Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадзей: «Дзяржава не павінна займацца бізнэсам»


Георгі Бадзей
Георгі Бадзей

Савет міністраў пастанавіў прыняць у рэспубліканскую ўласнасьць 118 935 акцыяў ААТ "Прамень". Гэта зроблена ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта.

Раней гэтыя акцыі знаходзіліся ва ўласнасьці ЗАТ "Сівельга" (38 700 акцыяў на 4 млрд 996 млн 170 тыс. рублёў), менскага ААТ "Прамень" – кіраўнічай кампаніі холдынгу "Абутак-Прамень" (10 479 акцыяў на 1 млрд 352 млн 838 тыс. рублёў), сумеснага ЗАТ "Отыка" (69 756 акцыяў на 9 млрд 5 млн 499 тыс. рублёў).

На пазачарговым сходзе акцыянэраў менскага холдынгу "Абутак-Прамень" у сьнежні мінулага году было прынятае рашэньне перадаць дзяржаве 5,4% акцыяў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сябра назіральнай рады ААТ "Прамень", старшыня праўленьня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгі Бадзей.

«На сходзе акцыянэраў акцыянэры прынялі рашэньне бязвыплатна перадаць дзяржаве пакет акцыяў. Што тут камэнтаваць? Цяпер найбуйнейшым акцыянэрам будзе дзяржава. Калі б гэта сілай забралі, то тады гэта можна было б казаць пра нацыяналізацыю. А калі акцыянэры добраахвотна ахвяравалі, адмовіліся, дык якая тут нацыяналізацыя? Відаць, захацелі дапамогі ад дзяржавы? Я галасаваў супраць. Бо ў мяне іншы пункт гледжаньня, іншы мэнталітэт».

Карэспандэнт: «А што, на прадпрыемстве так дрэнна ідуць справы, што трэба прасіць дапамогі ў дзяржавы?»

Бадзей: «Чаму дрэнна? Ня так дрэнна. Але тыя задачы, якія стаяць перад «Промнем», даволі складаныя. Гэта, па сутнасьці, трэба вырашаць пытаньні аб будаўніцтве новага заводу на новай пляцоўцы. Таму, канечне, там даволі шмат праблем. Каб пабудаваць новую вытворчасьць на новым месцы, вядома, трэба шмат чаго».

Карэспандэнт: «Але ж вы былі супраць».

Бадзей: «Я лічыў, што трэба шукаць прыватных інвэстараў, замежных інвэстараў. А дзяржава павінна займацца тым, чым яна павінна займацца. Ня бізнэсам, а заканадаўчай базай, стварэньнем заканадаўства. І ня ўмешвацца і не займацца гаспадарчай дзейнасьцю».

Карэспандэнт: «Але ж у дзяржавы няма грошай, каб інвэставаць».

Бадзей: «Таму дзяржава і прымае бясплатна. Добраахвотныя ахвяраваньні. Акцыянэры дасталі са сваёй кішэні і аддалі».

Бадзей мяркуе, што гэта ня першы прыклад, калі дзяржава забірае прадпрыемства, але, магчыма, першы выпадак, калі акцыянэры самі аддалі акцыі.

Прадстаўнік адміністрацыі ЗАТ «Сівельга» Павал Казлоў сказаў карэспандэнту Свабоды: «Хочам, каб быў парадак. Там, дзе дзяржава, яшчэ больш парадку. Гэта зусім іншае. Якая нацыяналізацыя, калі там дзяржава будзе мець усяго 5%? Нават не блякуючы пакет. Калі ласка, няхай дзяржава бярэ ўдзел. Можа, якую дапамогу акажа».

На пытаньне пра магчымасьць знайсьці добрага інвэстара спадар Казлоў сказаў:

«Калі ласка, прывозьце добрага інвэстара. Мы заўсёды рады інвэстара бачыць, але гэта ўсё ня так проста, як здаецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG