Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча, каб мяжа была на замку


Самалёт зь «мядзьведжым дэсантам»

Самалёт зь «мядзьведжым дэсантам»

Аляксандар Лукашэнка незадаволены фактамі беспакаранага перасячэньня дзяржаўнай мяжы і папярэдзіў кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту пра недапушчальнасьць ляяльнага стаўленьня да такіх выпадкаў.

«Мяне турбуе тое, што мы ўжо занадта ляяльныя сёньня на мяжы. Больш за тое, зьяўляюцца выпадкі беспакаранага перасячэньня дзяржаўнай мяжы, і не таму, што мы гэтага ня бачым. Бачым, але вельмі ляяльна да гэтага ставімся. Мяжа павінна быць на замку», — заявіў Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Баечку.

Лукашэнка сказаў, што нядаўна сытуацыя ў памежным ведамстве ўжо абмяркоўвалася.

«Калі ўжо гаварыць шчыра, я не магу сёньня з задавальненьнем адзначыць, што справы там мяняюцца ашаламляльна і рухаюцца ў лепшы бок. Нямала праблем. Я хацеў бы яшчэ раз абмеркаваць сёньня гэтыя праблемы і, калі трэба, прыняць адпаведнае рашэньне.

Хачу папярэдзіць усіх, і асабліва кіраўніка памежнага ведамства: тыя праблемы, па якіх сёньня будуць прынятыя рашэньні, па недахопах службовай дзейнасьці памежнага ведамства, паўтарыцца проста ня могуць», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

4 ліпеня 2012 году з швэдзкага самалёта, які даляцеў да Менску і вярнуўся тым жа шляхам у Літву, былі скінутыя плюшавыя мішкі з плякацікамі ў абарону свабоды слова ў Беларусі.

Пасьля інцыдэнту КДБ затрымаў 20-гадовага студэнта Інстытуту журналістыкі БДУ Антона Сурапіна, які першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў, і Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэраў на кароткі тэрмін і ў якога швэды — удзельнікі акцыі маглі або плянавалі здымаць жыльлё.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG