Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якраз напярэдадні «дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі» НІСЭПД апублікаваў вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў — за сакавік. Ужо шмат гадоў геапалітычная арыентацыя беларускіх грамадзян мяняецца мала. Лічбы вагаюцца ў залежнасьці ад нейкіх гучных падзеяў, але ў цэлым можна казаць, што ў гэтым пытаньні грамадзкія настроі даволі стабільныя. Колькасьць ахвотных інтэгравацца з Расеяй і ЭЗ прыкладна аднолькавая.

Паводле сакавіцкага апытаньня, за далучэньне да ЭЗ выступае 42% беларусаў (у сьнежні было 43%), за інтэграцыю з Расеяй — 37% (было 38%). Як бачна, Эўропа мае невялічкую перавагу.

І гэты расклад вонкава выглядае трохі дзіўна. Бо з Расеяй Беларусь сябруе. Прычым гэты факт сяброўства, падаецца, прызнаецца ня толькі на афіцыйным узроўні. Пакінем убаку дзяжурную прапагандысцкую траскатню дзяржаўных мэдыяў пра братэрскую інтэграцыю. Але большасьць беларусаў добра ведае, што Расея прадае Беларусі нафту і газ па самых нізкіх у Эўропе цэнах. Што Масква рэгулярна выдае крэдыты беларускаму ўраду. Што асноўны рынак збыту беларускіх прадпрыемстваў — гэта Расея. Што менавіта Масква раскрывае над Беларусьсю ваенны і дыпляматычны парасон пры любых канфліктах зь іншымі краінамі. І калі цяперашні рэжым давёў да таго, што заробкі ў Беларусі ўпалі, сталі амаль удвая меншыя, чым у суседніх краінах, то шмат беларусаў знайшлі выратаваньне найперш у Расеі. Менавіта туды скіраваная асноўная плынь працоўнай міграцыі.

А з ЭЗ у Беларусі дыпляматычная і ідэалягічная вайна. Эўропа ўводзіць нейкія санкцыі, загарадзілася візавым рэжымам. Дый у самім Эўразьвязе цяпер бушуе эканамічны шторм. Шэраг краін перажывае вострую фазу крызісу. Найбольш яскравы прыклад — Кіпр. Па ўсёй Эўропе скарачаюцца дзяржаўныя даброты, зразаюцца сацыяльныя выдаткі, што выклікае масавае незадавальненьне тамтэйшага насельніцтва. Здавалася б, якая можа быць інтэграцыя з такой Эўропай?
Цяперашняя ўлада выступае за саюз з Расеяй, а апазыцыя заклікае інтэгравацца ў Эўропу

І яшчэ адзін момант. Калі казаць вельмі спрошчана, то ўлада выступае за саюз з Расеяй, а апазыцыя заклікае інтэгравацца ў Эўропу. А цяперашні рэжым мае прыхільнікаў прыкладна ўдвая больш, чым яго палітычныя праціўнікі. Паводле такой лёгікі, ахвотных аб’яднацца з Расеяй павінна быць таксама ўдвая больш, чым тых, хто хоча ў ЭЗ. Аднак у рэальнасьці такая арытмэтыка не працуе.

У чым прычына гэтых парадоксаў масавай сьвядомасьці? Найперш адзначым тую частку насельніцтва, якая незадаволеная Лукашэнкам. Шмат хто зь іх лічыць, што ў існаваньні дзейнага беларускага рэжыму вінаватая Расея. Менавіта Масква яго ўсяляк падтрымлівае. Можна зрабіць прагноз, што чым больш беларускае насельніцтва будзе нэгатыўна ўспрымаць Лукашэнку, тым большымі будуць антырасейскія настроі.

Зьмянілася пакаленьне. У 1990-х гадах асноўнай рухаючай сілай беларуска-расейскай інтэграцыі была настальгія па СССР. За саюзам з Расеяй людзі бачылі нейкі муляж ці імітацыю рэанімацыі Савецкага Саюзу. Але старое пакаленьне, якое пражыло большую частку жыцьця ў СССР, сыходзіць. А моладзь зусім ня мае такой настальгіі. Таму і інтэграцыйны трэнд аслаб.

Што тычыцца расейскай дапамогі. Справа ў тым, што народы ніколі ня ўдзячныя. Тое, чаго можна патрабаваць ад асобных людзей, часта не распаўсюджваецца на ўвесь соцыюм. Усясьветная гісторыя перапоўненая падобнымі прыкладамі.

Акрамя таго, дзейнічае такая вельмі важная акалічнасьць. Лукашэнку ўдалося навязаць беларусам утрыманскія настроі. Маўляў, Расея — саюзьнік, яна павінна нам дапамагаць. За сам факт саюзьніцтва. За тое, што мы не ўцяклі на Захад. Што абяцаем памерці, але на прапусьціць натаўскія танкі на Маскву. Што згодныя на інтэграцыю ў Эўразійскі зьвяз. Таму беларусы расейскую дапамогу разглядаюць не як ласку, а як абавязак. Як бацькі павінны клапаціцца пра дзяцей.

Эўропа ж — гэта мара аб сытым жыцьці. А сьветлая мара заўсёды лепшая, чым змрочная рэальнасьць.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG