Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў «Газпрому» будаваць празь Беларусь газаправод Ямал-Эўропа-2 для паставак газу ў Польшчу, Славаччыну і Вугоршчыну.

Раней, у зьвязку з будаўніцтвам газаправодаў «Паўночная плынь» і «Паўднёвая плынь», якія будуць завершаныя ў 2017 годзе, Расея была адмовілася ад праекту «Ямал-Эўропа-2».

«Па «Паўднёвай плыні» мы ўжо фактычна пачалі работы, і я прасіў бы вярнуцца да праекту «Ямал-Эўропа-2», — сказаў Уладзімер Пуцін на сустрэчы з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам.

Паводле Пуціна, гэта павысіць надзейнасьць газазабесьпячэньня эўрапейскіх краін.

Аляксей Мілер паведаміў, што «Газпром» ужо прапрацоўвае магчымасьць будаўніцтва газаправоду праз тэрыторыю Беларусі. Папярэднія перамовы паказваюць эфэктыўнасьць гэтага праекту, які можа быць ажыцьцёўлены ў 2018–2019 гадах, паведамляе БЕЛТА. Паводле Мілера, «транзыт праз тэрыторыю Беларусі па трубаправодзе „Ямал-Эўропа-1“ зьяўляецца самым эканамічна эфэктыўным».

Кіраўнік «Газпрома» дадаў, што рэалізацыя праекту «Ямал-Эўропа-2» здыме ўсе трывогі польскага боку і павысіць надзейнасьць забесьпячэньня газам Вугоршчыны і Славаччыны. «Гэта будзе стопрацэнтная надзейнасьць», — адзначыў Аляксей Мілер.

Раней Аляксандар Лукашэнка абяцаў на пяць гадоў вызваліць ад падаткаў транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі, калі Расея пракладзе празь Беларусь газаправод «Ямал-Эўропа».

У сьнежні 2012 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што другая галіна газаправоду «Ямал-Эўропа» можа быць пракладзеная празь Беларусь.

«Мы зь Мілерам абмяркоўвалі праблему. Ён мне сам сказаў, што яны пачалі думаць пра тое, што ўся інфраструктура ёсьць, пампавальныя станцыі пабудаваныя — усё, толькі трубу пракласьці: „Мы думаем пра тое, каб пабудаваць, сёньня вядзем размову з Польшчай, краінамі Балтыі, іншымі, мы зможам забясьпечыць іх дадаткова прыродным газам“», — сказаў Лукашэнка.

Раней Лукашэнка крытыкаваў кіраўніцтва Расеі за тое, што яно адмовілася ад гэтага газаправоду і распачало іншы «дурацкі, глупы праект», што яно «пахерыла ўсё, што было створана для другой ніткі на сотні мільёнаў даляраў».

Пуцін вярнуўся да гэтага праекту пасьля таго, як Лукашэнка прадаў «Газпрому» 100% акцыяў «Белтрансгаза».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG