Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата аднагалосных


Зала пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў
Зала пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў
2 красавіка ў Менску адкрылася веснавая сэсія Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. У парадку дня значылася 13 пытаньняў, але журналісты сумавалі: дыскусій і цікавых абмеркаваньняў, як звычайна, не было. Дэпутаты дружна галасавалі за ўсё, што прапаноўвала прэзыдэнцкая адміністрацыя.

Адкрываючы сэсію, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка паведаміў, што ў парлямэнцкім партфэлі знаходзіцца 70 законапраектаў. Сярод іх асноўнымі зьяўляюцца дакумэнты эканамічнага блёку. Далей сьпікер назваў канкрэтныя законапраекты — аб канцэсіях, інвэстыцыях, дзяржаўным рэгуляваньні гандлю і грамадзкага харчаваньня ды некаторыя іншыя.

Аднак ніводзін са згаданых дакумэнтаў сёньня не разглядаўся. Сёньня на першы плян выйшлі прэзыдэнцкія дэкрэты. Усе іх дэпутаты без усялякіх пярэчаньняў прынялі да ведама. Прытым, што яны ўжо дзейнічалі і без дэпутацкага галасаваньня.

Гэтую сытуацыю народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі тлумачыць так:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі
«Калі ў парлямэнце няма ніводнай фракцыі, значыць, у ім нешта ня так. Я памятаю яшчэ адзін такі парлямэнт, у якім таксама не было ніводнай фракцыі. Гэта — Вярхоўны Савет БССР 11 скліканьня. Я тады ўжо быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР і трапіў на сэсію беларускіх савецкіх дэпутатаў. І мне проста стала страшна. Я зразумеў — гэтыя людзі могуць прыняць любы закон, які ім загадаюць прыняць. І яшчэ — я зразумеў, што ў іх ня толькі няма самастойнасьці, але і няма жаданьня яе мець. Пра што казаць, калі ў камісіі, якая павінна была займацца законапраектамі, не было ніводнага юрыста?

Мне здаецца, што цяпер мы маем гэтую рэінкарнацыю таго парлямэнту, які парлямэнтам фактычна ня быў. І ў гэтым бяда ўсіх беларусаў, паколькі яны цяпер ня могуць праз парлямэнт адстойваць свае інтарэсы».

«Цяперашнім дэпутатам толькі падаецца, што яны пры ўладзе. Насамрэч гэта ня так», — упэўненая дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Алена Скрыган:
Такога органу ўлады як парлямэнт у Беларусі фактычна не існуе

«Ад таго, што яны там як быццам нешта рашаюць, нічога не залежыць. За іх усё ўжо вырашылі прэзыдэнцкія структуры. Таму і паседжаньні Палаты прадстаўнікоў праходзяць так фармальна. І разгляд пытаньняў там фармальны, і галасаваньне фармальнае. Што казаць, калі нават бюджэт краіны прымаецца за лічаныя хвіліны — без паправак, без сур’ёзных прапаноў.Таму гэта азначае, што такога органу ўлады як парлямэнт у Беларусі фактычна не існуе».

Алена Скрыган параўноўвае працу цяперашніх дэпутатаў з сакавіцкім сходам дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня:

«Мне наш сход нагадаў лепшыя часы нашай працы, калі мы яе толькі пачыналі, калі верылі, што можна зрабіць нешта карыснае для людзей і што ў нас наперадзе ёсьць час, каб гэта зрабіць. І як мы рыхтаваліся да разгляду пытаньняў, як сядзелі вечарамі, як зьбіраліся па фракцыях, як усё абмяркоўвалі. Вось гэтыя лепшыя часы нашага жыцьця і нагадала мне нядаўняя дэпутацкая сустрэча».

Найбольшую цікавасьць у дэпутатаў выклікалі зьмены ў законы аб гарантыях дзяржслужачым і вайскоўцам. Гэтыя папраўкі скіраваныя на скарачэньне колькасьці дзяржаўных службоўцаў. І калі раней пры скарачэньнях дзяржслужачыя мелі пэўныя перавагі, то цяпер робіцца спроба зраўняць іх зь іншымі катэгорыямі працоўных.

У законапраекце, якія сёньня прынялі ў першым чытаньні, вызначана —дапамога па беспрацоўі дзяржслужачым будзе выдавацца не на 6 месяцаў, а — на 3. Прычым перавага ў яе сумах таксама касуецца: дапамога будзе выплачвацца ў тым памеры, «які прадугледжвае заканадаўства аб працы», вырашана сёньня.

Ну, а Палата прадстаўнікоў згодна з прыкладным графікам працы зьбярэцца цяпер на наступнае пленарнае пасяджэньне толькі праз паўмесяца — 17 красавіка. «Няпыльнае дэпутацкае жыцьцё», — жартавалі журналісты, атрымаўшы гэты графік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG