Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчаму Аліхверу падабаліся амэрыканскія законы


На матэрыял пра былога гарадзенскага сьледчага ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Мікалая Аліхвера, які цяпер знаходзіцца ў ЗША, адгукнуўся наш слухач, прадпрымальнік Сяргей Сурба. Ягоную справу гэты сьледчы вёў адначасова са справай палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, паведаміў спадар Сурба.

Карэспандэнт: «Справа прадпрымальніка Аўтуховіча была „гаспадарчай“, датычыла, у прыватнасьці, найманьня ім працаўнікоў. Змаганьне за свой бізнэс з падаткоўцамі ён праводзіў у гаспадарчым судзе, але потым супраць яго распачалі крымінальную справу. А ў чым была сутнасьць вашай справы?»

Сурба: «Мая справа была такая: падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну Горадні склала акт аб маёй быццам бы незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Аліхвер узбудзіў крымінальную справу ўвосень 2005 году паводле артыкулаў 216 і 232. У адным гаворыцца аб найманьні людзей без аплаты пэўных працэнтаў, у другім — аб дзейнасьці безь ліцэнзіі. Калі быў ператрус у кватэры, забралі дакумэнты аб здачы ў арэнду мною электраабсталяваньня людзям, якія выконвалі працы па рамонце. Улетку 2006-га адбыўся суд, мяне прыгаварылі да году хіміі. Калі на маю скаргу прыйшоў пратэст зь Вярхоўнага суду, быў адменены 216 артыкул. Затым быў адменены 232 артыкул — гэта азначала, што я быў апраўданы. Але судзьдзя, якая пераглядала справу, пастанавіла: лічыць асуджаным па 216-м артыкуле…»

Карэспандэнт: «Як вы даведаліся, што Аліхвер больш не працуе сьледчым?»

Сурба: «Пазьней, пасьля году „хіміі“, я зьвярнуўся ва УДФР, каб знайсьці дакумэнты, якія былі ў мяне адабраныя, але ніяк не агучаныя ў судзе. І высьветлілася, што яны зьніклі. У тым ліку і дамова аб здачы ў арэнду абсталяваньня. Было распачата ўнутранае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Аліхвера наконт зьнікненьня дакумэнтаў. І літаральна праз два тыдні ён звальняецца і зьяжджае ў Амэрыку».
Мне запомнілася тое, што ён прыгнечвае чалавека, „плюшчыць“ яго

Карэспандэнт: «Што запомнілася з таго часу пра кантакты з Аліхверам?»

Сурба: «Мне запомнілася тое, што ён прыгнечвае чалавека, „плюшчыць“ яго. Калі я зьвярнуўся да адваката, яна сказала: раз-два — і мы гэтую справу развалім, няма доказаў. Але калі яна схадзіла ва УДФР безь мяне, то была разгубленая, сказала: мы нічога ня зможам зрабіць… У гэты час якраз зьнік Аўтуховіч (8 лютага 2006 г. — карэспандэнт). Каля кабінэту Аліхвера была абвестка: Аўтуховіч зьбег і вышукваецца. І калі Аўтуховіча „злапалі“, ён быў такі шчасьлівы».

Карэспандэнт: «Якой была атмасфэра допытаў?»

Сурба: «Па-першае, ён заўсёды быў у кабінэце зь іншымі сьледчымі. Яны між сабою размаўлялі пра тое, што ў нас надта ляяльныя законы. Вось нам бы тыя законы, што ў Амэрыцы, вось тады б ты ўсё падпісаў, што трэба. Мне было вельмі цяжка маральна, я быў прыгнечаны страшэнна. Аліхвер звычайна быў у міліцэйскай форме… Шкада, што Аўтуховіч да гэтай пары сядзіць, а гэты чалавек піша, што ён надта шчасьлівы ў Амэрыцы».

Сьледчы Мікалай Аліхвер звольніўся з упраўленьня УДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю па Гарадзенскай вобласьці і эміграваў у ЗША.

Мікалай Аўтуховіч быў зьняволены ў 2006 годзе на тры з паловай гады з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. У 2009 годзе быў зьняволены зноў агулам на пяць гадоў і два месяцы. Асноўны артыкул — 295, частка 3: «Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Цяпер Аўтуховіч у Гарадзенскай турме № 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG