Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыбунал для прэзыдэнта


Што можа засьцерагчы дыктатараў ад суду? Ці заўсёды гэты суд бывае справядлівым? Што чакае Бакіевых на радзіме — пасьля таго, як іх выдадуць у Кіргізстан?

Што можа засьцерагчы дыктатараў ад суду? Ці заўсёды гэты суд бывае справядлівым? Што чакае Бакіевых на радзіме — пасьля таго, як іх выдадуць у Кіргізстан? Гэтыя тэмы ў перадачы «Свабода бяз гальштукаў» абмяркоўваюць дырэктар кіргізскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева, а таксама Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Фрагмэнт дыскусіі:

Сяргей Навумчык: У Беларусі актывісты апазыцыі патрабуюць суду над Лукашэнкам, зьвязваючы менавіта яго са зьнікненьнямі Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага. Вэнэра, як Вам падаецца -- у пэрспэктыве магчымы такі судовы працэс?

Вэнэра Джуматаева: Мне цяжка меркаваць. Думаю, гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. І суд над Бакіевым, які праходзіў у ягоную адсутнасьць (асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі) -- гэта толькі пачатак працэсу. Таму што ў часы ягонага рэжыму дзесяць самых прыкметных палітыкаў былі забітыя, у тым ліку пяцёра членаў парлямэнту. Дваццаць палітыкаў і журналістаў былі вымушаныя прасіць палітпрытулку ў замежжы. ўсе гэтыя забойствы, і ўсе гэтыя катаваньні і пакуты, арышты незаконныя -- яны яшчэ не дасьледаваныя. Суд па красавіцкіх падзеях яшчэ працягваецца. Усё ж я хачу спадзявацца, што гісторыя расставіць усё на свае месцы.

Сяргей Навумчык: Юры, на Ваш погляд, пры якіх умовах такі суд будзе магчымы, і ці магчымы ён увогуле?

Дракахруст: Я ўжо часткова даў адказ на гэтае пытаньне: ён магчымы, калі апазыцыя атрымае 100-працэнтовую, безумоўную перамогу. Калі другі бок проста будзе разьбіты ўшчэнт, як былі разьбітыя нацысты ў 1945 годзе. Калі гэта будзе інакш, калі пераход будзе вынікам пагадненьня элітаў -- дык я думаю, што спадар Лукашэнка пазьбегне суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG