Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Класкоўскай 15 красавіка


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Апошні тыдзень яны з мужам жылі ў адной кватэры — сьцвярджае сябар Вольгі Аляксей Ліцьвінчык, былы сустаршыня Саюзу Беларусаў Швэцыі. Класкоўская была ўзноўленая ва ўсіх правах на меншага сына Адэма.

Радыё Свабода: Што вам вядома пра тое, што адбылося з Вольгай?

Алесь Ліцьвінчык: Сёньня а 17 гадзіне мне патэлефанавала адвакат Вольгі і паведаміла, што Вольга ад выходных знаходзіцца ў жаночай турме Окерсбэрга. Гэта прыгарад Стакгольму. Яна абвінавачваецца ў пакушэньні на забойства свайго мужа. Наступны суд над Вольгай, які будзе вырашаць меру стрыманьня, адбудзецца 15 красавіка.

Заўтра я пайду да яе ў турму і паспрабую прызначыць сустрэчу. Я ўжо тэлефанаваў туды і маю спадзеў, што гэта будзе на гэтым тыдні.

РС: А што ж там адбылося?

Ліцьвінчык: Яе абставіны мне вельмі добра вядомыя. У яе былі вельмі складаныя стасункі з мужам і швэдзкімі ўладамі. Дзіця адабралі, Адэма. Вольга лічыла гэтае рашэньне цалкам несправядлівым і ўсяляк дабівалася, каб дзіця вярнулі назад.

Было вырашана, што ў правах (на дзіця — рэд.) яны з мужам роўныя. Камуна прадмесьця Стакгольму Ханінге на пачатку сакавіка адклікала свае пазовы супраць Вольгі за поўнай недаказанасьцю. Таму нават суду не было.

Але Вольга пры гэтым сустрэч з сынам ня мела. Муж зьмяніў замкі і не пускаў яе ў кватэру. Яна паліцыю выклікала на яго, бо яна яшчэ афіцыйна ягоная жонка і мае права жыць у гэтай кватэры. А ён на яе выклікаў паліцыю.

Але апошняе, што я ведаю, дык гэта тое, што Вольга пайшла на прымірэньне з мужам і яны каля тыдня недзе разам жылі ў гэтай кватэры.

РС: А дзе цяпер Міраслава? (Міраслава — старэйшая дачка Вольгі ад першага шлюбу — рэд.)

Ліцьвінчык: Я маю зь ёю кантакт праз тэлефон. Двойчы размаўлялі сёньня. Яна сказала, што ў яе ўсё ёсьць, усё выдатна, ежа ёсьць. Грошы на тэлефон я ёй паклаў, яна цяпер мае кантакт са сваёй бабуляй у Беларусі. Але ў любы момант яна можа прыйсьці да мяне жыць.

РС: Ці можа бабуля яе забраць у Беларусь?

Ліцьвінчык: Міра нават магла б сама вылецець у самалёце ў Беларусь. Я нават тэлефанаваў у беларускі памежны камітэт, і яны пацьвердзілі, што яна можа ляцець. Я ўпэўнены, што калі бабуля прыедзе, то таксама можна знайсьці выйсьце і ніякіх перашкод, каб яна з бабуляй вылецела, ня будзе. Мы з бабуляй падтрымліваем кантакт таксама.

Швэдзкая паліцыя таксама турбуецца і шукае Міру, бо ёй усё ж усяго 11 гадоў. Але я пацьвярджаю, што зь ёю ўсё добра.

РС: А што зь меньшым хлопчыкам?

Ліцьвінчык: Я нават ня ведаю, дзе бацька пасьля таго, што здарылася. Паводле швэдзкіх законаў, адвакат мне нічога ня змог паведаміць. Нават пра тое, якія былі абставіны гэтага здарэньня. Але муж там такі, што мог інсцэнаваць усё, сам штосьці зрабіць. Я на 90 адсоткаў пэўны — Вольга ні ў чым не вінаватая, і ўсё гэта інсцэнавана.

РС: А што вядома пра мужа?

Ліцьвінчык: Я яго бачыў аднойчы, калі пасьля беларускага сьвята ён яе на машыне забіраў. Па словах Вольгі, гэта страшны чалавек, але я сам ня ведаю. Але дакладна ведаю, што ён яе з малымі дзецьмі выганяў на вуліцу неаднойчы. Ён таксама быў супраць, каб дзіця ў іх нараджалася.

Гёкай Безгін, муж Вольгі Класкоўскай, з сынам Адэмам. Фота: Facebook

Гёкай Безгін, муж Вольгі Класкоўскай, з сынам Адэмам. Фота: Facebook



РС: А чыя гэта кватэра?

Ліцьвінчык: Кватэра належыць мужу. Але Вольга на законных падставах магла там жыць. Але не жыла, бо калі ён прыйшоў з турмы, то памяняў замкі і Вольгу ўжо не пускаў дахаты. Выклікаў паліцыю на яе.

РС: А як ён у турме апынуўся?

Ліцьвінчык: Вольга на яго заявіла ў свой час, што ён зь яе здзекуецца і сыстэматычна зьбівае. І гэта праўда. Вольга ня раз ляжала ў шпіталі. І ў мэдычнай даведцы так і напісана: гематома на галаве ў выніку ўдару, які нанёс муж. Гэта афіцыйная даведка са шпіталю, словы лекара. І Вольга мне шмат разоў скардзілася, што ён яе біў. Больш разоў, чым яна зьвярталася ў паліцыю. Як ён яе толькі піхнуў першы раз, я ёй сказаў: ідзі ў паліцыю ці сыходзь ад яго. Але сэрца жанчыны ж не зразумееш...

РС: Чым гэта ўсё можа скончыцца?

Ліцьвінчык: Праз два тыдні яе найхутчэй дэпартуюць у Беларусь. Швэдзкім уладам гэтая сытуацыя не патрэбная. Але я турбуюся за стан Вольгі. Яе псыхічны стан быў вельмі цяжкі. Нават можа буду прасіць у турме, каб над ёю быў нагляд большы, ці перавялі ў камэру, дзе відэаназіраньне.

30 сакавіка Вольга Класкоўская была арыштаваная па падазрэньні ў замаху на забойства свайго мужа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG