Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для красавіка цяперашняя вышыня сьнежнага покрыва ў Беларусі — зьява рэдкая. І сыноптыкі пакуль ня цешаць спрыяльнымі прагнозамі, маральна рыхтуючы беларусаў да прыходу сапраўднай вясны толькі ў другой дэкадзе месяца.

Тым часам адмыслоўцы падлічваюць эканамічныя страты, выкліканыя зацяжной зімой.

Зацяжныя халады пацягнуць за сабой цэлы шэраг эканамічных наступстваў. Начныя замаразкі і нізкія дзённыя тэмпэратуры адтэрміноўваюць заканчэньне ацяпляльнага сэзону, вымушаючы кацельні працаваць паводле зімовага раскладу. Але найбольш адчувальны ўдар можа адчуць сельская гаспадарка.

Экспэрт у галіне землекарыстаньня, кандыдат сельскагаспадарчых навук Валянцін Яцухна адзначае, што ў спрыяльныя гады тэхніка выходзіла ў поле ў сярэдзіне сакавіка. Сёлета будзе добра, калі пасяўная ў шэрагу рэгіёнаў пачнецца да канца красавіка. У сваю чаргу, спазьненьне зь сяўбой яравых адцягвае пэрыяд вэгетацыі, а гэта азначае, што зьбіраць ураджай давядзецца пазьней:

«Праблема ў тым, што ў нас вэгетацыйны пэрыяд на тэрыторыі Беларусі
на Берасьцейшчыне ў гэты пэрыяд ужо завяршалася пасяўная кампанія. А селёта яна нават не пачыналася
не такі ўжо працяглы — аптымальна дзесьці ад 4 да 6 месяцаў. І калі зацягваецца вясна, вядома, скарачаецца вэгетацыйны пэрыяд, што, у сваю чаргу, адаб’ецца на сельскагаспадарчых працах. Таму зразумела, што ёсьць пэўныя хваляваньні. Перадусім з той прычыны, што адбываецца выпарваньне збожжавых культураў (а гэта вельмі небясьпечна), бо вялікі запас вільгаці, глеба перанасычаная вільгацьцю. Натуральна, усё гэта адмоўна адаб’ецца на сельскагаспадарчых пасевах. І хоць тычыцца гэта ня ўсіх рэгіёнаў, але ў цэлым па Беларусі гэта будзе значным фактарам. Пра што ўжо гавораць і нашы кліматолягі, аграномы, практыкі, якія працуюць на зямлі. Вы ж ведаеце, што на Берасьцейшчыне ў гэты пэрыяд ужо завяршалася пасяўная кампанія. А селёта з прычыны зацяжной зімы яна нават не пачыналася».

Кіраўніцтва Беларусі ўжо каторы год ставіць перад аграрыямі амбітную задачу — сабраць 10 мільёнаў тон збожжа. Аднак выканаць праграму-максымум увесь час нешта замінае. Ці можна ў гэтым зьвязку ўжо цяпер прагназаваць, што рэкорднага ўраджаю ня будзе і гэтым разам? Гаворыць Валянцін Яцухна:

«Вядома, рэкорднага наўрад ці трэба чакаць. Але сёньня агратэхніка на высокім узроўні, таму ў значна сьціслейшыя тэрміны, чым раней, можна апрацаваць глебу, пасеяць, арганізаваць патрэбны дагляд за глебай, за расьлінамі. І гэта таксама фактары, якія зьмякчаюць кліматычныя наступствы. Але праблема, вядома, існуе, гэта факт».

Няпэўная сёлета будучыня і «экзатычнага» земляробства. Пазалетась Інстытут агародніцтва Нацыянальнай акадэміі навук заявіў пра пасьпяховыя выпрабаваньні тэхналёгіі вырошчваньня кавуноў. Маўляў, падставы для іх культывацыі дае агульнае пацяпленьне. Сёлета ў 9 рэгіёнах Гомельскай, Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей пасевы меркавалася давесьці да 100 гектараў пры рэнтабэльнасьці 120%. Але ці ўдасца гэта зрабіць пры такім зьменлівым надвор’і — пад пытаньнем.

Тэндэнцыя на пацяпленьне падштурхнула распачаць асыміляцыю цукровай кукурузы, спаржавай фасолі, розных відаў капусты — пэкінскай, брокалі, кальрабі.

Пераход на выпуск пладова-ягадных вінаў «палепшанай якасьці» даў падставу загаварыць пра нарыхтоўку ў прамысловых маштабах раньніх гатункаў вінаграду. Свае вінаградныя плянтацыі мае Пінскі вінаробчы завод, пад вытворчасьць каньяку выдзелена 10 гектараў у Гомельскім раёне. Летась на Віцебшчыне высаджана 350 лозаў, цяпер застаецца дачакацца, як цеплалюбівая расьліна перазімуе ва ўмовах беларускай поўначы.

Галоўны кліматоляг Беларусі Павал Каўрыга запэўнівае, што ў любым выпадку мы маем справу з апошнімі канвульсіямі зімы, якой засталася ў лепшым выпадку пара тыдняў:

«Гэта несумненна. У цэлым такога кшталту пераходныя пэрыяды характэрныя і для восені, і для вясны. І наш выпадак гэта якраз яскрава дэманструе: у такім вось анамальным выглядзе ідзе барацьба зімы зь вясной — хто каго. Пакуль што перамога за зімовым станам нашых надворных спраў. Але нам нічога іншага не застаецца, як спадзявацца на лепшае, на няўхільны прыход сапраўднай вясны. У дадзеным выпадку, напэўна, найбольш крыўдна дворнікам: так яны чакалі гэтай вясны, некаторыя, мабыць, рыдлёўкі ўжо пахавалі да наступнага сэзону. А тут даводзіцца штодня трымаць іх напагатове».

Паводле беларускіх сыноптыкаў, зіма 2012–2013 гадоў можа пабіць рэкорд назіраньняў. Паўстагодзьдзя таму — у 1963 годзе — кліматычная вясна, калі сярэднесутачная тэмпэратура ўсталёўваецца вышэй за нуль градусаў, надышла 10 красавіка. Паводле папярэдніх прагнозаў, гэтым разам сапраўдная вясна, ня выключана, прыйдзе толькі ў сярэдзіне месяца.
XS
SM
MD
LG