Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіеў ніколі не прызнáе і не аддасьць гэтыя даўгі»


Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў дачыненьнях з Украінай існуе шэраг нявырашаных пытаньняў, у тым ліку па мяжы і ўкраінскіх даўгах. Як афіцыйны Кіеў глядзіць на праблему ўкраінскіх даўгоў, ці прызнае іх? Чаму за апошнія гады як палітычныя, так і эканамічныя дачыненьні Беларусі і Кіева не паляпшаюцца? На гэтыя пытаньні адказвае журналіст з Кіева Юры Сьвірко.

Цыганкоў: «Мы вельмі сур’ёзна гандлюем з Украінай, але ў нас ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў, у тым ліку па мяжы, а таксама старыя даўгі Ўкраіны перад Беларусьсю», — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Валянцінам Вялічкам. Што за праблемы зь мяжой? І як Кіеў ставіцца да пытаньня вяртаньня даўгоў?"

Сьвірко: «Я асабіста ня бачу ніякіх праблемаў зь беларуска-ўкраінскай мяжой, як, відаць, і большасьць грамадзянаў Украіны. Мяжа ёсьць, памежнікі працуюць, і нічога там не зьмянілася за апошнія гады. Акурат тры гады таму, 2 красавіка 2010 году, Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала дамову аб дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю.

Увогуле для Аляксандра Лукашэнкі „пытаньне ўкраінскай мяжы“ даўно стала нейкім асаблівым. Яшчэ ў траўні 1998 году ён сказаў, што ня будзе ратыфікаваць дамову аб мяжы, калі Кіеў ня верне даўгі. Даўгі Ўкраіна так і не вярнула, бо яна ніколі не прызнавала іх і не прызнала як дзяржаўныя. Афіцыйны Кіеў настойвае, што гэта даўгі асобных прадпрыемстваў, якіх даўно ўжо няма, бо гэта даўгі яшчэ з савецкіх часоў. І ніхто на гэта ўвагі ў Кіеве не зьвяртае.

Раней пытаньне мяжы было важнае для Кіева, бо пры Юшчанку Ўкраіна нібыта зьбіралася ўступаць у НАТО (праўда, само НАТО пра гэта ня ведала). Але цяпер афіцыйны Кіеў такой мэты ня мае, і ніякія межы зь Беларусьсю тут нікога не хвалююць».

Цыганкоў: «Здаецца, у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях нічога не адбываецца апошнія гады. Пра іх ня пішуцца аналітычныя артыкулы, не выказваюцца палітычныя экспэрты. Чаму адносіны не мяняюцца апошнія гады, пасьля прыходу да ўлады Віктара Януковіча?»

Сьвірко: «У беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях зьменаў, сапраўды, асаблівых няма. Варта нагадаць, што ўжо амаль 12 гадоў працуе той самы амбасадар Беларусі ва Ўкраіне, Валянцін Вялічка. І ўвесь гэты час ён спрабуе вырашыць пытаньне даўгоў, якое для Кіева не існуе.

Я паглядзеў свой архіў — колькі гадоў пра гэта пісаў і даваў камэнтары… Ужо зьмяніліся па некалькі разоў прэсавыя сакратары ўкраінскіх урадаў, але камэнтары з боку Кіева застаюцца тыя самыя — «гэта не дзяржаўны доўг Украіны, і ніхто яго на афіцыйным узроўні вяртаць не зьбіраецца».

Цыганкоў: «Няўжо менавіта з-за гэтай дробязі замарожаныя адносіны дзьвюх суседніх дзяржаваў?»

Сьвірко: «Мушу пагадзіцца, што адносіны замарожаныя, сустрэчаў на вышэйшым узроўні даўно не было. Праблема ў тым, што гэта цалкам розныя дзяржавы і эканомікі. Тут шмат алігархаў, і хоць яны падпарадкоўваюцца прэзыдэнту — тут прыватная ўласнасьць.

Напрыклад, тут нядаўна збанкрутавала авіякампанія „Аэрасьвіт“. Усе яе даўно пахавалі, і толькі Беларусь, „Белавія“ спрабуе на дзяржаўным узроўні вярнуць нейкія даўгі гэтага „Аэрасьвіту“ беларускаму аэрапорту „Менск-2“. Але гэта немагчыма ў прынцыпе, паводле ўкраінскага разуменьня. Тое самае працягваецца з даўгамі, якія ніхто ніколі ня будзе вяртаць на дзяржаўным узроўні».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG