Маскоўскі» Віктар Талмачоў

Віктар Талмачоў: «З 1997 году мы займаемся і праблемай Севастопальскага парку, і іранскім забаўляльным цэнтрам, ад якога нядаўна ледзь адбіліся. У 2007 годзе высьветлілася прычына ўшчыльненага будаўніцтва: будаўнічыя фірмы, якія выкарыстоўваюць дзейную інфраструктуру, атрымліваюць 300% прыбытку і маюць вялікую магчымасьць падкупляць адміністрацыю любога ўзроўню. У асноўным іх аб’ект — упраўленцы Менгарвыканкаму. Пра аднаго зь іх вы ведаеце — Ігар Васільеў, якога гэтыя будаўнічыя фірмы разбэсьцілі гэтак, што ён пачаў браць хабар, непамерны нават для прэзыдэнцкай адміністрацыі. Трэба забудоўвацца, патрэбныя новыя кватэры, і тут дакладна вырашаецца пытаньне: пабудавалі мікрараён, 20 гадоў прайшло — усё, ніякіх больш забудоваў».

Новае аб’яднаньне грамадзянаў узьнікла пры падтрымцы кампаніі «Эўрапейская пэрспэктыва» і пакуль не плянуе рэгістравацца ў якасьці грамадкай арганізацыі. Актывісты маюць намер стварыць працоўную каардынацыйную групу і заклікаюць далучацца да ініцыятывы ўсіх грамадзян, хто наважыўся бараніць свае правы і грамадзкія інтарэсы.

Аркушы з подпісамі грамадзянаў пад лістамі пратэсту супраць ушчыльненай забудовы

Аркушы з подпісамі грамадзянаў пад лістамі пратэсту супраць ушчыльненай забудовы

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Дзяніс Кабрусёў: «Задача гэтага мэмарандуму — аб’яднаць людзей дзеля ўзаемадапамогі і дзяленьня вопытам. Бо вопыт ва ўсіх адзін: мы кантактуем з аднымі і тымі ж чыноўнікамі, адны і тыя ж чыноўнікі навязваюць свае думкі і ня ўлічваюць думак грамадзянаў. А таксама дзеля павелічэньня ўплыву грамадзянаў, бо тое, што тут сабраліся прадстаўнікі шасьці ініцыятыўных групаў, паказвае на факт ня проста кропкавай забудовы, а на факт сыстэмны. Гэта значыць, сыстэмна ў Менску праводзіцца палітыка будаўніцтва без уліку думкі грамадзянаў».

Паводле Дзяніса Кабрусёва, на сёньня інфармацыйную падтрымку аб’яднаньню грамадзянаў дапамагае арганізаваць «Эўрапейская пэрспэктыва» праз свой інтэрнэт-сайт. Інфармацыю пра сваю дзейнасьць рыхтуюць і самі актывісты новага аб’яднаньня.
XS
SM
MD
LG