Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая вада прыйшла на Палесьсе. Выйшла зь берагоў Прыпяць. Падтопленыя дзясяткі сядзібаў і лецішчаў у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Мазырскім раёнах. Сытуацыю ўскладняе талая вада. Ад яе церпяць у райцэнтры Калінкавічы многія жыхары вуліц Лермантава, Лясной, Панова.

Ніякія вялікія рэчкі праз горад не працякаюць. Аднак мясцовыя будаўнікі й камунальнікі ўладкавалі тэрыторыю так, што на вуліцах Лермантава, Лясной вясною робяцца азёры талай вады. Ліўневыя трубы забітыя сьмецьцем альбо іх наагул няма, таму вада бяжыць у гароды й дамы гараджанаў.

Апавядае жыхарка вуліцы Лермантава спадарыня Ніна:

«Вось гэтыя ўсе хаты — усе падтопленыя. Лермантава 61, 57, 55, 53 — і вось туды далей. Зь лістапада ў мяне ў хаце вада. Падлогу яшчэ не засьцілае, а фундамэнт грубы ўвесь у вадзе, ён разбураецца. У пограбе вада. І гэта таму, што не спрацоўвае ліўневая труба — яна засьмечаная. Спусьцілі сюды ўсю ваду ад вуліцы Савецкай. Трубы не пракладалі, толькі праз нашу дарогу тут паклалі. А ў гародах зрабілі каналы. І ўся гэтая вада ляціць сюды».

Пэнсіянэрка кажа, што са сваёй праблемай хадзіла да старшыні райвыканкаму Івана Піліпца, які жыве за некалькі соцень мэтраў ад пакутнай вуліцы — на другім баку мэліярацыйнага каналу, у так званым «царскім сяле». Але на прыём да раённага кіраўніка яе не пускаюць — пераадрасоўваюць у камунальную службу:

«Прасілася ад лістапада й хадзіла да Піліпца — не пускаюць. Кажу: запішыце мяне, што вы не пускаеце? А яны: ЖКГ — і ўсё. А камунальнікі так робяць: прыйдуць, бачыце, помпу паставяць, адпампуюць крыху — і сыходзяць. А раніцай пацяплее — і зноў адтуль вада, бо той бок вышэйшы, а тут, у нас, нізіна».

Пра свае пакуты апавядае й гаспадыня дома № 57 Тацяна:

«Я зьвярталася неаднаразова ў „Камунальнік“, тэлефанавала. Яны ў лютым прыехалі, пакорпаліся. Тады яшчэ не было такога наплыву вады — і яна сышла. У сакавіку, калі ў нас была такая ж паводка, мы тэлефанавалі і на „гарачую лінію“, і куды толькі не тэлефанавалі. Таксама пачалі нейкія рамонтныя працы, але, як кажуць, воз і дагэтуль там. Нічога ня зроблена. Поўны склеп вады. З-пад падлогі празь дзесяць сантымэтраў наверх паплыве. Пачынае трэскацца фундамэнт. Хто мне будзе за рамонт плаціць?»
Ніна і Тацяна — суседкі па няшчасьці

Ніна і Тацяна — суседкі па няшчасьці


Жанчына кажа, што яна з мужам таксама дамагалася, каб улады дапамаглі ўратавацца ад вады. Але пакуль усё абмяжоўваецца паўмерамі:

«Мой муж хадзіў у райвыканкам у гумовых ботах да Піліпца, калі гэта толькі ўсё пачалося ў лютым месяцы. І ўчора я тэлефанавала ў „Камунальнік“. Дырэктар слухаўкі не бярэ. А ў прыёмнай мне кажуць: „Перадам усе вашыя патрабаваньні“. Кажу, што я пайду да Піліпца, старшыні райвыканкаму — тут ён побач жыве. Буду, кажу, стукацца: няхай прыходзіць. Ну, праўда, прыехалі ратавальнікі, адпампавалі, а так бы вада была ўжо ў доме».

Пакуль мы размаўлялі з жыхарамі вуліцы Лермантава, пад’ехалі на грузавіку камунальнікі й згрузілі блізу залітага вадою завулка вадзяную помпу. Яе запусьцілі — і з парванага рукава пачалі біць фантаны вады.

Мясцовыя жанчыны абступілі камунальнікаў з прэтэнзіямі. Усчалася перапалка:

Камунальшчык: «Калі гэта ня вы, дык скажыце дзякуй таму, хто кідае сьмецьце ў гэтыя трубы. Мы ж сюды не прыйшлі, не забілі іх».

Жанчына: «Тут утварыўся сапраўдны катлаван. Калі б быў добры раўчук ці труба, нічога гэтага не было б».

Камунальшчык: «Там, на вуліцы Лясной, таксама кажуць, што пабудаваў гаспадар дом і закапаў ліўнёўку. Людзі таксама топяцца. Пакладзем трубу! Дайце толькі разабрацца — усё ж толькі пачалося. І з таго боку, і з таго, і з другога. Усе плачуць! А мы што, разарвемся?»

Жанчына: «Вось гэтая ваша копанка — яна ж вышэй, чымсьці вада».

Камунальшчык: «Ды пракладуць трубу ніжэй, пракладуць!»

Жанчына: «Між іншым, вы павінны трубы сеткамі закрываць, каб сьмецьце не трапляла. А вы не загарадзілі сеткамі».

Начальнік цэху добраўпарадкаваньня прадпрыемства «Камунальнік Калінкавіцкі» Ўладзімер Есьман лічыць, што патоп на вуліцы распачаўся зь віны газавай службы:

«Што здарылася? Калі падводзілі газ, парушылі ліўнёўку. Цяпер вось два дні „Кратом“ прамывалі — не змаглі прамыць. Вада не ідзе на поўную сілу. Дзе вуліца Савецкая — уся вада сюды цячэ».

Камунальнікі вырашылі пракласьці па завулку яшчэ адну ліўнёвую трубу. Пачалі нават рыць траншэю, але трубаў патрэбнага дыямэтру на паўтары сотні мэтраў не знайшлося. Іх замовілі і цяпер чакаюць. А вада з кожным пагодным красавіцкім днём толькі прыбывае.

Ужо знаёмая нам пэнсіянэрка Ніна апавяла, што прыватным дамам мясцовых чыноўнікаў у іхнім «царскім сяле» ніякая паводка не пагражае. Яны абараніліся ад вады. І з газыфікацыяй няблага пастараліся:

«Яны паставілі там гэткія штуковіны, што зьбіраюць ваду. Калектары, здаецца. І ўсё — іх ня топіць. Яны загадзя газ падвялі за 500 тысяч рублёў. А нам — за 17 мільёнаў газ. Уяўляеце? Плаці 17 мільёнаў».
Падворак на вуліцы Лермантава

Падворак на вуліцы Лермантава

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG