Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі гандлёвых сетак наракаюць на адміністрацыйны ціск з боку канцэрну «Белдзяржхарчпрам», які прымушае браць на рэалізацыю прадукцыю прадпрыемстваў харчовай галіны.

Перадусім гэта тычыцца нацыяналізаваных летась кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», якія пасьля таго, як быў фактычна выгнаны стратэгічны акцыянэр Марат Новікаў, страцілі разгалінаваную сетку збыту. Сам Новікаў такі фінал называе цалкам лягічным і заяўляе, што тысячы тон пратэрмінаванай прадукцыі могуць пайсьці на корм калгаснай жывёле.

Прадстаўніца адной са сталічных розьнічных сетак пацьвярджае: цягам сакавіка ў канцэрне «Белдзяржхарчпрам» адбылося некалькі нарадаў, на якіх камэрсантам настойліва рэкамэндавалі падключыцца да разгрузкі складоў кандытарскіх фабрык. Аднак рытэйлеры адмаўляюцца браць гатункі, якія ня маюць попыту і могуць заставацца на паліцах, пакуль не сапсуюцца:

«Так, нам наўпрост казалі, што нічога добрага ня будзе, калі мы да гэтага не далучымся. Зь іншага боку, які сэнс нам браць тое, што ня будзе прадавацца? Але ўсё як звычайна — нашы аргумэнты нікога не цікавяць. Чым усё гэта скончыцца — ня ведаю. Магчыма, трэба пачакаць пару дзён, бо ня выключана, што за гэтым стаіць нешта больш істотнае, чаго мы яшчэ да канца не разумеем. Вы ж ведаеце, чым пагражае невыкананьне рэкамэндацыяў дзяржаўных інстанцыяў. Таму сытуацыя вельмі неакрэсьленая: ім трэба прадаць тое, што непатрэбна ні нам, ні пакупнікам».
Ім трэба прадаць тое, што непатрэбна ні нам, ні пакупнікам

Амэрыканскага бізнэсоўца беларускага паходжаньня Марата Новікава з асабістай ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі летась у кастрычніку пазбавілі кантрольнай долі акцыяў на менскай «Камунарцы» і гомельскім «Спартаку». Марат Новікаў сьцьвярджае, што ўжо ў першыя месяцы 2013 году непрададзеныя запасы прадукцыі на прадпрыемствах вылічваліся тысячамі тон:

«Вядома, мы пакінулі вялікі багаж і думалі, што яны на гэтым багажы хоць бы год-два не разваляць прадпрыемствы. Але яны з такой хуткасьцю развальваюцца, што ўжо на пачатак году на кожным было больш за 2000 тон астаткаў прадукцыі. Гэта ўвогуле неймаверна, каб перад Новым годам 1800–2000 тон заставалася нерэалізаванай прадукцыі! У нас па „Камунарцы“ шакалядных цукерак увогуле пад канец году ніколі не хапала, таму і была пастаўленая задача купіць і ўсталяваць адразу дзьве лініі. Гэта як пры Савецкім Саюзе быў блат перад Новым годам, так і ў нас — тэлефанавалі дырэктары гандлёвых сетак, крамаў, прасілі напрамілы бог даць ім цукерак. А ў гэтым годзе на „Камунарцы“ на канец студзеня 1800 тон быў астатак! Гэта невытлумачальна, я нават не магу зразумець, як такое можа адбывацца. Зрэшты, на „Спартаку“ дакладна такая ж гісторыя. Бо прыйшлі некваліфікаваныя людзі, якія паразганялі збыт, парушылі адладжаны мэханізм рэалізацыі».

Марат Новікаў

Марат Новікаў

Марат Новікаў перакананы, што перад новапрызначанымі кіраўнікамі фабрык была пастаўленая задача максымальна дыстанцыявацца ад «дрэннага інвэстара» і наладзіць альтэрнатыўную сыстэму збыту. Калі дагэтуль пастаўкі за акіян ішлі праз амэрыканскую кампанію Новікава «Desly International Co.», то неўзабаве беларускі бок перазаключыў кантракты зь іншай фірмай, якая ня мае практычнага досьведу такой дзейнасьці. Зьведзеныя да мінімуму кантакты з кампаніяй «Белкандытар», якая забясьпечвае беларускай прадукцыяй расейскі рынак:

«Ад нас хочуць пазбавіцца, бо яны ўва ўсім бачаць толькі „нажыву“. Маўляў, Новікаў стварыў „Белкандытар“ у Маскве толькі дзеля таго, каб нажывацца. Не рэалізоўваць цукеркі, а выключна абагачацца. А што атрымліваецца? Рэалізацыя цалкам правальваецца! Калі сярэдняя рэалізацыя да лістапада 2012-га з кожнай фабрыкі складала 80–100 тон на дзень, то цяпер са „Спартака“ штодзень рэалізуецца ўсяго 25–35 тон цукерак. І то палову зь іх яшчэ забірае Масква, „Белкандытар“. То бок настолькі ўпала рэалізацыя, што нават мне не зразумела — чаму? Можа, нейкі псыхалягічны фактар. Але, шчыра кажучы, ніхто гэтым проста не займаецца.
Так, інвэстар зарабляў грошы, ніхто і ня кажа, што ён займаўся дабрачыннасьцю. Але ён зарабляў з розумам, не парушаючы агульны цыкль вытворчасьці

Так, інвэстар зарабляў грошы, ніхто і ня кажа, што ён займаўся дабрачыннасьцю. Але ён зарабляў з розумам, не парушаючы агульны цыкль вытворчасьці, у які ўваходзяць пастаўка, вытворчасьць, збыт. Сёньня з трох зьвёнаў, зь якіх складаецца агульны ланцужок, самы галоўны — збыт —завалены. Яны ў СМІ пішуць, што адмаўляюцца ад „Белкандытара“, адмаўляюцца ад „Desly International“. Мы пражывём бязь іх, а вось яны? Нас тут жа падхапіла Палтаўская фабрыка, адэская фабрыка Карла Маркса, казахстанская Караганда. Хто ад такой машыны, якой ёсьць „Белкандытар“ у Расеі, можа адмаўляцца? Толькі вар’ят. Такі збыт! Я ж кажу: палову ад таго, што сёньня яшчэ рэалізуецца, забірае „Белкандытар“. Якое мае значэньне, што „Белкандытар“ зарабляе? Ён рэалізуе для прадпрыемства!»

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня «Камунаркі» і наступнай кадравай чысткі абвінаваціў амэрыканскага інвэстара ў незаконным акцыянаваньні прадпрыемстваў у сярэдзіне 1990-х і заявіў, што галоўнай мэтай «махляра» і «жуліка» Новікава быў развал галіны. У адказ на гэта Марат Новікаў кажа, што сам час прадэманстраваў, чаго вартыя тыя неабгрунтаваныя «наезды»:

«У чымсьці Аляксандар Рыгоравіч меў рацыю. Якраз у тым, што ў нас была адзіная вытворчая ідэалёгія. Нават дзе мы не прысутнічалі, іншыя кандытары да нас прыслухоўваліся, мы разам ішлі на рынак. Мы цалкам падзялілі асартымэнт тавару, цалкам трымаліся ідэалёгіі працы з гандлем. Цяпер усё парушана, бо кожны працуе сам па сабе. У „Слодычы“ — 1600 тон у астатку печыва. Магу аўтарытэтна заявіць: дзесьці 1000 тон згнояць і выкінуць на сьметнік ці аддадуць на корм скаціне. Удумайцеся — тысячу тон! У лепшым выпадку — пусьцяць на перапрацоўку, і зноў гэтая другасная сыравіна будзе пераўтварацца ў якія-небудзь хлябцы, печыва і г.д. Гэта я агучваю факты.

Заўтра тыя ж цукеркі камунараўскія, якія сохнуць, пойдуць на перапрацоўку. І зноў людзі будуць гаварыць: на „Камунарцы“ дрэнныя цукеркі. А як можна прадаваць дрэнныя вырабы? Вядома, ня будзе попыту, ня будзе рэалізацыі. Тое ж самае адбываецца на „Спартаку“. А як можа быць інакш, калі і адзін, і другі генэральныя мэнэджэры — людзі абсалютна непрафэсійныя? Яны нават ня маюць ніякага дачыненьня да бізнэсу. Але гэтыя людзі першым чынам пачалі ганеньні на былога інвэстара. Што зрабіў інвэстар дрэннага — для прадпрыемства, для людзей, для дзяржавы? Ня краў ён грошы, бо калі б краў, то не было б прыбытку. Гэта дурню нават зразумела».

Прадстаўнікі гандлёвых арганізацый кажуць, што пакуль у дзяржавы няма рэальных рычагоў, каб прымусіць разгружаць затавараныя склады. Але неўзабаве ўсё можа зьмяніцца. Ужо на стадыі завяршэньня праект закону «Аб дзяржаўным рэгуляваньні розьнічнага гандлю і грамадзкага харчаваньня ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з гэтым актам дзяржаўныя структуры будуць мець права фактычна сілком навязваць продажу тое, што ня мае шанцаў прадацца ва ўмовах канкурэнцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG