Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс Ланцэт* апублікаваў даклад аб стане сыстэм аховы здароўя ў постсавецкіх краінах — дакладней, у краінах СНД і ў Грузіі.

Сытуацыя ў краінах Балтыі, якія далучыліся да Эўразьвязу, істотна іншая, становішча ў астатніх краінах-рэспубліках былога СССР збольшага падобнае.

Працягласьць жыцьця ў гэтых краінах, падкрэсьліваецца ў дакладзе, рэзка зьнізілася ў 90-я гады і шмат дзе дагэтуль не аднавілася. Дарэчы, як паведамілі днямі прадстаўнікі Белстату, толькі цяпер працягласьць жыцьця ў Беларусі вярнулася на ўзровень 1985 году і склала 72 гады.

Асноўная прычыны сьмяротнасьці ў былых савецкіх рэспубліках — сардэчна-судзіныя захворваньні, сьмяротнасьць ад іх значна большая, чым ў краінах Заходняй Эўропы. Прычыны — небясьпечны ўзровень ужываньня алькаголю і тытуню, рост сацыяльнай няроўнасьці, недахопы сыстэмы мэдычнага абслугоўваньня.

Напрыклад, у Расеі з 10 выпадкаў сьмерці мужчын працаздольнага ўзросту прычынай 6 зьяўляецца празьмернае ўжываньне алькаголю.

Аўтары дакладу адзначаюць, што ў названых краінах недастаткова разьвітая і эфэктыўная сыстэма хуткай мэдычнай дапамогі ў параўнаньні са стацыянарным лячэньнем. Праблемай таксама зьяўляецца нераўнамернасьць даваньня мэдычных паслугаў паводле месца знаходжаньня: сталіцы і буйныя гарады часам перанасычаныя мэдычнымі ўстановамі, у вёсках і малых гарадах назіраецца іх дэфіцыт.


Асноўныя паказьнікі здароўя насельніцтва ў краінах колішняга Савецкага Саюзу

Колькасьць насельніцтва, млн чал. Выдаткі на здароўе аднаго чалавека, даляры ЗША Выдаткі на здароўе (% ад ВУП)
Армэнія 3,3 239 4,4
Азэрбайджан 9,1 579 5,9
Беларусь 9,5 786 5,6
Грузія 4,5 522 10,1
Казахстан 16,3 541 4,3
Кіргізстан 5,4 140 6,2
Малдова 3,6 360 11,7
Расея 141,9 998 5,1
Таджыкістан 6,9 128 6
Туркмэністан 5,0 199 2,5
Украіна 45,7 519 7,7
Узбэкістан 28,2 184 5,8
Эўразьвяз (для параўнаньня) 499,1 3230 9,9

Праблемай, паводле дакладу, зьяўляецца неабходнасьць хабару ў афіцыйна бясплатнай мэдыцыне, у найменшай ступені гэтая праблема ўласьцівая Беларусі.

Беларуская сыстэма аховы здароўя засталася найбольш савецкай з усіх постсавецкіх краінаў. У іншых краінах значна больш разьвітая сыстэма мэдычнага страхаваньня.

Беларусь ня надта вылучаецца сярод іншых постсавецкіх краінаў паводле стану здароўя насельніцтва. Сярэдняя працягласьць жыцьця, выдаткі на ахову здароўя ў Беларусі сярэднія сярод 12 краінаў, а часам і вышэй за сярэднія.

Працягласьць жыцьця ў краінах колішняга СССР

Мужчыны

1990 2000 2009
Армэнія 62 67 66
Азэрбайджан 59 62 66
Беларусь 66 63 64
Грузія 65 68 67
Казахстан 61 58 59
Кіргізстан 61 62 63
Малдова 64 64 65
Расея 63 58 62
Таджыкістан 60 62 66
Туркмэністан 58 59 60
Украіна 65 62 62
Узбэкістан 63 63 66

Жанчыны

1990 2000 2009
Армэнія 70 73 74
Азэрбайджан 66 67 70
Беларусь 75 74 76
Грузія 72 74 75
Казахстан 70 68 70
Кіргізстан 68 69 70
Малдова 71 71 73
Расея 74 72 74
Таджыкістан 65 65 69
Туркмэністан 65 65 67
Украіна 75 73 74
Узбэкістан 69 68 71

Сярод аўтараў дакладу — прадстаўнікі Эўрапейскай абсэрваторыі мэдычнай палітыкі, Эўрапейскага цэнтру дасьледаваньняў аховы здароўя ў пераходных грамадзтвах, Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны, ўнівэрсытэцкага каледжу Лёндану, расейскай Вышэйшай школы эканомікі, расейскага Цэнтру дэмаграфічных дасьледаваньняў і лябараторыі дэмаграфічнай інфармацыі нямецкага Інстытуту дэмаграфічных дасьледаваньняў імя Макса Планка.


*The Lancet — штотыднёвы мэдычны часопіс, адзін з самых вядомых, аўтарытэтных і найстарэйшых у сьвеце. Заснаваны ў 1823 годзе ангельскім хірургам Томам Віклі, які даў назву часопісу ў гонар мэдычнага інструмэнта.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG