Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары памежных расейскіх вёсак баяцца беларускіх кантрабандыстаў


Дарога беларускіх кантрабандыстаў

Дарога беларускіх кантрабандыстаў

На Магілёўшчыне, у Горацкім раёне, які мяжуе з Смаленскай вобласьцю Расеі, ёсьць дарогі, якія аблюбавалі беларускія кантрабандысты. І беларуская міліцыя, і расейская паліцыя часьцяком ладзяць там аблавы. Па гэтых дарогах вывозяць, каб выгадна прадаць у Расеі, тое, што ўдалося скрасьці ў Беларусі.

Расейская вёска Шэіна. Да Смаленску — семдзесят кілямэтраў. Да беларускага пасёлку Леніна — які дзясятак. Да бліжэйшай нежылой беларускай вёскі Кравяк — каля двух. Зь беларускага боку наежджанай дарогі няма. Пракладзеныя ў сьнезе каляіны — праца кантрабандыстаў, якія вывозяць зь Беларусі мэталалом і скрадзеную маёмасьць. Так сьцьвярджаюць жыхары Шэіна.
70 кілямэтраў да Смаленску. Апошняя дарожная пазнака на беларускай мяжы

70 кілямэтраў да Смаленску. Апошняя дарожная пазнака на беларускай мяжы


Адзін зь вяскоўцаў пераняў журналіста ля свае хаты. Пра Дзень яднаньня Расеі і Беларусі чуў, кажа, па радыё. Што гэта за дзень — ня ведае. На яго погляд, і ў Беларусі, і ў Расеі людзі жывуць аднолькава незаможна.

Спадар: «У нас проста больш хапуг. Панабраліся і бяруць, і бяруць. Усё пушчана на самацёк. А там, у вас, не даюць. Прысякаюць. У Беларусі не было б парадку…»

Карэспандэнт: «А чаму не было б? Лукашэнку — дзякуй?»
Пасярод Шэйны таксафон. Ля студні на слупе прымацаваны кавалак рэйкі — відаць, на выпадак трывогі, каб склікаць вяскоўцаў

Пасярод Шэйны таксафон. Ля студні на слупе прымацаваны кавалак рэйкі — відаць, на выпадак трывогі, каб склікаць вяскоўцаў


Спадар: «Так! Той парадак трымае. І то не ўтрымае. У Беларусі народ больш нахабны. Там бы ўсё парвалі, разабралі. Яны ў Лукашэнкі з-пад носа скрадуць і прывязуць — прададуць. Гэта жулікі! Вось гэта дарога дазваляе. Цёмная дарога на Смаленск. Яны, беларусы, сюды едуць і вязуць. Усё вывезьлі!»

Карэспандэнт: «Беларусь Расеі ці патрэбная?»

Спадар: «Абавязкова!»

Карэспандэнт: «Дык мы ж жулікі! Беларусы!»

Спадар: «Дык а што вам рабіць? У вас жа ў вёсках галадуюць. Там хлеба ж некаторыя добра недаядаюць. У нас так!»
Вёска Шэіна ў занядбаньні

Вёска Шэіна ў занядбаньні


У Шэіне два дзясяткі сядзіб і дванаццаць жыхароў. Амаль усе хаты занядбаныя. На сяле жывуць пераважна самотныя старыя. Адзіная вуліца завецца Пагранічнаю. Людзей на ёй няма. Вяскоўцы па хатах. Баяцца тых самых кантрабандыстаў. На просьбу пагутарыць з хат чулася аднолькавае:

Спадарыня: «Ня буду я гаварыць нічога. Ідзі з богам».

Карэспандэнт: «Ці можна хаця б адно пытаньне задаць вам?»

Спадарыня: «Ня буду на ніякія адказваць. Ня трэба мне. Ідзіце з богам…»

Карэспандэнт: «А чаму, баіцеся?»

Спадарыня: «Ага. Не хачу».
Адзіная вуліца ў вёсцы завецца «Пограничная»

Адзіная вуліца ў вёсцы завецца «Пограничная»


Пасярод Шэіна таксафон. Ля студні на слупе прымацаваны кавалак рэйкі, відаць, каб склікаць вяскоўцаў на выпадак трывогі. З акна хаты выглядае жанчына. На ківок вітаньня адказвае. Пагаджаецца пагутарыць, але празь дзьверы. На пытаньне, ці разумее яна беларускую гаворку, адказвае — што так. Пра Дзень яднаньня Беларусі і Расеі кажа:

«А што на гэты дзень! Мы зь беларусамі не гаворым. Мы тут жывём. Мы туды ня езьдзім. Што нам тыя беларусы! Яны нас ня знаюць, а мы іх. Па тэлевізару як пакажуць, то паглядзім. Там зарасьцяў такіх няма, як у нас. Там усё чысьценька. А ў нас усё пазарасло».

Карэспандэнт: «Вы ж гаворыце больш па беларуску, чым па-расейску?»

Спадарыня: «Ну, мы ж у горадзе не жылі. Усё жыцьцё ў дзярэўні. Усё жыцьцё на фэрме прарабілі. Таму і гаворым так…»

Карэспандэнт: «Дык вы беларусы ці рускія?»

Спадарыня: «Рускія! Як нарадзіліся, так і запісалі нас, што мы рускія».

Карэспандэнт: «А ці хацелі б вы жыць у Беларусі? Лукашэнка ў нас, кажуць, парадак навёў?»

Спадарыня: «Нам ужо ўсё роўна, што ваш, што наш. Мы на пэнсіі — нам розьніцы няма».
Ля кожнай другой хаты на слупах бусьлянкі

Ля кожнай другой хаты на слупах бусьлянкі


Паводле суразмоўніцы, у Шэіна прывозіць харчы бізнэсоўка з райцэнтру Краснае. Бяз хлеба не сядзім, кажа яна. Пэнсіі хапае. У яе пэнсія — 10 тысяч расейскіх рублёў. З гонарам заяўляе, што ейная пэнсія большая, чым тая, якую атрымліваюць пэнсіянэры ў Беларусі. Кажа, чула па тэлевізары, што ў Беларусі пэнсія ледзьве дацягвае да іхных пяці тысяч.

Ёсьць у Шэіне і сядзіба больш заможная за астатнія. Каля яе прыпаркаваныя трактар, грузавік з фургонам, стары жыгуль. На вільчыку тэлевізійная антэна — «талерка». Пагутарыць з гаспадарамі не ўдалося. Ніхто не адчыніў.
Від на Шэіна з боку Смаленску

Від на Шэіна з боку Смаленску


Дарога ад Шэіна на Смаленск яшчэ захавала прыкметы асфальту. Бязь сьнегу. З узгорку добра праглядаецца сама вёска з асунутымі хатамі і краявід спрэс у балацявінах. За невялікай рачулкай — пагост. Дабрацца да яго ў веснавую адлігу няма як.

Вяртаньне бездарожжам у Беларусь займае каля гадзіны. Зноў глыбокія каляіны з расталым сьнегам.
Від на Шэіна зь беларускага боку

Від на Шэіна зь беларускага боку


Па мастку празь невялікую рачулку праходзіць беларуска-расейская мяжа. Памежных слупоў тут няма. Адразу за мастком — дарога на пасёлак Леніна, пачышчаная ад сьнегу.

Адшукаць людзей у памежнай беларускай вёсцы Кравяк не ўдалося. Праваліўшыся па пояс у сьнег — рызыкаваць, каб прайсьці ў вёску, не наважыўся. Здалёк відаць, што вясковыя хаты разрабаваныя.
Хата ў беларускай нежылой вёсцы Кравяк

Хата ў беларускай нежылой вёсцы Кравяк

Прайсьці да сядзібаў Кравяка няма як — усё завеяна

Прайсьці да сядзібаў Кравяка няма як — усё завеяна


Наступная вёска, Старына, таксама аказалася нежылой. Старына ажывае, калі сыходзіць сьнег. Вяртаюцца ў яе дачнікі. Кантрабандысцкая дарога ў Расею ажыве таксама, калі сыдзе сьнег…
XS
SM
MD
LG