Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антончык пра красавік 1991: «Гэта быў удар у самае сэрца імпэрыі»


Сяргей Антончык, 1991 год

Сяргей Антончык, 1991 год

У гэтыя дні спаўняецца гадавіна славутых страйкаў менскіх рабочых у красавіку 1991-га году, калі на плошчу Леніна перад Домам ураду з палітычнымі і эканамічнымі патрабаваньнямі выйшлі каля сотні тысяч чалавек. Якія ўрокі можна вынесьці з тых падзеяў, які сьлед яны пакінулі ў гісторыі Беларусі? Ці магчымыя сёньня такія масавыя пратэсты? Пра гэта Віталь Цыганкоў гутарыць з адным зь лідэраў рабочага руху пачатку 90-х гадоў, былым дэпутатам Вярхоўнага Савету Сяргеем Антончыкам.

— З вышыні 22 гадоў якія ўрокі можна вынесьці з тых падзеяў? Што гэта было? Ацэнкі тых падзеяў розьняцца дыямэтральна — адны заяўляюць, што гэта быў чыста «каўбасны бунт», што большасьць тых, хто выйшаў на плошчу, дбала толькі пра эканамічныя патрабаваньні. А палітычныя ім падказалі палітыкі? Ці людзей вывела на плошчу жаданьне «людзьмі звацца», патрабаваньне, каб іх пачулі?

— Я лічу, што гэта быў лягічны вынік працэсу разбурэньня савецкай імпэрыі. Цэнтралізаваная ўлада была аслабленая, у яе ўжо не было рэсурсаў на тое, каб купіць ляяльнасьць грамадзян. У Беларусі рабочыя былі самай сацыяльна арганізаванай, магутнай групоўкай. Я ня згодны з тымі, хто кажа, што гэта быў «каўбасны бунт». Гэта быў вынік сацыяльна-эканамічных і палітычных працэсаў, якія адбываюцца, калі разбураецца магутная імпэрыя. Каўбасы на паліцах зьявіліся, але ўлада камуністаў у Беларусі ўжо ніколі не вярнулася. Нават калі параўнаць з Расеяй ці Ўкраінай, дзе камуністычныя партыі дагэтуль граюць істотную ролю ў палітыцы — то ў Беларусі мы пра гэтыя партыі нават і ня чуем. Гэта вынік тых страйкаў.

— Калісьці вы сказалі, што менавіта рабочы рух убіў апошні цьвік у труну СССР. Ці не рамантычнае гэта нейкае перабольшваньне?

— Я і цяпер так лічу. Уся савецкая прапаганда грунтавалася на тым, што камуністычная ўлада — гэта ўлада рабочых і сялян. І калі рабочыя ўзьняліся супраць гэтай улады, гэта быў выбух знутры, удар у самае сэрца імпэрыі. Таму я і кажу, што апошні цьвік быў убіты менавіта беларускімі рабочымі. Улада тады зразумела, што ў іх больш няма на каго абаперціся.
Рабочы страйк у Менску. Плошча Леніна. Красавік 1991 году

Рабочы страйк у Менску. Плошча Леніна. Красавік 1991 году


— Чаму ў Беларусі не адбылося таго, што ажыцьцявілася ў Польшчы ў канцы 80-х — зьвяз рабочага руху і інтэлігенцыі, што прывяло да абраньня прэзыдэнтам Леха Валэнсы? Пасьля даволі кароткага адрэзку ў красавіку 1991-га году фактычна палітычная апазыцыя і рабочы рух у Беларусі пайшлі кожны сваёй дарогай, ці ня так?

— У Польшчы і ў Беларусі былі істотна розныя сытуацыі. Па-першае, і гэта самае галоўнае, Беларусь была ў складзе СССР, не было яшчэ незалежнасьці краіны. Калі б мы зрабілі неразумныя крокі і, напрыклад, паставілі пытаньне пра выхад з Савецкага Саюзу, то наш страйк залілі б крывёю. Бо імпэрскія сілы не далі б магчымасьць ператварыць Беларусь у палігон дэмакратыі.

Вядома, цяпер здаецца, што тады можна было зрабіць больш. Але, паўтаруся, Беларусь была ў складзе СССР, і выйсьці з той пасткі было на той момант немагчыма. Але гэтыя страйкі падрыхтавалі сытуацыю аднаўленьня незалежнасьці Беларусі — і страйк быў палітычным этапам да новай Беларусі. І сёньня я перакананы, і адказваю за свае словы, што калі б мы тады зрабілі нешта больш рэзка — то, магчыма, іншай, горшай была б сытуацыя зь незалежнасьцю Беларусі.
Рабочы страйк на плошчы Леніна. 1991

Рабочы страйк на плошчы Леніна. 1991


— Па-вашаму, ці магчымыя ў нашыя дні такія масавыя пратэсты менавіта рабочых? Можа, за гэтыя гады ролі розных клясаў і сацыяльных групаў у грамадзтве зьмяніліся, і рабочыя даўно ўжо перасталі быць палітычна актыўным клясам? Іх колькасьць кардынальна зьменшылася, да таго ж многія працуюць ужо не на вялікіх заводах. Дык ці магчымыя сёньня масавыя страйкі рабочых?

— Адказваю максымальна канкрэтна. Не, немагчымыя. Як бы мне самому ні хацелася, каб гэта паўтарылася, аднак — немагчыма. Для таго, каб такі сцэнар паўтарыўся, трэба, каб супалі тры чыньнікі. Першае — гэта рэзкае аслабленьне цэнтралізаванай улады. Другое — зацяжны эканамічны крызіс. І трэцяе — немагчымасьць для кіраўніцтва Беларусі атрымліваць замежныя пазыкі. Толькі калі б гэта ўсё супала, можна было б казаць пра імавернасьць паўтору тых падзеяў.

Я ня думаю, што цягам бліжэйшага часу адразу гэтыя ўсе чыньнікі могуць зьмяніцца. Глядзіце, дзе адбываюцца страйкі ў Беларусі — на невялічкіх прадпрыемствах, за межамі Менску, дзе людзі атрымліваюць маленькія заробкі і даведзеныя да адчаю. У сталіцы яшчэ хапае рэсурсаў у рэжыму, каб купляць ляяльнасьць.
Страйк на плошчы Леніна

Страйк на плошчы Леніна



2–3 красавіка 1991 году, пасьля таго як прадукты і тавары падаражэлі ў паўтара-два разы, у Менску пачаўся стыхійны страйк работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі. Рабочыя на прадпрыемствах хутка ўтварылі страйкамы. Сустаршынём усебеларускага страйкаму стаў дэпутат апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня рабочы Сяргей Антончык.

Цяпер Сяргей Антончык ня ўдзельнічае ў актыўным палітычным жыцьці. Ён працуе кіроўцам і грузчыкам у прыватнай фірме.

Ад рэдакцыі: адным з палітычных папрабаваньняў удзельнікаў страйку у красавіку 1991 г. было наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG