Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лук’янаў: Цяпер пра палітычнае аб’яднаньне казаць недарэчна


Якое значэньне мае саюзная дзяржава Беларусі і Расеі? Наколькі актуальныя пляны палітычнага аб’яднаньня дзьвюх краін? Больш ці менш залежнай ад Расеі стала Беларусь за 20 гадоў?

На гэтыя пытаньні адказвае старшыня расейскай Рады зьнешняй і абарончай палітыкі, рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

РС: Інтэгравацца з Расеяй незалежная Беларусь пачала хіба ня з моманту свайго ўтварэньня — сёлета спаўняецца 20 гадоў кебічаўскаму праекту пераходу краіны на расейскі рубель. Фармальна Беларусь і Расея ўваходзяць у склад так званай саюзнай дзяржавы, ёсьць і старшыня яе кіроўнага органу Дзяржсавету — Аляксандар Лукашэнка. Якое значэньне мае гэты праект, гэтае ўтварэньне, гадавіна стварэньня якога прыпадае на сёньняшні дзень?

Лук’янаў: Калі прыгадваць усе пэрыпэтыі плянаў пераходу на адзіную валюту, якія пачаліся з 1993 году, я б сказаў, што Расея і Беларусь прадэманстравалі вельмі мудры падыход, гледзячы на тое, што адбываецца зараз у Эўропе з прычыны адзінай валюты. Шмат у каго ўзьніклі сумневы, ці правільны гэта наагул інтэграцыйны шлях.

Што да саюзнай дзяржавы, то тыя матывы, якія шмат гадоў таму прывялі да стварэньня гэтага аб’яднаньня, шмат у чым страцілі сваё значэньне. Для Расеі пры Ельцыне было важна прадэманстраваць, што СССР пры яго актыўным удзеле распаўся, але гэта не фінал і ўсё наперадзе, пачынаючы зь Беларусі. Для беларускага кіраўніцтва гэта быў спосаб набыць эканамічны лякаматыў, які б цягнуў Беларусь праз цэлы шэраг крызісаў. Але палітычны сэнс праекту зь цягам часу выдыхаўся, бо на жаль ці на шчасьце, да саюзнай дзяржавы ніхто ня ставіўся ўсур’ёз, акрамя толькі самага пачатковага пэрыяду. Спроба прэзыдэнта Пуціна, калі ён прыйшоў да ўлады, фарсіраваць працэс аб’яднаньня, скончылася цалкам заканамерна і натуральна тым, што беларускі бок аказаў ярасны супраціў. І стала зразумела, што з гэтай формы нічога не атрымаецца.
За 20 гадоў людзі прызвычаіліся да сувэрэнітэту, сувэрэнітэт — гэта не такая фармальнасьць, як некаторым здаецца. І я ня памятаю прэцэдэнтаў добраахвотнай адмовы ад яго.

Але калі афіцыйныя асобы кажуць, што саюзная дзяржава праклала шлях да мытнага саюзу, у гэтым ёсьць пэўны сэнс, бо сам факт існаваньня, хай і на паперы, адзінства дзьвюх былых рэспублік спрыяў гэтай новай ідэі. Наколькі яна будзе пасьпяховай — гэта адкрытае пытаньне, але на мой погляд, у адрозьненьне ад папярэдніх інтэграцыйных спробаў, гэта сур’ёзныя высілкі, каб перайсьці ў новую якасьць.

РС: Які лёс плянаў рэальнага палітычнага аб’яднаньня Беларусі і Расеі? Вы ўжо прыгадалі прапанову Пуціна 2002 году — Беларусь уваходзіць у Расейскую Фэдэрацыю шасьцю губэрнямі. Ідэя канстытуцыйнага акту час ад часу ўзьнікае ў парадку дня двухбаковых стасункаў. Напярэдадні сыходу Ельцына гаварылася, што хуценька змайструюць сапраўдную адзіную дзяржаву і Ельцын яго ўзначаліць. Нешта падобнае гаварылася і падчас «паўсыходу» з Крамля Пуціна ў 2008 годзе. Пляны палітычнага аб’яднаньня ўжо неактуальныя? Ці пакуль неактуальныя?

Лук’янаў: На мой погляд, гэтыя пляны сышлі ў мінулае. Наколькі яны былі шчырыя тады — гэта асобнае пытаньне, ці Пуцін сапраўды прапаноўваў Беларусі ўвайсьці ў РФ шасьцю губэрнямі, ці гэта быў ягоны своеасаблівы стыль камунікацыі, можа, гэта было такое пудзіла?

Але цяпер пра палітычнае аб’яднаньне казаць абсалютна недарэчна. Многія былыя рэспублікі СССР, мякка кажучы, не расквітнелі, асабліва ў Цэнтральнай Азіі. Але за 20 гадоў людзі прызвычаіліся да сувэрэнітэту, сувэрэнітэт — гэта не такая фармальнасьць, як некаторым здаецца. Зь якой радасьці адмаўляцца ад яго? Гэта як мінімум велізарная гістарычная адказнасьць. І я ня памятаю прэцэдэнтаў добраахвотнай адмовы ад яго.

Іншая справа, што калі прыгадаць прапанову Пуціна пра 6 губэрняў і ягоную ж заяву таго часу, што эканомікі Расеі і Беларусі суадносяцца, як 97% і 3%, то тут Расея зрабіла сур’ёзны прагрэс з таго часу. У мытным саюзе і ў гіпатэтычным эўразійскім саюзе ніхто ня кажа, што ў Расеі павінна быць 80% галасоў, а ў астатніх — па 10% ці па 3%. Так нічога працаваць ня будзе, на гэта ніхто не пагадзіцца, у якім стане не знаходзілася б краіна-партнэр. У мытным саюзе дзейнічае прынцып роўных правоў. Толькі так можна нешта будаваць.

РС: За 20 гадоў Беларусь стала больш ці менш залежнай ад Расеі?

Лук’янаў: Ступень захавалася, яна толькі крыху розная. Тады гэта было пытаньне выжываньня. Шчыльнасьць сувязяў захавалася. Тады, у часы Кебіча, калі б пераход на расейскі рубель адбыўся, ён бы азначаў вельмі хуткае зьнікненьне Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Зараз, калі нават будуць больш прасунутыя формы эканамічнай інтэграцыі, я мяркую, што Беларусь, як дзяржава, ня зьнікне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG