Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івацэвічы: п’яны ўчастковы браў прыклад з начальніка


З івацэвіцкай міліцыі зьбіраюцца звольніць участковага, якога злавілі нецьвярозым за рулём. Выпадак шырока абмяркоўваюць у раёне, бо два месяцы таму зь мясцовага РАУС ужо звальнялі падпалкоўніка, які таксама езьдзіў на аўтамабілі нецьвярозым.

У міліцыі Івацэвіцкага раёну чарговы скандал з супрацоўнікам, якога ў канцы сакавіка злавілі нецьвярозым за рулём аўтамабіля. Гэтым разам пад пагрозай звальненьня апынуўся ўчастковы. Крыніца ў Івацэвіцкім раёне паведаміла абставіны парушэньня:

«Ёсьць вёска Рэчкі за Целяханамі. Уладзімер Міхнавец працаваў там участковым. І на 45-м кілямэтры дарогі Івацэвічы — Пінск, на скрыжаваньні, яго на аўтамабілі спыніла група спэцаддзелу ДАІ „Страла“. Разам зь ім у аўтамабілі быў супрацоўнік мясцовага ДАІ Валер Галавач. А Міхнавец аказаўся нападпітку».

Пагаварыць з самім участковым Уладзімерам Міхнаўцом не ўдалося. Дзяжурны РАУС паведаміў, што такі міліцыянт ужо не працуе.

Паводле начальніка Івацэвіцкага РАУС Аляксандра Гука, да звальненьня Міхнаўца яшчэ не дайшло, але пытаньне разглядаецца:

«Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, як і іншыя грамадзяне, мусяць адказваць за правапарушэньні. Таму ён будзе пакараны».

Карэспандэнт: «Будзе ці ўжо пакараны? Бо дзяжурны сказаў, што такі ў райаддзеле ўжо не працуе».

«У вас зьвесткі недакладныя. Ідзе працэдура. Мы ня можам звольніць чалавека ў адзін момант. Так, вырашаецца пытаньне пра яго звальненьне. Адназначна».

Карэспандэнт: «Вы можаце патлумачыць, чаму ў вашым райаддзеле гэта зноў здарылася, што супрацоўнікі нецьвярозымі водзяць аўтамабілі? Раней за гэта быў звольнены намесьнік начальніка РАУС Васіль Быско».

«Я вас ня бачу, а праз тэлефон на такія пытаньні я не адказваю».

У сьнежні мінулага году супрацоўнікі спэцаддзелу ДАІ «Страла» гэтаксама спынілі нецьвярозым за рулём уласнага аўтамабіля першага намесьніка начальніка Івацэвіцкага РАУС Васіля Быско. На пачатку году падпалкоўніка Быско звольнілі зь міліцыі. Чаму гэта не стала папераджальным прыкладам для іншых івацэвіцкіх міліцыянтаў? Станіслаў Халадовіч, які служыў у івацэвіцкай міліцыі на пачатку 2000-х гадоў, мае свой погляд на праблему:

Станіслаў Халадовіч
Станіслаў Халадовіч
«Калі я працаваў, то такога не было, каб трапляліся праз два-тры месяцы зноў нецьвярозыя супрацоўнікі за рулём. Значыць, ёсьць нейкая прычына. А яна ў тым, што няма сапраўднага кантролю. Раней сваё кіраўніцтва выяўляла тых, хто схільны да парушэньня, і такіх звальнялі. А цяпер гэтага няма. У такіх умовах толькі зьнешняя сіла можа наводзіць парадак».

У прэсавай службе МУС адмовіліся паведаміць, колькі летась было звольнена супрацоўнікаў за службовыя ды іншыя парушэньні, у тым ліку тых, хто сеў нападпітку за руль. «Гэта інфармацыя для службовага карыстаньня. Мы такой інфармацыі не даем», — сказаў кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалкевіч.

Паводле назіральнікаў, значная частка спраў, у якіх фігуруюць міліцыянты, да судоў не даходзяць ці праходзіць у закрытым рэжыме. У сакавіку ў Вайсковым судзе Беларусі быў асуджаны на 3,5 года зьняволеньня былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень, якога суд прызнаў вінаватым у службовых злоўжываньнях. Працэс над міліцыянтам праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Грамадзкасьці не паведамілі, у чым канкрэтна выявіліся злоўжываньні высокапастаўленага міліцыянта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG