Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць варыянтаў зьнікненьня Ігара Бабкова


 Ян Максімюк і Ігар Бабкоў

Ян Максімюк і Ігар Бабкоў

«У тым, каб прапасьці, не застацца, ёсьць свая асалода» – піша Ігар Бабкоў.
Нагадаем, што беларуская літаратура наогул імкнецца да нечага супрацьлеглага – каб не прапасьці, каб застацца. Каб адгукнуцца, каб узварухнуць, каб павучыць або растлумачыць... А Бабкоў сьцьвярджае: «Нават адзін чытач – гэта замнога». Гэта, безумоўна, мэтафара, якая выказвае пазыцыю адносна ролі літаратуры ў жыцьці аўтара, а не ягонае пэрсанальнае жаданьне не публікавацца. Чаму мае служыць літаратура? «Ёсьць тыя (іх заўсёды абсалютная мяншыня), хто піша, каб зразумець сваё жыцьцё» – кажа Бабкоў, маючы на думцы, ясная рэч, перш за ўсё самога сябе. Пытаньне, ці ёсьць з такога пісаньня карысьць чытачу – для Бабкова другараднае. Гэта, так сказаць, праблема чытача, а ня аўтара. А аўтару, паводле Бабкова, трэба «патануць, згубіцца, пайсьці на дно мовы».

Я хачу ў пяці крайне суб’ектыўных занатоўках прыгадаць кніжкі гэтага загадкавага аўтара, які сам сябе прысудзіў на лёс аднаго з найбольш глыбінных тапельцаў беларускай літаратуры.

1. «Solus Reх»; «Мастацкая літаратура», Мінск, 1992.

Калісьці, у часы нашага варшаўскага студэнцтва, сёньня славуты мастак-жывапісец Лёнік Тарасэвіч прызнаўся мне, што хацеў бы займець шматтомны альбом сусьветнага жывапісу, у якім былі б толькі рэпрадукцыі карцін, без аніякіх подпісаў. То бок, каб можна было сузіраць толькі карціну, ня тлумячы сабе галавы тым, хто яе напісаў, у якім стылі і эпосе, і які ў яе загаловак.

Гэтае пажаданьне мне згадваецца кожны раз, калі перачытваю вершы Ігара Бабкова. Мне тады думаецца пра такую мройную анталёгію беларускай паэзіі, у якой можна было б зьмясьціць жменю ананімных вершаў, накшталт гэтага, які адкрывае першую кнігу Ігара Бабкова:

«За небакраем Эўропы: у акопах заціхла туга
Людзі, нібыта пасьля хляраформу, жывуць-паміраюць
Ціхае літаньне: НЯ СПАЦЬ
Цёмныя, начныя словы на паперы згараюць

Кроплямі маляванага раю сьцякаюць з-пад рук
Існаваць, існаваць
Ісьці тваімі шляхамі, забітая зьнічка Эўропы
Глядзі:
Нібы вечнасьць у шашкі, гуляюць у сьмерць далакопы

За небакраем паэзіі: ноч, ханскі патруль
Далакопы дзеляць вопратку, колькі стагодзьдзяў?
Ах, сьвятая нянавісьць, толькі тут мы дома
Сярод пахаваных магіл і забытых багоў


Канешне, адразу сьвярбіць рука, каб паспрабаваць нешта тут растлумачыць, каб падкласьці нейкія больш канкрэтныя месцы пад гэтыя топасы «за небакраем Эўропы» і «за небакраем паэзіі». Каб прыгадаць, што верш быў напісаў недзе ў другой палове 1980-х, у Менску. Але, насамрэч, навошта? Гэты верш самадастатковы без часавых і геаграфічных каардынатаў. Гэта той выпадак, калі – як любіць пагаворваць сам Бабкоў – мова гаворыць праз аўтара, а не наадварот. Верш ня згубіць ні грама ад свайго пасланьня нават тады, калі яго зьмясьціць у зусім ананімнай беларускай анталёгіі тапельцаў, якім удалося крануцца дна мовы або нечага, што гэтае дно нагадвала.

2. «Герой вайны за празрыстасьць»; «БГАКЦ», Менск, 1998.

Вершы Бабкова вандруюць з адной кніжкі ў іншую. У зборніку « Герой вайны за празрыстасьць», акрамя новых вершаў, напісаных у 1990-я, знойдзем перадрукаваны амаль поўнасьцю папярэдні зборнік, «Solus Rex». Why not? Калі прытрымлівацца меркаваньня, што аўтар насамрэч піша адну кнігу на працягу свайго жыцьця, дык «Герой вайны за празрыстасьць» – другі варыянт такой кнігі, палепшаны, у канструкцыю якой увайшлі элемэнты зь першай кніжнай спробы. Верш «Вільня», зьмешчаны на пачатку зборніка, задае тон гэтай другой спробе. Вільня – гэта для Бабкова не «крывіцкая Мэкка», у мурах якой бушуюць і віраць нацыянальныя стыхіі, а «далёкая халодная краса» японскага зімовага пэйзажу – югэн. І ў кніжцы раз-пораз згадваюцца таксама нейкія далёкія і халодныя кітайцы, напэўна, будысты. Новыя вершы губляюць рэшткі часава-прасторавых каардынатаў, якія яшчэ там-сям прысутнічалі ў зборніку «Solus Reх», і спрабуюць «выйсьці ў прастору, дзе ўжо толькі мова гаворыць». Напрыклад, у такую:

Поўдзень. Сьляпучы змрок
Не працягнуць рукі
З жахам, ня ўбачыць твар
У люстэрку ракі

Там дзе аер, трысьнёг
Морак пустых вачніц
Ды непрытомны бёг
Самазьнішчальных сьпіц


Што гэта – бёг – я і сёньня ня ведаю, але верш мне няблага паклаўся на польскую мову ў анталёгіі «Za niebokresem Europy», якая зьявілася ў Беластоку ў 1998 годзе. Як, дарэчы, і верш «За небакраем Эўропы».

3. «Адам Клакоцкі і ягоныя цені»; «БАС», Менск, 2001.

Новая вокладка кнігі (выданьне 2012 году)

Новая вокладка кнігі (выданьне 2012 году)

Некалі я напісаў, што «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» – гэта па сутнасьці першы постмадэрнісцкі беларускі раман. Ігар Бабкоў недзе пратэставаў, кажучы, што постмадэрністаў ён на нюх не пераносіць, як нейкіх танных штукароў ад літаратуры і інтэлектуальных маргіналаў, якія спрабуюць патрапіць у мэйнстрымавы літаратурны густ нашай мізэрнай эпохі, калі ўжо ўсё – гэта значыць, перш за ўсё літаратура – насамрэч усім да лямпачкі. Праблема тут, здаецца, не ў жанравым вызначэньні гэтай кніжачкі, а ў тым, што яна радыкальна разрывае з жалезнай традыцыяй беларускай прозы, у якой аўтар распавядае нейкую гісторыю ад пачатку да канца (нярэдка зь неглыбока закапанай маральлю) ды выкладвае нам свае больш ці менш суворыя перажываньні і эмоцыі з нагоды гэтай гісторыі. Гэтая традыцыя працягваецца і сёньня ды мае сваіх дабротных і таленавітых пасьлядоўнікаў. Прызнаюся без румянцаў, што час ад часу і я люблю пачытаць Андрэя Федарэнку. А вось у Бабкова гэтага няма, то бок, няма як бы самой гісторыі, а застаюцца адно эмоцыі. І мэтафары. А калі і ёсьць нейкая гісторыя, дык яна крайне фрагмэнтарная і няясная або... запазычаная з архіву ўжо некалі запісаных гісторый (напрыклад, тэкст «Kindberg»). Дый сама цэнтральная мэтафара нашай Гісторыі зь вялікай літары – як архіву сноў, запісаных чалавекам, якому ніякія сны ня сьняцца – непазьбежна вядзе нас да той мэйнстрымавай постмадэрнісцкай ісьціны, паводле якой усё ўжо недзе нехта напісаў, а нам сёньня даводзіцца адно ўзнаўляць і перапісваць ранейшае, ствараючы штораз таўсьцейшы палімпсэст... Мабыць, у гэтым мне ўбачыўся постмадэрнізм у Бабкова...

У гэтай невялічкай па аб’ёму кніжыцы Бабкова (100 старонак) знаходзяцца як мінімум тры тэксты, якія можна без ваганьняў залічваць у ананімную анталёгію найлепшых узораў беларускай прозы: «Матар’ялы да жыцьцяпісу Адама Клакоцкага», «Менская опэра», «Магдачка».

4. «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў»; «Логвінаў», Менск, 2005.

Эсэ Бабкова – у якіх ён спрабуе растлумачыць беларускі лёс не эмоцыямі, а пры дапамозе больш ці менш модных паняткаў з сучаснай культуралёгіі і іншых дысцыплінаў зь ня менш гучнымі назвамі – чытаюцца даволі цяжка. Гавару гэта ня толькі як чытач беларускай вэрсіі «Каралеўства Беларусі», але і перакладчык гэтай кніжкі на пальшчызну. Ну і напакутаваўся я пры гэтым перакладзе. Але пакуты неяк прысохлі і забыліся, калі адзін вугорскі паляніст і літаратурны перакладчык, прачытаўшы мой польскі пераклад гэтага зборніка, назваў яго геніяльным. То бок, эсэ Бабкова ён назваў геніяльнымі, а ня мой пераклад. (Але, зразумела, у такой ацэнцы нейкая частка пахвалы апраменьвае і перакладчыка...)

Эсэ, уключаныя ў гэтую кніжку, пісаліся Ігарам Бабковым на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя мінулага стагодзьдзя і ў такой ці іншай ступені рэфлектавалі сучасныя яму інтэлектуальныя дыскусіі ў беларускай культурнай прасторы. І гэтыя эсэ ніяк не ўстарэлі. Бо мы ўсё яшчэ знаходзімся ў палоне ідэяў і паняткаў, якія сталі хадавымі ў апошняе дзесяцігодзьдзе ХХ стагодзьдзя, а нарадзіліся насамрэч у першым дзесяцігодзьдзі таго стагодзьдзя. Бабкоў у сваёй эсэістыцы спрабаваў ісьці ўперад, у ХХІ стагодзьдзе, і сам ён туды дайшоў, а мы, як здаецца, усё яшчэ не. Мы ўсё яшчэ дзелім «нашых» на тых, якія ў беларускай культуры «за Каліноўскім» (то бок, толькі за беларускамоўнай культурай) і тых, якія «за Мураўёвым» (то бок, адводзяць ролю і расейскай мове ў гэтай культуры). У эсэ «Этыка памежжа: транскультурнасьць як беларускі досьвед» Бабкоў паспрабаваў канцэптуалізаваць гэтую крывава-сур’ёзную беларускую дылему, прапануючы нашую культурную «памежнасьць» прыняць як асноўны топас новай беларускай сьвядомасьці, як прастору, у якой «Адам Міцкевіч – гэта сваё чужое, а Аляксандар Лукашэнка – чужое сваё». Бабкова ніхто «мураўёўцам» не называў, бо, як здаецца, чытаньне ягонага эсэ пра этыку беларускага памежжа аказалася заняткам не пад сілу пераважнай большасьці беларускіх змагароў за нацыянальную монакультурнасьць.

5. «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб: вершы»; «Логвінаў», Мінск, 2009.

У гэтую паэтычную кнігу перабраліся, а як жа іначай, некаторыя вершы з папярэдняй (магчыма, што і большасьць). Дадаліся кароткія рэфлексіі-эпіфаніі пра «жыцьцё словаў» і разважаньні-эпіграмы пра «месца паэзіі». І некалькі сапраўды файных эротыкаў, накшталт:

Тваё салодкае ўлоньне пахне ліпай і мёдам
Яно – сакрэтны пакой, у крэпасьці без абаронцаў

Дзе замест сьценаў – дзёрзкія смочкі грудзей
Лётаюць нібы ластаўкі, разьліваючы слодыч

Дзе толькі мілыя госьці блукаюць па калідорах
Сярод сплеценых целаў, у замкнёнай прасторы

Даўна п’яныя – ад словаў і ад пацалункаў


Дзеля такіх момантаў – як здагадваюся – варта трываць «непрытомную, пустую эпоху» ды паволі зьнікаць, па-бабкоўску:

Сядзець ля вакна, думаць, глядзець на аблокі
Заняцца каліграфіяй, гартаць соньнікі, паліць файку
Быць пустым, цёплым – бяз мэты – недасяжна далёкім
Аднойчы апасьці долу, з восеньскім лісьцем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG