Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швед: Яны нас выпіхваюць, каб астатнія маўчалі


Вячаслаў Швед

Вячаслаў Швед

Прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Вячаслаў Швед выступіў з адкрытым лістом да выкладчыкаў ўнівэрсытэту. Ён заявіў, што лічыць сваё звальненне “палітычным рашэньнем — помстай за выдадзеную кнігу “Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада”.

Рада Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы большасьцю галасоў не зацьвердзіла доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа на пасаду прафэсара. У сакавіку Шведа пазбавілі пасады кіраўніка катэдры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Ягоныя калегі лічаць, што з унівэрсытэту такім чынам звальняюць прагрэсіўных нацыянальна арыентаваных навукоўцаў.

Паводле самога Вячаслава Шведа, праз 2–3 дні павінен зьявіцца загад рэктара пра ягоны далейшы лёс. Хутчэй за ўсё, гэта будзе загад аб звальненьні.

У цэнтры кадравай і прававой работы Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адмовіліся пракамэнтаваць карэспандэнту "Свабоды" сытуацыю зь Вячаславам Швэдам.

Самому ж прафэсару там сказалі, што загад перададзены на подпіс рэктара, і "як толькі ён падпіша, мы вам паведамім зь якога чысла вы звольнены".

Вячаслаў Швед адпрацаваў у Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы звыш 30 гадоў і ня верыць, што большасьць ягоных калегаў-выкладчыкаў маглі прагаласаваць супраць яго зацьвярджэньня. Але, з другога боку, ніхто, паводле яго, не падняўся і не сказаў: што мы робім?

Швед: «Ідзе яўная зачыстка ўнівэрсытэту. На нашым прыкладзе запалохваюць усіх астатніх, каб дасягнуць таго, што тут будзе спакойная багна. Няма чым пахваліцца ў вобласьці, то будуць хваліцца тым, што тут спакой. Яны нас выпіхваюць, каб астатнія маўчалі».

Гісторык Аляксандар Дабрыян, таксама адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства», кажа, што сам пакуль не адчуў ніякага ціску на працы з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту. Незацьвярджэньнем Шведа на пасаду прафэсара ўражаны. Кажа, што цяпер ва ўнівэрсытэце няма спэцыяліста больш дасьведчанага ў гісторыі Горадні, чым Вячаслаў Швед.

Дабрыян: «Я папросту не разумею гэтага, што адбываецца, бо і Швед, і Чарнякевіч — выдатныя выкладчыкі. Тым болей што Швед выдаў столькі кніжак пра Горадню. Я папросту зьдзіўлены, і мне болей няма чаго дадаць. Мяне ўразіла тое, як абышліся са Шведам».

Ігар Кузьмініч

Ігар Кузьмініч

Выкладчык права Гарадзенскага ўнівэрсытэту Ігар Кузьмініч, пратэстуючы супраць незаконнага перасьледу выкладчыкаў за грамадзкія погляды і абмежаваньня права свабодна выказваць свае меркаваньні, нядаўна звольніўся і напісаў адкрыты ліст старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёну Шапіру. Спадар Кузьмініч кажа, што ва ўнівэрсытэце зь вясны 2012 году пануе атмасфэра перасьледу свабоднай думкі, але гэта, паводле яго, не зьвязана з кіраўніцтвам унівэрсытэту.

Кузьмініч: «Я думаю, што гэта працяг ціску на выкладчыкаў унівэрсытэту. І ў недалёкай будучыні мы яшчэ пачуем не адну такую справу. Асабліва гэта будзе зьвязана з часам сканчэньня тэрмінаў кантрактаў. Ня толькі Швед, але і іншыя выкладчыкі, верагодна, будуць звольненыя».

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, які на пачатку 90-х гадоў працаваў першым прарэктарам Гарадзенскага ўнівэрсытэту, уражаны тым, што ніхто зь сябраў Рады ўнівэрсытэту ня ўстаў на абарону свайго калегі, якога ведаюць больш за 30 гадоў. Паводле Краўцэвіча, гэта адзін з паказчыкаў дэградацыі ўсёй сыстэмы адукацыі.

Краўцэвіч: «Гэта зноў жа вынік таго, што ў Беларусі не існуе аўтаномных унівэрсытэтаў: усе назначаюцца, прызначаюцца, і пляваць яны хацелі на ўсе гэтыя галасаваньні, што адбываюцца на катэдрах. Усе людзі паддадзены жорсткаму ідэалягічнаму кантролю, стукачы, КДБ складае сьпісы добранадзейных і нядобранадзейных выкладчыкаў. Галоўнае — не прафэсійны ўзровень, а адданасьць існуючаму рэжыму».

Год таму Вячаслава Шведа ўзнагародзілі мэдалём «За заслугі перад Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэтам імя Янкі Купалы».

Ён аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Горадні, а таксама адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства».

Першапачаткова інфармацыя пра кнігу шырока падавалася ў мясцовых СМІ, ладзіліся прэзэнтацыі. Але празь некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.

Аднаго з аўтараў, дацэнта Андрэя Чарнякевіча, звольнілі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту з фармулёўкаю «за парушэньне працоўнай дысцыпліны». Пазьней старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста загадаў яго звольніць.


Адкрыты ліст Вячаслава Шведа

«Гэтая кніга была напісана па маёй ідэі, я стварыў калектыў аўтараў, кіраваў ім, напісаў больш за палову кнігі, рэдагаваў яе. Кніга была напісаная па просьбе настаўнікаў Горадні, якія працавалі са школьнікамі па факультатыўным курсе „Гродназнаўства“. Курс быў уведзены рашэньнем сэсіі гарсавету па ініцыятыве яго дэпутата Ласьмінскага, які ўхваліў і напісаньне падручніка. Апошні быў выдадзены двума выданьнямі ў Гарадзенскім унівэрсытэце пасьля двухгадовых хаджэньняў у аблвыканкам, які так і не знайшоў грошай на выданьне. Затым толькі было зьдзейсьнена трэцяе выданьне ў Вроцлаве, у друкарні Польскай акадэміі навук. Абвінавачаньні аўтараў у падпольным выданьні, такім чынам, беспадстаўныя. Падкрэсьліваю, што ў Польшчы выдадзена кніга, а не падручнік, у чым таксама абвінавачваюць аўтараў. Мы таксама мелі права выбраць храналягічны пэрыяд гісторыі Горадні, пра які і напісалі тэкст — да 1994 году, што ставяць нам у віну», — піша Вячаслаў Швед.

У канцы сакавіка 2013 году ў спадара Шведа скончыўся кантракт на пасадзе загадчыка катэдры, і яму прапанавалі перайсьці на пасаду прафэсара. Конкурсная камісія аднагалосна рэкамэндавала яго кандыдатуру да ўдзелу ў конкурсе на Радзе ўнівэрсытэту.

«1 красавіка 2013 году на Радзе ўнівэрсытэту адбылося галасаваньне. Вынікі яго (30 — „за“, 41 — „супраць“) відавочна сфальсыфікаваныя. Так галасаваць людзі, якія мяне добра ведаюць, не маглі. Лічу, што ніякіх падстаў для такога выніку не было», — адзначае спадар Швед.

У цэнтры кадравай і прававой работы Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адмовіліся пракамэнтаваць карэспандэнту «Свабоды» сытуацыю зь Вячаславам Шведам.

Самому ж прафэсару Шведу там сказалі, што загад перададзены на подпіс рэктара, і «як толькі ён падпіша, мы вам паведамім, зь якога чысла вы звольненыя».

Пра гэта Свабодзе паведаміў сам спадар Швед, які будзе госьцем вечаровай праграмы нашага эфіру пасьля 20-й гадзіны.
XS
SM
MD
LG