Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 красавіка: гадавіна страйку менскіх рабочых


Рабочы страйк у Менску. Плошча Леніна. Красавік 1991 году.
Рабочы страйк у Менску. Плошча Леніна. Красавік 1991 году.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У Нацыянальным прэс-цэнтры адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Сусьветнаму дню здароўя. Пачатак а 12.30.

Менск. У клюбе «Графіці» пройдзе прэс-канфэрэнцыя з нагоды ўсталяваньня новых узнагарод ROCK PROFI для беларускіх музыкаў. Пачатак а 15.00.

Менск. У малой залі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Ўладзімера Лапо «Крок у змрок». Пачатак а 17.00.

Менск. У Белдзяржфілярмоніі адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная фэстывалю «Менская вясна». Пачатак а 14.30.

Менск. У Нацыянальным мастацкім музэі адкрываецца першы сэзон Менскага тыдня моды MSK Fashion Week.

Менскі раён. У Музэі беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Раўбічы праводзіцца майстар-кляса ў справе росьпісу велікодных яек, «маляванак». Заняткі будуць весьціся да 3 траўня паводле графіку працы музэю. Пачатак а 12-й гадзіне.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1783 — нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік Вашынгтон Ірвінг. У Беларусі яго творы вядомыя здаўна. Першы пераклад Ірвінга зрабіў Ян Чачот, калі сядзеў у высылцы ў Башкірыі. Пераклад Чачота выйшаў у Вільні ў 1830 годзе.

1922 — Іосіф Сталін быў выбраны генэральным сакратаром Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

1940 — чорная дата ў гісторыі сталінскага СССР і Беларусі. У гэты дзень аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. У адных толькі Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Адзін з палонных, якому дзівам пашчасьціла выжыць — пісьменьнік Юзэф Чапскі, назваў пасьля гэтага сталінскую Расею «бесчалавечнай зямлёй».

Курапаты
Курапаты


1991 — у Менску пачалася двухдзённая забастоўка работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1885 — Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1937 — Іван Антановіч, беларускі палітык і дыплямат, прафэсар філязофіі.

У гэты дзень памерлі:

1973 — Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу.

1980 — Леанід Галяк, юрыст, журналіст, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2003 — Алег Табола, удзельнік маладзёвага антысавецкага падпольля ў Глыбокім, вязень ГУЛАГу.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Аднойчы на ўроку гісторыі Алег зь сябрамі запытаўся ў настаўніка, чаму беларусы павінны вучыцца на мове іншага народу. „Что здесь непонятно? — ня проста зьдзівіўся, але абурыўся настаўнік. — Зачем ваш белорусский язык, если местное население хорошо понимает по-русски? Ведь и сами белорусы согласны, что их наречие излишне“.

Але згодныя з гэтым былі зусім ня ўсе беларусы. Праз год, ужо ў Глыбоцкай пэдвучэльні, дзе таксама поўным ходам праводзілася русыфікацыя, Алег Табола ўступіў у нелегальны Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Асноўным пунктам яго праграмы была не дэкляратыўная, а рэальная незалежнасьць Беларусі зь дзяржаўнай беларускай моваю, бел-чырвона-белым сьцягам і гербам „Пагоня“. Патрыёты лічылі магчымым выхад рэспублікі з СССР...»

Уладзімер Арлоў пра Алега Таболу, з кнігі «Імёны Свабоды»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG